Вы тут

«Зоркі» педагогікі падзяліліся сваім досведам з калегамі


«Цудоўная атмасфера адзінства, мора крэатыву і пазітыву», «Натхняльна, пазітыўна, радасна», «Здзіўлена і зачаравана энтузіязмам, працалюбствам і прафесіяналізмам усіх выступоўцаў», «Радасць і гонар за калег!», «Усё было супер!», «Цікава! Карысна! Актуальна! Хачу яшчэ!» — такія ўражанні пакідалі ў вагонах імправізаванага навагодняга экспрэса ўдзельнікі Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, які прайшоў у сценах Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ўжо сёмы раз.


Свят­ла­на Румянцава: «Усе на­стаў­ні­кі вель­мі лю­бяць на ўро­ку га­ва­рыць са­мі.  Але які пра­цэнт ін­фар­ма­цыі за­тры­ма­ец­ца ў га­ло­вах на­шых дзя­цей?»

Сумна тут не бывае

Да слова, сёння ніхто не можа прыгадаць, як у фестывалю з'явілася прыстаўка «калядны», хоць ён заўсёды праводзіцца падчас зімовых школьных канікул. Проста хтосьці з педагогаў напісаў аднойчы на імправізаванай агароджы: «Дзякуй за выдатны калядны фестываль!» Гэта адна са шматгадовых традыцый — напрыканцы кожнага мерапрыемства яго ўдзельнікі дзеляцца сваімі ўражаннямі і пажаданнямі на падрыхтаванай пляцоўцы, ролю якой выконвае або адмыслова аформленая агароджа, або ялінка, або навагодні экспрэс, як сёлета. Але ўскочыць у «цягнік» змаглі далёка не ўсе. Колькасць ахвотных значна перавышала фізічныя магчымасці аўдыторый у акадэміі — пашчасціла толькі 500-м педагогам. І гэта новы фестывальны рэкорд! Рэгістрацыя на некаторыя секцыі спынілася ўжо праз паўгадзіны з моманту яе адкрыцця. Пры гэтым удзел у калядным фестывалі — абсалютна добраахвотны і ніякіх бонусаў настаўнікам быццам бы не дае. Хоць гэта, канешне, няпраўда: трапіць у асяродак аднадумцаў і неабыякавых людзей дарагога каштуе.

Можна гадамі нічога не змяняць у сваёй практыцы і настальгіраваць па савецкай школе і паслухмяных вучнях, а можна хоць бы ў зоне сваёй адказнасці паспрабаваць змяніць сістэму адукацыі да лепшага, цікавіцца апошнімі адукацыйнымі трэндамі і дзяліцца сваімі прафесійным досведам і знаходкамі з іншымі.

«Лесвіца поспеху»  з пазнавальных заданняў.

Як заўважыла начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана УКЛЕЙКА, усе папярэднія фестывалі былі вельмі розныя: класічныя і рамантычныя, сур'ёзныя і жартоўныя, мадэрнісцкія і постмадэрнісцкія, з педагагічнымі капуснікамі і КВЗ, калі зала літаральна пішчала ад захаплення. Але якія б тэмы і формы ні абіраліся, галоўнае — на фестывалі ніколі не было сумна!

Лейтматывам VІІ Рэспубліканскага каляднага фестывалю стаў дэвіз «Вопыт лепшых — здабытак кожнага». Падчас яго было арганізавана 15 секцый, у рамках якіх за два дні праведзена 113 мерапрыемстваў: прадметных і міжпрадметных майстар-класаў, урокаў для дарослых, інтэрактыўных перапынкаў, педагагічных студый, трэнінгавых заняткаў. Сваім досведам з калегамі падзяліліся 127 найлепшых педагогаў краіны (пераважна настаўнікі-метадысты), якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны краіны. Многія з іх былі на першых фестывалях звычайнымі слухачамі, а сёння ўжо выступаюць у ролі ментараў. Дарэчы, асноўныя арганізатары фестывалю — Асацыяцыя настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне», клуб «Хрустальны журавель» і Беларускае педагагічнае таварыства. А паколькі літаральна некалькі месяцаў таму ў краіне завяршыўся конкурс «Настаўнік года», то да фестывалю далучыліся яго фіналісты і суперфіналісты, якія таксама праводзілі для калег майстар-класы.

Тэматыка заяўленых тэм была на самы розны густ: інтэрактыўныя метады навучання, перакулены клас, бінарныя ўрокі, выкарыстанне інтэрактыўных гульнявых тэхналогій для фарміравання арфаграфічных уменняў, праектныя метады ў навучанні матэматыцы, кантрольна-ацэначная дзейнасць на ўроках, медыяадукацыя, кадравы менеджмент і іншыя. Наведаць усе было немагчыма, таму што мерапрыемствы праходзілі паралельна. Мы завіталі на некалькі з іх.

Інтрыга на ўроку

Пераможца Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства «Настаўнік года — 2017» Святлана РУМЯНЦАВА, якая выкладае беларускую мову і літаратуру ў Баравухскай сярэдняй школе № 15 г. Наваполацка, прысвяціла свой майстар-клас сістэме пазнавальных заданняў.

— Я шукала сродкі, якія дапамогуць мне зрабіць маіх вучняў паспяховымі і ў вучобе, і ў стасунках з іншымі, і ў дарослым жыцці, і для мяне такім сродкам сталі пазнавальныя заданні, — канстатавала педагог. — Яны скіраваны на пошук новых ведаў, актыўнае выкарыстанне ў навучанні сувязяў і доказаў, патрабуюць актывізацыі памяці, увагі, фантазіі, мыслення. Пазнавальныя заданні павінны выкарыстоўвацца сістэмна, з улікам узроўню падрыхтаванасці вучняў, іх узросту, жыццёвага досведу, чаргавацца, утрымліваць элемент навізны, абапірацца на міжпрадметныя сувязі.

Для размінкі настаўнікам было прапанавана пагуляць у «Інтрыгу», а фактычна ў сапсаваны тэлефон. Сакратар інфармуе настаўніка: «Дырэктар школы Іван Пятровіч паехаў у 11 гадзін, не дачакаўшыся вас. Вельмі засмуціўся, што не змог пагутарыць, і папрасіў вам перадаць, што калі ён не вернецца да абеду, а гэта будзе залежаць ад таго, колькі часу ён правядзе на нарадзе ў аддзеле адукацыі, то майстар-клас трэба праводзіць без яго ў 14.30. Дарэчы, на нарадзе абмяркоўваецца пытанне аб пастаўцы новых камп'ютараў, якія нічым не горшыя за імпартныя. Пасля майстар-класа трэба аб'явіць маладым спецыялістам, што яны павінны прайсці інструктаж па запаўненні класнага журнала ў 219-м кабінеце з 9 да 12 гадзін». Натуральна, што апошні з удзельнікаў гэтага выпрабавання, які зайшоў у аўдыторыю, пачуў толькі вельмі аддаленую версію агучанай інфармацыі.

— Па-першае, такое практыкаванне спрыяе развіццю камунікатыўных навыкаў, але разам з тым яно ўказвае на распаўсюджаную прафесійную памылку. Мы ўсе, у тым ліку і я, вельмі любім на ўроку гаварыць самі. Але калі будзем гаварыць толькі мы, то які працэнт інфармацыі затрымаецца ў галовах нашых дзяцей? На сваіх уроках трэба прапаноўваць вучням такія заданні, якія навучаць іх здабываць веды самастойна, бо толькі тыя веды застануцца з імі на ўсё жыццё, якія яны знойдуць самі, — упэўнена Святлана Румянцава. — Але на першым этапе наша задача — стварыць для кожнага вучня сітуацыю поспеху.

Выдатнае заданне, скіраванае на развіццё псіхічных працэсаў, — «Чароўная торбачка». Педагог выкарыстоўвае гэты прыём не толькі для трэніроўкі памяці ў вучняў, але і для папаўнення іх небагатага слоўнікавага запасу. У торбачку настаўнік кладзе дзесяць звычайных прадметаў, якія на беларускай мове гучаць па-іншаму, для прыкладу, каву, нататнік, пашпарт, насоўку, аловак, гузікі, нажніцы, цукеркі, гумку, завушніцы (варыянтаў — безліч). Калі ў вучня атрымаецца аднавіць у памяці ўсе 10 прадметаў, ён можа пахваліцца выдатнай памяццю. 8—9 прадметаў — вельмі добрай памяццю. А вось у тых, хто можа прыгадаць менш як шэсць прадметаў, памяць «кульгае».

Не сакрэт, што ў сучасных вучняў ёсць праблемы з тым, каб падабраць да слова хоць бы некалькі прыметнікаў. А заданне «Упрыгожым слова» скіравана менавіта на развіццё камунікатыўна-маўленчай кампетэнцыі. Удзельнікі фестывалю пад кіраўніцтвам свайго настаўніка падбіралі характарыстыкі да слова «фестываль»: сяброўскі, дзівосны, творчы, ідэйны, непаўторны, вясёлы, інтэрактыўны, інтэлектуальны, цікавы, запатрабаваны і гэтак далей.

Ірына Казачэнка: «Каб падрыхтаваць вэб-квэст, трэба быць вельмі апантаным чалавекам, але вынік таго варты».

У вандроўку... па літаратурным квэсце

Ірына КАЗАЧЭНКА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Лельчыцкай раённай гімназіі, расказала, што ў пошуках спосабаў, як жа зацікавіць вучняў беларускай літаратурай, выйшла на тэхналогію вэб-квэстаў.

— Размова ідзе пра пазнавальную гульню з прыцягненнем інтэрнэт-рэсурсаў. Падчас яе вучні выбіраюць для сябе ролі, прапанаваныя настаўнікам, вывучаюць інфармацыю з інтэрнэт-рэсурсаў (іх пералік рэкамендуе педагог) і такім чынам вырашаюць (індывідуальна ці ў групе) вучэбную задачу. Ад настаўніка патрабуецца распрацаваць сцэнарый вэб-квэсту, падрыхтаваць серыю заданняў для ўсіх яго ўдзельнікаў (пытанняў, на якія трэба знайсці адказ, праблемных сітуацый), вызначыць крытэрыі ацэньвання вынікаў і прадумаць урок, на якім будуць падводзіцца вынікі квэсту, — тлумачыць Ірына Казачэнка. — Але спачатку трэба стварыць інтрыгу, прадумаць легенду, каб дзеці зацікавіліся асобай літаратара.

Вось адзін з прыкладаў такой легенды: «Вялікі сын вялікага народа. Першаадкрывальнік многіх тэматычных пластоў у нацыянальнай літаратуры. Выдатны мастак слова і не менш выдатны гісторык. Фатограф-прафесіянал. Непераўзыдзены жартаўнік, душа многіх і многіх кампаній... Эрудыт, якіх мала ведала і мала зведае зямля Белай Русі. Сапраўдны таварыш, сябра. Народны заступнік. Заступнік нацыі... Усё гэта — пра хлопца з Оршы, з наддняпроўскай кручы...

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

«Навагодні экспрэс» з пажаданнямі фестывалю.

Такія радкі ў пасмяротнай кнізе «Быў. Ёсць. Буду» мог напісаць толькі той, хто свядома распяў сябе, як Ісус Хрыстос, на крыжы ў імя людскога роду. Так і здарылася на самай справе: песняра не прызнавалі ці прызнавалі напалову. З пакутніка-заступніка здзекаваліся за тое, што ён паказваў сапраўдны, драматычны, складаны і разам з тым легендарна-гераічны лёс зямлі пад белымі крыламі. Што выхоўваў у жывых любоў да нацыянальнага, роднага. Што шанаваў і ўздымаў на нечуваную вышыню старонкі забытай гісторыі. Яму не далі пры жыцці званне народнага, а ён стаў амаль самым чытаным, самым дарагім для абсалютнай большасці беларусаў пісьменнікам».

Клас дзеліцца на падарожнікаў, літаратуразнаўцаў і біёграфаў. Заданне для апошніх — скласці прэзентацыю «Радавода Караткевіча», для падарожнікаў — стварыць карту Google і пазначыць на ёй месца нараджэння пісьменніка, мясціны, дзе ён атрымаў адукацыю, даведацца пра сямейную легенду яго роду, сфармуляваць галоўную заслугу перад беларускай літаратурай. Задачы для літаратуразнаўцаў — скласці анталогію выдадзеных ім кніг, даведнік «Сімволіка аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», прыдумаць віктарыну па творчасці Уладзіміра Караткевіча з цытатамі з яго вершаваных і празаічных твораў.

Безумоўна, каб падрыхтаваць вэб-квэст, трэба быць вельмі апантаным чалавекам. Пакрокавы сцэнарый адымае шмат часу, але вынік таго варты: старшыя школьнікі з задавальненнем пагружаюцца ў прапанаваную ім літаратурную гульню і адпаведна ў беларускую літаратуру. Ірына Казачэнка распрацавала ўжо восем літаратурных вэб-квестаў, якія знаходзяцца ў свабодным доступе на сайце: «Без смешнага няма сатыры», «Прамова фактамі», «Дарогамі першадрукароў», «Эпоха Барока», «Беларускаму дудару» і іншыя.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Настаўнікі селі за парты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.

Грамадства

Беларусь можа заняць месца на перспектыўным рынку беспілотнікаў

Беларусь можа заняць месца на перспектыўным рынку беспілотнікаў

Неверагодна, але факт: традыцыйныя крылатыя машыны саступаюць неба беспілотным лятальным апаратам (БЛА).

Культура

Віктар Хурсік: Мы ўсюды заўважаем Беларусь

Віктар Хурсік: Мы ўсюды заўважаем Беларусь

«Vаlе!» — «Бывайце!» — так называецца яго новая кніга, прысвечаная Магдалене Радзівіл.

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.