Вы тут

Казачная нявеста запрашае ў чароўны свет


«Нявеста для Базыля» — так называецца новы зборнік, што нядаўна пабачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў папулярнай серыі «Беларуская аўтарская казка» (укладальніца Аксана Спрынчан). Апрача добра вядомых аўтараў, што даўно плённа працуюць у названым жанры, прадстаўленыя аўтары, якія толькі пачынаюць свой «казачны» шлях. І, мяркуючы па ўсім, з заяўкай на поспех. Іх нельга назваць пачаткоўцамі, бо ўсе ўжо маюць пэўны досвед у літаратуры. Хутчэй — новая хваля, яны нясуць новыя ідэі, свежыя вобразы ў дзіцячую літаратуру.


У кнізе прадстаўлены розныя казкі адзінаццаці аўтараў. З добра вядомых імёнаў — Генадзь Аўласенка, Анатоль Зэкаў, Серж Мінскевіч, Віктар Шніп і Алег Аблажэй. Творы моцна розняцца паводле тэматыкі. Калі ў рачных прыгодах Генадзя Аўласенкі цікава назіраць за жыццём рыб у вясковай рэчцы, то казку Анатоля Зэкава «Як хлопчык Кастусь з ліфтам паразумеўся» можна аднесці хутчэй да лёгкай дзіцячай фантастыкі. А поўную чараўніцтва гісторыю Сержа Мінскевіча «Чорная закавыка» варта запісаць да фэнтэзі: тут і чараўніцы, і феі, і размовы са змеямі і птушкамі. Казка ад Віктара Шніпа нагадвае прыгожы міф пра няроўнае каханне, які пераносіць у часы князёў і князёўнаў. А рамантычная гісторыя Алега Аблажэя — з рыцарамі, прыгожымі дамамі і каралямі — знаёміць з наравістай гераіняй, якая паводзіцца насуперак загадам тырана-караля.

Не менш цікавыя, створаныя на любы густ, і казкі аўтараў-пачаткоўцаў. Напрыклад, яшчэ адна гісторыя пра каханне — фэнтэзійная казка «Жаўнер i вужалка», дзе вас чакаюць прыгоды і сустрэчы з персанажамі беларускага фальклору — злыднямі, Вужыным Каралём і яго прыгажунямі дочкамі вужалкамі. Дзеля кахання да адной з іх адважны жаўнер гатовы прайсці праз усе выпрабаванні, нават пазмагацца з ліхадзеямі. Чакае чытача прыгодніцкая сустрэча з міфалагічнымі героямі і ў казцы «Змеева Дуброва» Юльяны Пятрэнкі, якая апавядае яшчэ пра тыя далёкія часы, «калі воўк авечак пасвіў і рыбы міжсобку размаўлялі». Тут не толькі Князь Змяіны, але і пачвара падземная Жыж, і багіня смерці Паляндра са сваімі сёстрамі. Страшна і цікава, нават хутчэй страшна цікава.

Выдуманыя гісторыі ўдала мяжуюць з гісторыямі амаль рэальнымі, але ад таго не менш казачнымі. Таццяна Барысюк прапануе чытачам сваю казку «Дванаццаць подзвiгаў пацучыхi Дусi», прысвечаную рэальнай пацучысе Дусі Трэцяй, якая з цікавасцю чытае «Жаночны каляндар» і «Паэтыч ны слоўнік», разважае па-філасофску і да спраў ставіцца з «навуковым падыходам». Адразу некалькі гісторый пра жывёльны свет, але ўжо дакладна казачных, прапануе і Мікола Кандратаў: як чалавек і бабёр сябравалі ды дапамагалі адно аднаму і пра каханне бусла i жабкi, якая напрыканцы казкі ператвараецца ў прыгажуню буслiху. Не забыліся і на чаканне вясновага сонца доўгімі зімовымі вечарамі: Ігар Кузьмініч апавядае, хто прывёў вясну і чаму коцікі вярбы — вясновы знак.

Галоўная ж казка — «Нявеста для Базыля» Галіны Пшонік — гэта цэлая фэнтэзійная гісторыя, у якой лялькі ажываюць і паводзяць сабе як людзі: высвятляюць адносіны, выбаўляюць адно аднаго, рамантуючы сяброў пасля таго, як іх паламалі дзеці. Нават маюць сваіх амаль міфічных герояў, як выдатны асілак Севярын. Лялькі на чале з Базылём падарожнічаюць па пакоі сваёй гаспадыні дзяўчынкі Яначкі, як па казачным каралеўстве ў пошуках зняволенага асілка, што дапаможа навесці парадак у лялечным каралеўстве. Напрыканцы гісторыі нявестай Базыля становіцца звычайная добразычлівая лялька Наста, а не прыгажуня Матыльдачка, а лялькі навучаць сваю гаспадыню сачыць за цацкамі і больш ніколі не ламаць іх.

 Асобна варта адзначыць і аздабленне кнігі, над якім працавалі сем мастакоў. Мастацкі рэдактар кнігі — Надзея Барай. Вокладку ўпрыгожвае выява вужалкі — ілюстрацыя да казкі «Жаўнер i вужалка» Элеаноры Ляхновіч. Казку «Забароненая сукня», якой і распачынаецца зборнік, аздобіў сам аўтар — Алег Аблажэй. Казачны настрой ствараюць і ілюстрацыі Міхася Дайлідава, Вольгі Дзятко, Валянціна Макаранкі.

Алег ГРУШЭЦКІ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.