Вы тут

Як жанчыны-кіраўнікі спраўляюцца з цяжкасцямі на дарозе


Аўтамабіль — адзін з галоўных памочнікаў для кіраўніка сельсавета. Па працы ім прыходзіцца шмат ездзіць з адной вёскі ў другую, а калі жалезны конь паламаўся — неяк і рамантаваць. Ніхто не хоча захраснуць узімку пасярэдзіне дарогі. На жаль, вырашаць усе праблемы з аўтамабілем прыходзіцца самастойна: або прасіць дапамогі ў знаёмых — суседзяў — сяброў. Мы спыталі ў жанчын-кіраўнікоў, як яны спраўляюцца з цяжкасцямі на дарозе.


Старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Дзятлаўскага раёна Ганна ЖЫХ кіруе «Жыгулямі». «Яе спісваць даўно пара», — гаворыць Ганна. Але грошай на новую пакуль няма, таму прыходзіцца ездзіць на той, што ёсць. Закупляюцца запчасткі на грошы сельвыканкама. Часам муж рамантуе, часам аддаюць у рамонт. Ездзіць старшыня шмат: у сельсавеце 39 населеных пунктаў. А тэрыторыя раскідана: цяперашні сельсавет аб'ядналі з ранейшых трох. Калі ў дарозе здараюцца непаладкі, вядома, складана. Але кіроўцу наймаць нельга. У Дзятлаўскім раёне чатыры жанчыны-старшыні. «Часам стаіш на дарозе і не ведаеш, што здарылася», — расказвае Ганна Жых. Прыходзіцца тэлефанаваць мужу ці ў гаспадарку, хлопцам-механікам. Старшыня гаворыць, што добра было б, каб машыну своечасова мянялі, а не чакалі, пакуль яна аднойчы не пройдзе тэхагляд.

Больш пашанцавала Марыі ПУГАЧОВАЙ, старшыні Даўгалескага сельвыканкама Гомельскага раёна. Яна гаворыць, што праблем з аўто няма, хоць яму ўжо дзесяць год. Калі патрэбен рамонт, аддаюць на «Гомель-Ладу». Такі дагавор пры жаданні можна і з іншымі арганізацыямі заключыць. Грошы з бюджэту сельвыканкама размяркоўваюць на паліва і рамонт.

Наталля ДАЎГАЛАПЦЕВА, старшыня Станькаўскага сельвыканкама Дзяржынскага раёна, сядзіць за рулём «Лады». За станам аўтамабіля сочыць пільна, каб прадухіліць паломку. Але не заўсёды атрымліваецца: якраз за дзень да нашай размовы машыну адвезлі ў рамонт. Аўто таксама амаль юбіляр — хутка дзесяць гадоў будзе. За мяжу сельсавета выязджае рэдка, але нагрузкі хапае: 40 населеных пунктаў. Часта трэба і людзям дапамагчы, напрыклад падвезці адзінокіх у бальніцу. Для рамонту аўто возяць на СТА. Гэта ўжо другая «Лада» ў Наталлі. «Тэхніка такая... Але ездзіць, што самае галоўнае», — гаворыць яна. Аўтамабіль, вядома, трэба мяняць. Ды і прафесійны кіроўца быў бы больш упэўнены на дарозе, лічыць старшыня. Ён зможа і адрамантаваць невялікую паломку, калі трэба.

У Бялыніцкім раёне рамонтам аўто займаецца толькі прыватнік — дзяржаўнай арганізацыі няма. Запольскі сельсавет, якім кіруе Марыя ЛІСТАПАДАВА, другі па плошчы ў раёне і адзін з найбольш вялікіх па адлегласці паміж населенымі пунктамі. Было і такое, што з паломкамі ў дарозе дапамагаў загадчык гаспадаркі мясцовай арганізацыі, часам звярталіся да дырэктара і кіроўцаў, выходзілі на лясніцтва. На пасадзе старшыні працуе вельмі шмат жанчын, кажа Марыя, таму было б добра выдзеліць стаўку механіка ім у дапамогу. Нават каб замяніць кола ці аліву. Трэба, каб гэтай справай займаліся прафесіяналы.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».