Вы тут

Rеnаult Kарtur. Сумленны агляд сумленнага аўтамабіля


Калі на дарогах Беларусі з'яўляецца новы аўтамабіль, то класічны каментарый ад чытачоў гучыць так: «Ну, паглядзім, што з ім будзе праз пару гадоў (100 тысяч кіламетраў, некалькі нашых зім — варыянты вар'іруюцца)». І такія рэплікі з'яўляюцца нездарма: лічыцца, што новыя машыны саступаюць у якасці тым мадэлям, чый век сёння ўжо пераваліў за 10 гадоў. Журналісты рэдка атрымліваюць у свае рукі новы аўтамабіль у доўгачасовае карыстанне, хоць у суседняй Расіі існуе практыка тэст-драйва, які доўжыцца месяц. Увогуле, судзіць аб якасці новага аўтамабіля ў Беларусі рэальна, калі толькі самому купіць гэтую машыну — менавіта гэта здарылася ў сям'і нашага карэспандэнта з Rеnаult Kарtur. І зараз, паўгода актыўна выкарыстоўваючы навінку ў розных умовах, ён можа расказаць пра першыя рэальныя ўражанні ад валодання.


Гісторыя аўто і яго набыцця

Тут неабходны кароткі экскурс: гэты аўтамабіль часам называюць бюджэтнікам новай хвалі. Чаму? Усё проста: даходы насельніцтва ўпалі не толькі ў Беларусі, таму аўтагіганты вымушаныя рабіць недарагія аўтамабілі, аднак ніхто не будзе іх купляць, калі будзе кульгаць якасць. І атрымалася так, што вытворцы сталі выкатваць мадэлі, якія не толькі нядорага каштуюць, але і нядрэнна зробленыя.

Існуе мадэль для еўрапейскага рынку пад назвай Rеnаult Сарtur (праз С!), якая значна карацейшая, ніжэйшая, ды і наогул меншая, але менавіта яна стала асновай для гэтай машыны. А калі казаць проста, то Rеnаult Kарtur — гэта аўтамабіль, які забраў знешнасць і ўнутраны змест ад еўрапейскага Сарtur, пасля чаго да гэтага дадалі платформу Rеnаult Dustеr.

У цэлым гэты аўтамабіль можна назваць уваходным квітком у клуб красовераў — хтосьці можа пасмяяцца з гэтага сцвярджэння, але яно максімальна праўдзівае. Усяго два факты: першы — клірэнс гэтага аўтамабіля складае прыстойныя 205 міліметраў. Ён не толькі глядзіцца высокім, ён яшчэ лёгка пераадольвае бардзюры і «з'ядае» няроўнасці — што яшчэ трэба для гарадскога красовера? А другое — гэта цана, якая значна адрозніваецца такой нават ад калег па класе.

Чаму выбар выпаў на гэтую мадэль? Як і ва ўсіх, усё ўпіраецца ў грошы. Бо як звычайна атрымліваецца ў аўтаўладальнікаў: ёсць пэўная сума, але хочацца заўсёды чагосьці трохі даражэйшага. Папярэдні аўтамабіль якраз пераступіў дзесяцігадовы жыццёвы рубеж, і стала ясна, што пазбаўляцца ад яго трэба цяпер.

Як толькі машына была прададзена, паўстала пытанне, над якім працягне біцца і будучае пакаленне: што купіць — былы ў карыстанні прэміум або бюджэтную навінку? Вывучыўшы другасны рынак, зразумела, што цэны нават на пяцігадовыя бізнес-седаны надзвычай высокія. Рашэнне адно: звярнуцца да дылераў наконт «бюджэткі», пратэставаць і афармляць. І вось на руках апынулася мадэль з аб'ёмам 1.6, пярэднім прывадам і варыятарам у шчодрай камплектацыі. Праехаўшы на ёй больш за 11 тысяч кіламетраў, можна адказаць на пытанне, трэба тое было ці не.

Аб паражэннях...

Пачнём з недахопаў: калі вы хочаце купіць аўтамабіль, выгляд якога будзе адпавядаць зместу, то такая машына вам не падыдзе. Звонку Kарtur яркі (асабліва, калі замовіць адпаведную расфарбоўку), маладзёжны і стыльны. Але ўнутры ўсе папярэднія прыметнікі — акрамя, мабыць, маладзёжны — не падыдуць ад слова «зусім». Жорсткі пластык, спартанскае аснашчэнне, дзіўныя рашэнні ў плане размяшчэння прыбораў — гэта тое, што пасля добрага выгляду ўводзіць у пэўны дысананс.

Ёсць моманты, за якія гэты аўтамабіль у інтэрнэце не каціруецца, — напрыклад, крэслы. Сапраўды, у ідэале можна перамяшчацца на гэтай машыне па горадзе і не занадта доўгі час — тады спіна проста не паспее адчуць, што нешта не так. Сядзенням сапраўды не хапае бакавой падтрымкі, у раёне пазваночніка нібы пустата, таму далёкія паездкі — дакладна не найлепшая ідэя.

Дарэчы, у далёкія паездкі не паедзеш на ёй яшчэ з адной прычыны — маленькі багажнік. Так, у класе Kарtur — адзін з лідараў у гэтым паказчыку, 387 літраў — гэта стандартны аб'ём, але як жа не хапае часам месца для лішняй сумкі! Калі скласці другі рад, то аб'ём павялічыцца да 1200 літраў, але роўную падлогу ўсё адно зрабіць не атрымаецца.

Ёсць дробязі, якія таксама не вельмі прыемна сустракаць у новым аўтамабілі. Напрыклад, даволі доўгі час у раёне задняй бэлькі было чуваць бразгатанне. На што ўжо толькі не думалі — і на глушыцель, і на падвеску. Усё аказалася празаічна: усяго толькі дрэнна прыкруцілі мацаванне для нумарнога знака.

Некалькі слоў пра мультымедыйную сістэму: яна максімальна простая і даволі хутка рэагуе на дакрананні, але ў яе ёсць невялікі глюк, які часта сустракаецца ў гэтай мадэлі. Калі ўключаеш заднюю перадачу і актывуецца камера, то на экране напісана, што багажнік адкрыты, хоць ён зачынены. Часам, калі з сілай зачыніць пятыя дзверы, то надпіс знікае, аднак потым да гэтага проста прывыкаеш і не звяртаеш увагі.

Цяпер да эрганомікі: кнопкі ўключэння падагрэву крэслаў хаваюцца ў сляпых зонах на бакавінах падушак, кіраванне музыкай і тэлефонам вядзецца праз не самы зручны модуль пад рулём, а пад ручніком у Kарtur знаходзяцца кнопкі ўключэння круіз-кантролю, абмежавальніка хуткасці і эканамічнага рэжыму сілавога агрэгата. Гэта вельмі незвычайныя рашэнні, да якіх прывыкнуць цяжка нават праз некалькі тысяч кіламетраў язды.

І апошняе: на прабегу ад 5000 да 5500 кіламетраў прыйшлося даліць адзін літр масла. Аднак пасля гэтага праблем не ўзнікала: зараз масла не есць, рухавік працуе выдатна.

...і перамогах

Здавалася б, пасля такой колькасці «добрых слоў» на адрас гэтага аўтамабіля, ну пра якія плюсы можна казаць? Так, над многімі аспектамі яшчэ трэба папрацаваць — і цалкам магчыма, што наступнае пакаленне (калі такое будзе) стане своеасаблівай работай над памылкамі. Але ў гэтай машыне плюсы адназначна перавешваюць мінусы — і вось чаму.

Rеnаult Kарtur едзе — і гэта галоўнае. Так, здаецца, што невялікі аб'ём 1.6, які выдае ўсяго 114 конскіх сіл, — гэта проста фінальны ўдар, які даб'е вонкава цікавае аўто, аднак усё зусім наадварот. У пары з варыятарам Х-trоnіс матор працуе проста выдатна: алгарытм наладжаны такім чынам, што, калі ты націскаеш педаль газу больш чым на траціну, каробка пачынае імітаваць пераключэнне «аўтамата». У горадзе гэтага спалучэння цалкам хапае для ўпэўненых перастраенняў. Так, у перыяд абкаткі каробка часам тармазіла, аднак пасля яго завяршэння прэтэнзій няма ніякіх.

А як справы з расходам? Тут таксама ўсё даволі прыемна: у цёплую пару года ён складае 8,2 літра 95-га бензіну на 100 кіламетраў, а зімой — 8,7 літра. Пры абкатцы расход быў павышаны, аднак скараціўся настолькі хутка, наколькі гэта было магчыма. Дарэчы, гэты аўтамабіль можна запраўляць і 92-м бензінам, што прыемна адаб'ецца на кашальку аўтаўладальніка.

Далей — пасадка за рулём, як было сказана, вельмі высокая. Настолькі, што часам здаецца, што ў цябе не красовер, а вялікі пазадарожнік. Машына даволі нязвыкла кіруецца: электрагідраўлічны руль трохі цяжкаваты, а пры праездзе розных няроўнасцяў ён імкнецца выскачыць з рук. Магчыма, некаторых дзяўчат гэтая асаблівасць можа напалохаць, але ў цэлым такі жорсткі варыянт прымушае не прымаць рукі з руля. Але Kарtur не хіліцца пры паваротах і востра рэагуе на пажаданні кіроўцы, што вельмі добра.

Гэты аўтамабіль не бываў на сапраўдным бездарожжы (і наўрад ці патрапіць на яго), але з вясковымі дарогамі, а дакладней, з іх адсутнасцю, ён спраўляецца лёгка. Усё вырашае высокі клірэнс. Так, пярэдні прывад не дапаможа на штодзённым бездарожжы, але для такіх мэт заўсёды можна купіць гэтую ж мадэль, толькі з поўным прывадам. Пытанне толькі ў тым, для чаго вы купляеце аўтамабіль.

Акрамя таго, нягледзячы на просты салон і дзіўнае размяшчэнне прыбораў, чатыром пасажырам цалкам хопіць месца. Дах высокі, месца для ног таксама дастаткова, нават калі сесці за кіроўцам з ростам 190 сантыметраў. У параўнанні з аднакласнікамі гэтая машына — безумоўны лідар па колькасці месца як для кіроўцы, так і для пасажыраў.

І нарэшце...

Rеnаult Kарtur — гэта аўтамабіль, які ідэальна адпавядае суадносінам кошту і якасці. Кіроўца атрымлівае роўна столькі, колькі ён заплаціў — не больш, але і не менш. Можна сказаць, што бюджэтныя аўтамабілі нарэшце сталі арыентавацца на чалавека, а калі ў наступным пакаленні папрацуюць хоць над часткай недахопаў, то гэтая мадэль адназначна стане бестселерам (зрэшты, яна і цяпер вельмі нядрэнна прадаецца).

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Калі чаканні супадаюць з рэальнасцю

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці