Вы тут

У Цэнтральным раёне сталіцы выбары стануць святам


Не «па накатанай», а з новаўвядзеннямі, якія ўзніклі ў выніку мазгавога штурму, — менавіта так ахарактарызаваў будучую электаральную кампанію кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Ігар БУЗОЎСКІ. Дарэчы, гэты раён Мінска першым укараняе большасць суперсучасных тэхналогій. А спецыяльна да выбараў тут запусцяць некалькі цікавых праектаў.


Іх прэзентацыя прайшла ў форме грамадскага абмеркавання, якое, як паказала практыка, запатрабаванае ў насельніцтва. Як правіла, абмеркаванні прысвечаны пытанням забудовы і дэталёвага планавання, але на гэты раз кіраўніцтва Цэнтральнага раёна вырашыла ўвесці новы фармат. Пасля прэзентацыі прысутныя маглі аддаць свой голас за тры найлепшыя, на іх погляд, ідэі, развіццю якіх у далейшым будзе ўдзяляцца найбольшая ўвага.

Першы праект, створаны ў межах пагаднення з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, атрымаў інтрыгуючае імя «18+». Такая назва была абрана нездарма: 2018 год, 18 лютага, васямнаццацігадовы ўзрост, які дазваляе і зрабіць свой выбар, і быць абраным. Для ўдзелу ў акцыі неабходна толькі запоўніць флаер — яны будуць распаўсюджвацца па ўсім Цэнтральным раёне ў месцах збору людзей. Трэба пазначыць свае кантактныя даныя: поўнае імя, тэлефон і абавязкова нумар участка. Раздаваць і збіраць флаеры будуць прадстаўнікі Лігі маладых выбаршчыкаў.

Студэнты вышэйшых навучальных устаноў на пікетах прапануюць мясцовым жыхарам паўдзельнічаць у акцыі, а таксама выказаць свае пажаданні дэпутатам. Пазнаць валанцёраў можна будзе па белых значках. 18 шчасліўчыкаў з тых, хто запоўніць флаер, чакае прыемны сюрпрыз. Атрымаць яго можна будзе ў дзень выбараў на сваім участку. Раскрываць інтрыгу — што гэта за сюрпрыз — арганізатары не спяшаюцца, але запэўніваюць, што ён будзе карысны кожнаму.

Другім у чарадзе праектаў стане сацыялагічнае апытанне «Запыт да дэпутата». Пытанняў будзе зададзена два: ці ведаюць жыхары, калі пройдуць выбары, і якія праблемы раёна іх хвалююць у большай ступені? Другое пытанне адкрытае, таму адказы могуць быць самыя розныя. Апытанне арганізавана пры падтрымцы Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. Як адзначыў яго дырэктар Давід РОТМАН, каб зрэз меркаванняў быў найбольш аб'ектыўны, удзельнікі апытання будуць адбірацца выпадковым чынам: пачынаючы ад вуліцы і заканчваючы нумарамі кватэр. У вялікіх дамах будуць апытаныя 3-5 чалавек, у маленькіх — 1-2. Адказы апрацуюць з дапамогай спецыяльных праграм, пасля чаго будзе складзены рэйтынг праблем, якія неабходна вырашыць у першую чаргу. Калі ўсё пройдзе паспяхова, то ў дзень галасавання таксама будзе праведзены так званы exіt pool — апытанне на выхадзе з выбарчых участкаў.

Яшчэ адзін праект, які будзе дзейнічаць не толькі ў перыяд агітацыйнай кампаніі, але і далей — «Кветкі Цэнтральнага раёна». Як адзначыў Ігар Бузоўскі, мясцовыя жыхары нярэдка выступаюць з заявамі накшталт: «Дайце мне лапату, і я снег каля дома пачышчу». Задача раёна — арганізаваць тыя самыя пункты «выдачы лапат». Гэта прыклад, які характарызуе сітуацыю ўвогуле. У самім праекце гаворка ідзе аб добраўпарадкаванні экафлоры раёна. Усім выбаршчыкам будзе прапанавана насенне кветак. Для пачатку выбраны аксаміткі, паколькі яны найменш капрызныя ў доглядзе, акрамя таго, расаду для іх высаджваюць менавіта ў лютым. Сумесна з дэпутацкім корпусам жыхары раёна, якія атрымалі насенне, вясной змогуць упрыгожыць яркімі кветкамі свае двары і вуліцы. Праект закліканы падтрымаць ініцыятыву кіраўніка дзяржавы ў частцы навядзення парадку.

Спецыяльна да выбараў студэнты механіка-матэматычнага факультэта БДУ Павел Вацалеў і Антон Філіповіч распрацавалі мабільную праграму «Галасуй у Цэнтральным», ідэйным натхняльнікам якой стаў кіраўнік адміністрацыі раёна. Праграма ўжо даступная для запампоўвання: яна не толькі дае магчымасць даведацца, дзе знаходзіцца ваш участак, але таксама пракладае самы кароткі шлях да яго ад вашага дома.

Праект «Інфармацыйны веснік», які распаўсюджваецца як у друкаваным, так і ў электронным выглядзе, для жыхароў раёна ўжо не навінка. Але да выбараў падрыхтаваны спецыяльны тэматычны выпуск, у якім падрабязна расказваецца пра ўсе праекты. Яго «фішкай» стаў зварот да мясцовых жыхароў ад члена выбарчай камісіі Анатоля Ярмоленкі.

Кульмінацыяй маштабнай падрыхтоўкі стане 18 лютага. На гэты дзень у Цэнтральным раёне запланавана насычаная праграма. Нароўні са звыклымі формамі мерапрыемстваў будуць прадстаўлены і прынцыпова новыя.

Так, напрыклад, кухары вядучых рэстаранаў Цэнтральнага раёна на выбарчых участках будуць праводзіць майстар-класы па прыгатаванні пельменяў і сырнікаў — прадставяць новы погляд на традыцыйныя стравы. А бармены навучаць усіх ахвотных рабіць арыгінальныя кактэйлі і ліманады. Тайскія майстры спа-паслуг раскажуць пра сваю культуру, ароматэрапію, пачастуюць карыснымі чаямі. Прадставяць сябе і аўтадылеры, сярод якіх Hyundaі, Mercedes і Geely. Каля іх стэндаў можна будзе бясплатна прайсці дыягностыку аўтамабіля і атрымаць экспертнае заключэнне, а таксама запісацца на тэст-драйв упадабанага аўтамабіля.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тэст-драйв і кулінарныя майстар-класы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».