Вы тут

Капрызы Заходняй Дзвіны


Як паведамлялася, у Віцебску вада з Заходняй Дзвіны выйшла з берагоў. Але асаблівых бед з-за гэтага не здарылася. Падтапіла частку набярэжнай, упрыгожанай гранітнымі плітамі. Паводка ў цэнтры горада зафіксавана ў раёне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Такое назіралася і раней, але не ў снежні—студзені.


Паводле інфармацыі філіяла «Віцебскаблгідрамета», прычын «патопу» некалькі. У прыватнасці, лета было дажджлівае, параўнальна шмат ападкаў выпала і восенню, у пачатку зімы. Напрыклад, толькі ў снежні выпала 1,5 месячнай нормы ападкаў. Зімовыя дажджы цяпер, на жаль, сталі традыцыяй. Плюс растаў снег...

— У апошнія дні снежня павышэнне тэмпературы спрыяла поўнаму ачышчэнню рэк ад лёду. Далейшае пацяпленне прывяло да раставання снегу, што ў сукупнасці з выпадзеннем ападкаў выклікала рост узроўню вады. У асобныя дні інтэнсіўнасць росту ў Віцебску дасягала 56 сантыметраў за суткі. І ў выніку пачалося развіццё зімовай паводкі, пік якой сфарміраваўся 7 студзеня, — паведамілі ў філіяле.

Па стане на 8 студзеня, гідралагічная сітуацыя на рэках вобласці стабілізавалася, адзначаны невялікі спад узроўню вады. У далейшым, пры ўсталяванні надвор'я з паніжэннем тэмпературнага фону і адсутнасцю выпадзення ападкаў чакаецца далейшае падзенне ўзроўню вады. І рака пакрыецца льдом.

Бадай, больш за астатніх пакутуюць з-за капрызаў Заходняй Дзвіны жыхары гарадскога пасёлка Сураж Віцебскага раёна. Там жыве больш за 800 чалавек. Ён знаходзіцца прыблізна за 40 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Да Расіі, як той казаў, рукой падаць. Заходняя Дзвіна падзяляе населены пункт на дзве часткі. У цёплую пару года людзей перавозяць на пароме, а калі ён не выкарыстоўваецца, то на катары з назвай «Тытанік». А па лёдзе арганізуюць спецыяльную пераправу. У сувязі з тым, што паром рамантуюць, а судна, як кажуць рачнікі, на «прыколе», частка «правабярэжных» суражан засталася без «Вялікай зямлі». Калі ехаць у аб'езд, трэба пераадолець мінімум 80 кіламетраў, а гэта каля дзвюх гадзін руху на транспарце...

Як нагадалі ў мясцовым сельвыканкаме, у такіх выпадках выкарыстоўваецца адпрацаваная гадамі сістэма. Напрыклад, вучні, якія не могуць хадзіць у сваю школу, вучацца ў іншай, сельскай. Тым, каму патрэбна медыцынская дапамога, выклікаюць «хуткую». Без прадуктаў людзі таксама не застаюцца, бо ёсць крама. Тутэйшыя жыхары спадзяюцца, што калі-небудзь будзе ўзведзены мост або ўлады знойдуць іншы варыянт, каб надвор'е не так уплывала на жыццё.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?