Вы тут

Як праходзіў адбор на «Еўрабачанне»


У студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі завершылася папярэдняе праслухоўванне прэтэндэнтаў на міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2018", што пройдзе ў маі ў сталіцы Партугаліі. Карэспандэнты "Звязды" праслухалі выступленні беларускіх і замежных артыстаў з першай да апошняй ноты і гатовыя падзяліцца ўражаннямі.


Спачатку крыху матэматыкі: сёлета арганізатары нацыянальнага адбору атрымалі 97 заявак ад выканаўцаў і калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і нават Вялікабрытаніі. Да праслухоўвання былі дапушчаныя 93 з іх, якія адпавядалі рэгламенту конкурсу. 16 удзельнікаў мусілі прыехаць у Мінск з-за мяжы, астатнія – мясцовыя, або інтэрнацыянальныя каманды.

Леташні прыклад гурта "Naviband" натхніў многіх выступіць падобным рамантычным дуэтам – у шэрагах кандыдатаў мы налічылі каля дзясятка пар. А вось з беларускай мовай, на жаль, падобнай адзінадушнасці не назіралася: цалкам або часткова на беларускай мове была заяўлена менш як дзясятая частка ад агульнай колькасці песень.

Яшчэ да пачатку праслухоўвання беларускі адбор страсянула скандальная навіна аб тым, што адзін з канкурсантаў, украінскі поп-спявак Alekseev, можа быць дыскваліфікаваны за парушэнне рэгламенту. (Паводле існуючых правілаў, заяўленыя кампазіцыі не павінны быць камерцыйна рэалізаваны: праз інтэрнет, ТБ, радыё, на канцэртах, апублікаваны на любых носьбітах, а таксама публічна выкананы да 1 верасня 2017 года. Рускамоўны ж варыянт песні Alekseev’а быў выкананы яшчэ ў маі мінулага года). Як падкрэсліла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская, праверка гэтых фактаў вядзецца, аднак да праслухоўвання артыст быў дапушчаны. Сам спявак, які прыехаў на адбор у ліку апошніх, патлумачыў, што канфлікту няма: на канцэртах гучаў толькі ўрывак песні з зусім іншым тэкстам і мелодыяй, "а кампазіцыя, якую мы заявілі на конкурс, упершыню прагучала толькі што ў студыі".

А пакуль адны канкурсанты нерваваліся і распяваліся ў холе, другія вырашылі "адстраляцца" першымі, незалежна ад атрыманых пры рэгістрацыі нумароў, і роўна ў дванаццаць выстраіліся ў даволі стройную чаргу да сцэны.

Першага з канкурсантаў – расійскага заўзятара "Еўрабачання" Дзентумея Лутфуліна – журы на чале з салістам ансамбля "Беларускія песняры" Валерыем Дайнекам выслухала ад пачатку да канца. Астатнім шанцавала каму як: кагосьці спынялі літаральна з першых нот (рэкордам сталі 9 секунд!), іншым давалі магчымасць выканаць некалькі куплетаў і паказаць задуманыя ў нумары "фішкі".

Прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2015" Юзары, які да апошняга лічыўся сярод канкурсантаў, усіх перахітрыў – насамрэч ён выступіў кампазітарам і прадзюсарам ажно трох маладых выканаўцыў. "Я быў на "Еўрабачанні" ў якасці бэк-вакаліста, саліста, аўтара песні, – пералічвае Юрый, – і зразумеў, што апошняе для мяне цікавей за ўсё. Таму цяпер у прадзюсарскім цэнтры Uzari production працую з падапечнымі менавіта ў накірунку "Еўрабачання", каб яны пасрпбавалі спяваць на розных мовах – беларускай, рускай, англійскай, – знайшлі свой стыль і прыходзячы на нацыянальны адбор, адчувалі сябе ўпэўнена".

Вырашыў застацца ў ценю і кампазітар Яўген Алейнік – гурт "Аўра" сёлета заяўку не падаваў, затое парадаваў надзіва прыгожым беларускамоўным шматгалоссем хлапечы квартэт "Adagio", у складзе якога мы заўважылі лаўрэатаў "Славянскага базару" Андрэя Коласава і Дзяніса Вяршэнку, а таксама саліста Вялікага тэатра оперы Аляксандра Гелаха.

– Што прымусіла самастойных моцных выканаўцаў сабрацца ў каманду? – спыталі мы артыстаў пасля выступлення.

– Проста разам мы сіла – так нам сказалі, а мы паверылі, – аджартаваліся хлопцы. – Насамрэч цікава было спалучыць розныя тэмбры і манеры выканання – пагадзіцеся, цікавы эксперымент атрымаўся. Пачнём з "Еўрабачання", а далей будзем "рваць" іншыя конкурсы.

А вось сямейны і творчы дуэт Руслана Свірыдава і Юліі Навамір зрабіў стаўку на музычна-сацыяльны пасыл – іхняя песня прысвечана людзям з абмежаванымі магчымасцямі, а ў кліпе зняўся хлопец, які на сабе ведае, як гэта – быць не такім, як усе. "Мы ведаем, што ад Расіі паедзе Юлія Самойлава, спявачка ў інвалідным крэсле, але не баімся, што яе песня будзе больш эмацыйнай і моцнай – наадварот, гэта здорава, калі артысты з розных краін уздымаюць падобныя праблемы і разам спрабуюць вырашыць іх", – дзяліліся артысты смелымі планамі.

Зрэшты, хапала і тых, хто паставіўся да адбору з гумарам і нават іроніяй. Так, спявачка Жанэт нечакана выканала не звыклую фарматную баладу, а псеўдаоперную "Rhapsody of Evrovision", якая на паверку аказалася жартоўным заклікам прывезці "Еўрабачанне" ў Мінск і здорава разрадзіла нервовую атмасферу ў студыі. "Неблагі замах на гімн для дзіцячага конкурсу, які якраз пройдзе ў Мінску, – заўважыў нехта з калег. – А гэта, дарэчы, добрая ідэя!" – рассмяялася артыстка.

Малады беларускі паэт-авангардыст Віктар Лупасін наогул выйшаў з цалкам здзеклівай кампазіцыяй "Трагічная і павучальная гісторыя пра маладую чайку і маладую качку, у якіх нейкі чалавек стрэліў з дзвюхстволкі". Тут немагчыма ўстрымацца ад цытавання:

"Чайка ляцела, ляцела праз змрок,

Хтосьці націснуў рукою курок,

І болей яна не лятала!".

…Адным з сюрпрызаў сёлетняга нацыянальнага адбору стаў выхад Вольгі Сацюк – спявачкі, якая 15 год таму наогул адкрыла для Беларусі дарогу на "Еўрабачанне" (праўда, тады яшчэ на дзіцячае). У сваім вяртанні на еўрасцежку Вольга нічога дзіўнага не бачыць:

– Я ж нікуды не сыходзіла з прафесіі, увесь гэты час займалася музыкай, а апошнія два гады вяду перадачу, прысвечаную беларускай музыцы. Таму, мне здаецца, цалкам лагічна, што калі з’явілася добрая песня, захацелася яе паказаць шырокай публіцы. Музыка і каханне – гэта рэчы, зразумелыя ў любой краіне і на любой мове. Дарэчы, песня, якую я сёння выконвала, існуе на трох мовах і будзе даступная слухачам на любой з іх.

…За сцэнай, блытаючыся ў доўгіх чорных сукенках, робяць незразумелыя пасы рукамі дзяўчаты. Праз некалькі хвілін становіцца зразумела, што гэта эфектная падтанцоўка з выступлення маладой спявачкі Вілены Давінай, песню для якой напісаў спявак і тэлевядучы Герман. "Мы пазнаёміліся праз інтэрнет – спачатку ўразілі незвычайныя вочы Вілены, а потым ужо зацікавіла ідэя супрацоўніцтва, – расказаў артыст. – І калі атрымалася песня пра тое, як сучаснае чалавецтва разбурае само сябе, я ўжо ведаў, хто будзе выканаўцай".

Не паспелі мы расчаравацца адсутнасцю фрыкаў, як журы давялося выслухаць спачатку спяваючага мядзведзя ў вышыванцы ад гурта "Руны", а потым эпатажную чорна-бела-аранжавую троіцу, дзе мужчыну ў сукенцы суддзі не далі нават даспяваць да канца куплет строгім: "Дзякуй, хопіць". Але найбольш пакрыўдзілася на суддзяў спявачка Ганна Міціна, якую перарвалі праз некалькі фраз. "Гэта ж толькі ўступ! У музыцы трэба разбірацца!" – расстроілася артыстка, і ў закуліссі неўзабаве запахла заспакаяльнымі кроплямі.

Зрэшты, перажывалі, здаецца, усе, незалежна ад сцэнічнага вопыту – і вопытны баец адбораў Анастасія Малашкевіч, і колішні ўдзельнік "Еўрабачання" Егіазар Фарашан, якога спыніла на другім куплеце, і наш прарыў на расійскім "Голасе" Патрысія Курганава, пад чыю  лёгкую і меладычную песню пра каханне – мы бачылі! – прытанцоўвала як мінімум палова журы. Толькі Гюнеш, для якой сёлетні адбор стаў 7-м па ліку, захоўвала алімпійскі спакой і ў перапынку адзінай з усіх паспела зладзіць саўнд-чэк. "Я прыйшла сюды не камусьці штосьці даказваць. Проста пасля нараджэння дзіця столькі ўсяго змянілася, я стала больш сентыментальнай, эмацыйнай, і гэта добра адбілася на творчасці, – разважае спявачка. – Цяпер я ў добрай форме, вярнулася на сцэну і летась атрымала дзве перамогі, у тым ліку на вакальным македонскім конкурсе, дзе гадоў 20 ніхто з замежнікаў не перамагаў. У маёй цяперашняй песні – папулярныя шведскія аўтары, яна фарматная, яна адпавядае мне па духу, бо расказвае пра моцную жанчыну – чаму ж не паказаць яе? Калі песня спадабаецца, буду шчаслівая, калі не – не здамся, бо я артыстка, люблю музыку, так што, паверце, сем разоў – не мяжа, і я буду рухацца наперад".

…Акрамя Гюнеш, пад занавес адбору прыйшлі яшчэ некалькі патэнцыйных фаварытаў еўравізійнай гонкі: расійская падапечная Пятра Елфімава спявачка  Сафія Лапіна, якую журы выслухала да канца і ўзнагародзіла апладысментамі, саліст прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Аляксей Грос, салістка праекту Napoli Вольга Шыманская, а таксама галоўная неспадзяванка беларускага адбору – украінец Мікіта Аляксееў. Усіх іх выслухалі не тое каб з піетэтам, але вельмі цярпліва і ўважліва, нібыта і не было за плячыма 4 гадзін вельмі рознай музыкі.

Ледзь прабраўшыся праз кола фанатаў, якія жадалі сфатаграфавацца з Alekseev, "пакуль бясплатна", мы з фатографам шчыра парадаваліся, што не ўваходзім у лік журы і гэта не нам цяпер ламаць галовы, як упіхнуць у спіс з максімум 15 імёнаў фіналістаў мноства годных кандыдатур.

У спіс шчасліўчыкаў, як стала вядома ўжо гэтым вечарам, увайшлі:

  • 1. ALEN HIT, «I don’t сare»
  • 2. Adagio, «Ты і я»
  • 3. Lexy, «Ain’t you»
  • 4. Соф’я Лапіна, «Gravity»
  • 5. Napoli, «Chasing rushes»
  • 6. Alekseev, «Forever»
  • 7. Анастасія Малашкевіч, «World on fire»
  • 8. Гюнеш, «I won’t cry»
  • 9. Кірыл Гуд, «Deja Vu»
  • 10. Радыёхваля, «Subway lines»
  • 11. Shuma, «Хмаркі» 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.