Вы тут

Пра лёгкасць быцця і праўду жыцця


З Наталляй мы пазнаёміліся даўно, яшчэ ў мінулым тысячагоддзі. Дагэтуль як сімвал тых бесклапотных маладых часоў успамінаецца яе здымная «хрушчоўка» дзесьці за Кіеўскім скверам, у якой заўжды быў натоўп людзей, віно, гітара, натхнёныя спрэчкі і разумныя размовы пра будучыню краіны і свету ўвогуле. І заўсёды ў цэнтры ўвагі гаспадыня — велікавокая, з пушыстымі хвалістымі валасамі — летуценная дзяўчынка, якую, здавалася, зусім не турбуюць побытавыя пытанні: як ёсць, так і добра.


Яна сапраўды пырхала па жыцці, як лёгкі матылёк. І ўвесь час чымсьці ці кімсьці захаплялася. Загарэлася нейкай ідэяй — скажам, з'ездзіць у якое небяспечнае месца — усе намаганні прыкладала і трапляла-такі. У зону ўзброенага канфлікту, напрыклад, — іх тады і ў Еўропе хапала. Дзеля чаго? Дзеля адрэналіну, як сама казала, дзеля вострых адчуванняў. Каб было што ўспомніць, пра што з прыдыханнем расказваць, каб удзячныя слухачы сядзелі ашаломленыя і ўражаныя. Спадабаўся чалавек — магла гадзінамі гаварыць пра яго, надзяляць самымі найлепшымі якасцямі (здаралася, нават ілгуноў і мярзотнікаў, якія каля тых якасцяў і блізка не стаялі). Карысталіся гэткай яе імпульсіўнасцю ўсе без выключэння прадметы яе захаплення: жанчыны — дзеля якой карыслівай выгады (пазычыць грошай, узяць панасіць сукенку ці пакарыстацца касметыкай і не спяшацца вяртаць), мужчыны... самі разумееце. Наталля іх прыцягвала, бы магніт, і яркай знешнасцю, і гэтай самай сваёй лёгкасцю, якая ні да чога не абавязвала, і закаханай адданасцю, нядоўгай, але такой шчырай і сапраўднай.

Як вынік — шлюб у васямнаццаць (канешне ж, па каханні!), гучны развод праз пару гадоў: муж яе «застукаў» з чарговым прадметам захаплення. І Сонька — дзіця ад таго нядоўгага шлюбу. Ёй ужо было гадоў шэсць, дзяўчынка жыла з маці, падчас шумных застолляў у іхняй аднапакаёвай кватэры яна ціхенька сядзела ў кутку пад таршэрам, нешта сама сабе корпалася, ніяк не звяртала на сябе ўвагу навакольных. Усе да Сонькі былі прывыкшы, як да прадмета інтэр'ера ці да хатняга гадаванца. Зрэдку хтосьці прыносіў ёй які гасцінец, дзяўчынка незадаволена буркала «дзякуй» і працягвала займацца сваімі справамі. «У яе праблемы з камунікатам», — з усмешкай тлумачыла маці, даючы ўсім зразумець, што насамрэч гэта ніякая не праблема. Нават калі Соньцы прыйшоў час ісці ў школу, і ў паліклініцы пры аглядзе настойліва параілі паказаць дзіця псіхатэрапеўту, Наталля не асабліва хвалявалася. «Уяўляеце, яна на тэсце ў псіхолага намалявала людзей з тварамі, зафарбаванымі чорным», — расказвала пасля нават з гонарам ад таго, што ў дачкі такое нетыповае арыгінальнае мысленне...

Як Сонька пайшла ў школу, я ўжо не ведала: выпала з кола зносін Наталлі гэтаксама лёгка і нечакана, як туды трапіла. Аднойчы проста зайшла «на агеньчык» — а дзверы адчынілі ўжо іншыя кватаранты. Мабільнікі тады былі вялікай рэдкасцю, паведаміць аб сваім пераездзе якім іншым спосабам прыяцелька патрэбным не палічыла. Асаблівай скрухі з гэтай нагоды я, прызнацца, не адчувала. Так, яшчэ адзін прыемны эпізод з успамінаў маладосці, якія з цягам часу змяшаліся ва ўяўленні ў нейкую суцэльную карціну, падобную да твораў імпрэсіяністаў: размытыя абрысы і скрозь празрыста-светлыя фарбы...

Таму, калі мы гадоў дзесяць назад сустрэліся ў метро, я Наталлю нават не адразу пазнала. Яна трымала за руку крыху перапалоханага велікавокага хлопчыка гадоў пяці. «Знаёмся: гэта Васька, мой сын», — сказала пасля прывітання нязмушана, нібы не бачыліся мы з ёй нейкія два тыдні. Пакуль ехалі, паспела расказаць мне пра новыя свае захапленні. З бацькам Ваські пажаніліся (канешне, па каханні!), яна паехала з ім кудысьці пад Рагачоў, дзе ў яго быў свой дом. Развяліся амаль адразу пасля нараджэння сына: Наталлю паклікаў за сабой у Маскву мужаў стрыечны брат, які прыехаў у госці. Ваську пакінулі бацьку, але той запіў, давялося кідаць усё, бо ў хлопчыка былі ўсе шанцы трапіць у дзіцячы дом, а ў яе — пазбавіцца бацькоўскіх правоў. Новы мужчына, пакуль яна вырашала пытанні з малым, ужо страціў да яе цікавасць, таму вяртацца не было куды. Паехала ў родны пасёлак, дзе пасля смерці бацькоў засталася невялікая кватэрка ў двухпавярховым доме. Так бы і прападала там у правінцыі, але тут з'явіўся новы кавалер — прадпрымальнік з Мінска, які прывозіў прадаваць да іх цукар і крупы. Ён харошы чалавек, забраў яе з малым у сталіцу, праўда, аказаўся раўнівы і скупаваты. Наталля ад яго сышла, уладкавалася ў страхавое агенцтва («Але гэта ненадоўга, у мяне тут цікавая ідэя, збіраюся адкрыць ІП, — захоплена дзялілася планамі, а вялікія вочы ззялі, як у маладой дзяўчынкі). «Во, дык мы па суседстве жывём. Заходзь, калі што. У нас шмат моладзі збіраецца, весела». «Соньчыны сябры?» — нарэшце ўдалося спытаць пра старэйшую дачку. «Соньчыны? Не, мае. Сонька ў чатырнаццаць гадоў сама бацьку знайшла і да яго жыць папрасілася. Сёлета некуды паступала, але не ведаю, ці паступіла — даўно не званіла. Ну, ты, калі што, заходзь». Усунула мне ў руку візітоўку страхавой фірмы і пашыбавала на прыпынак рашучымі крокамі. Маленькі пануры хлопчык, ад якога за ўвесь час я не пачула ні гуку, подбегам ледзь за ёй паспяваў.

Пазаўчора мы зноў сустрэліся ў метро. Гэтым разам я доўга не пазнавала яе, нават гледзячы ва ўпор. Усе мы не маладзеем, але... Павіталіся, пагаварылі. Коратка і неяк... няёмка, ці што? Вярнулася Наталля ў тую ж бацькоўскую кватэру ў пасёлку. Пакуль не працуе, але збіраецца адкрыць ІП: прыязджала ў Мінск даведацца, якія патрэбны дакументы. Сын, скончыўшы дзевяць класаў, паступіў у каледж, жыве ў інтэрнаце, дамоў прыязджае рэдка. Маці не крыўдзіцца: «Грошай я яму ўсё роўна даць не магу, а што яму тут рабіць?» Сонька выйшла замуж за добрага хлопца, нарадзіла дзяўчынку, ёй ужо два гады. Толькі ні ўнучкі, ні зяця Наталля яшчэ не бачыла і ў найбліжэйшы час наўрад ці ўбачыць. «Ты ж ведаеш маю Соньку. У яе заўжды была праблема камунікату», — сказала, нібы апраўдваючыся.

Я пасля доўга думала: перад кім?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Праблема камунікату

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».