Вы тут

Беларускі народны каляндар на 2018 год


Народны каляндар — гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культур. Гэта — фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў, і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

У народным календары на 2018 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі.

У наступным, 2019 годзе па праваслаўнай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) — 28 красавіка, па каталіцкай — 21 красавіка.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнігах Алеся Лозкі «Беларускі народны каляндар» (Мінск, 1993, 2002).

Студзень

1. п. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія — з 1700 г. «А хто ўпярод? Новы ж год».

6. сб. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Католікі праводзілі маскіраваны абрад «Тры каралі», або «Гэроды».

7. н. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі...». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы («вадзілі казу», «жанілі Цярэшку», «пяклі ката», гулялі ў «Яшчура» і інш.).

9. а. Сцяпан. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана».

13. сб. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. н. Васілле. Новы год па правасл. календары. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

18. ч. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад'язджае».

19. пт. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла..., свет ачысціла і ваду наверх пусціла», «На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама».

20. сб. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. с. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. ч. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. «Вее вецер — будзе вайна».

31. с. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».

Люты

1. ч. Ігнат. «На святога Ігната зіма багата».

2. пт. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы», «Грамніца — хлебу палавіца».

4. н.*Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі «вея» ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі «дзесяцінкі дзве».

5. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Дзяўчаты вешалі «калодкі» нежанатым хлопцам. Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты».

6. а. Паўзіміца Аксіння. «На Аксіні мяце». Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце».

11. н. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

12. п. Пачатак Масленага тыдня. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён.

14. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). Трыфан. «На Трыфана зорна — вясна позняя». Валянцін. Свята закаханых.

15. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. «На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі». Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася», «На Грамніцы палавіна зіміцы».

16. пт. *Дзедава пятніца, Стрэчаньскія Дзяды.

17. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі».

18. н. *Масленіца. «Масленіца ў «вятху» (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку». *Гуканне вясны. «Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці». На Палессі вадзілі карагоды, «спявалі чырачку», насілі елку з вянком. Агата. Каровіна свята.

19. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

21. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень.

24. сб. *Зборава субота. Абрад «споведзі дзежкі». Улассе. Свята жывёлы. «Аўлас на сыры лас». Мацей. «На Мацея дарога пацее»,
«На Мацея адліга — будзе мароз».

25. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. «Святы Ізбор упярод ступіць». Пачатак збору ў поле.

26. п. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

Сакавік

4. н. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець».

9. пт. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі «храсты». Засеўкі. Абрад «жаніцьбы коміна». Рыгор. «На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».

13. а. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. с. *Серадапосце. Выпякалі «храстцы». Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 па старым стылі — Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. ч. Хвядот. «На Хвядота занос — усё сена знясе».

17. сб. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў».

18. н. Вясновае раўнадзенства. Усход — 07.17, захад — 19.18.

19. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца». Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту». «На Язэпа пагода — год ураджайны».

22. ч. Саракі. Было Новым годам/летам: «Святыя Саракі наперад пайшлі». Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі». Прыска. «На святога Прыску праб'е лёд і пліска».

23. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

24. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

25. н. *Пальмова нядзеля. «Вярба б'е, не я б'ю». Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора». Дабравешчанне, Звеставанне. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам: «Перша свята — нова летца, Благавешчан зямлю сушыць».

26. п. Пачатак *Вербнага тыдня. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на «запасванне» кароў.

27. а. Арына. «На Арыну сей капусту ў расадніках».

30. пт. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою».

31. с. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

Красавік

1. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў). *Вербніца. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

2. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

3. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і «гаўядо» не напала «парша», трэба ўсё мыць.

4. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае.

5. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.

6. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі «буславы лапы».

7. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак — халоднае лета». Абрад «Страла».

8. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!». Быў Новым годам. «Першае свята — свята Вялікадня». Благуста. «На Благусту сей капусту».

9. п. Працяг *Велікоднага тыдня. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць». Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае».

11. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. «Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула».

12. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.

13. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою.

14. сб. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. «Апрэль — нікому не вер». Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. н. *Праводная нядзеля. «Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла».

16. п. *Радаўнічныя Дзяды. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам».

17. а. *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць».

21. сб. Руф. Руф рушыць снягі.

22. н. *Міраносцы. «На Міраносця п'яныя бабы цігаюць адна адну за валосця».

23. п. Юры. (Новы год па задыяку). «Першае святца — святы Юр'я», «Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на «голы» лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла». Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».

24. а. Анціп — ахоўнік зубоў.

25. с. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як скварка».

28. сб. Пуд. «Пуд снег пугне».

29. н. Арына. «На Арыну сей капусту».

30. п. Зосім — ахоўнік пчол. Адрыянава ноч. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.

Май (Травень)

1. а. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».

2. с.*Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

5. сб. Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады.

6. н. Юр'е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр'я — хлеб будзе і ў дурня». Абрад «Страла».

7. п. Алісей. «Прыйшоў Алісей — авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. а. Марк. «Дождж на святога Марка — дык зямля, як скварка». Станіслаў. «Сей лён на Станіслава — вырасце як лава».

10. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Ярылавіца. Свята Ярылы.

11. пт.*Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.).

13. н. Якуб. «На Якуба грэе люба».

14. п. Макарэй. Абрады ля вады.

15. а. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

17. ч. *Ушэсце. Абрад «Страла».

18. пт. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. н. *Сёмуха, Зялёныя святкі. Свята зелені. «На Духа будзе цёпла і суха». Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца».

21. п. Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана — каласок, а на Пятра — піражок».

22. а. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алена. «Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена».

23. с. *Градавая серада. Зілот. «Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злата».

24. ч. Макей. «Мокра на Макея — і лета не прасушыць». Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокра.

25. пт. *Сёмушныя Дзяды. Епіфан. «На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета».

26. сб. *Духавая субота, Зялёная субота.

27. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі...». Сідары. «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы».

28. п. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...». Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом».

29. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Магдалена. Зязюльку прысылае.

30. с.*Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.

31. ч. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне. *Божае цела, Зелянок. Шэсць дзеў. «Лён сей позні». Канапелька Матруна. «У зямлю махнула». Фядот. «Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка».

Чэрвень

2. сб. Тры пакутнікі. «Няма лета, але пасля іх не бывае зімы».

3. н. Алена. Дзень ільну. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос.

4. п. *Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліпеня. Пятроўка-галадоўка. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».

5. а. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

7. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. «Дзеўяць ягодзін на ветцы». Ян. «Рой перад Янам — пчаляр будзе панам».

8. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.

13. с. Ерамей. Антоній. «Антоні, аддай коні».

14. ч. *Дзясятнік. «Дзясятнік гнаі возіць». Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон — лён».

15. пт. *Дзясятка. «Косы точыць», «Жыта паспявае».

16. сб. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна — на добры ўраджай яравых.

19. а. Летняе сонцастаянне. Усход — 04.37, захад — 21.45. Даўжыня дня — 17.08 гадзін.

21. ч. Тодар. «На Тодара раса — канапель паласа».

22. пт.. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. сб. Купала. У старажытнасці — Новы год/лета.

24. н. Ян Купальны. «Сонца грае».

25. п. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. а. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

28. ч. Амос. «Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс».

29. пт. Ціхан. «Пеўчыя птушкі заціхаюць». Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці», «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два».

Ліпень

6. пт. Купалле. Свята Сонца і кахання. «Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне».

7. сб. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

8. н. Данат. «Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць».

10. а. Самсон. «На Самсона дождж — сем тыдняў то ж». Сем братоў. «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».

12. ч. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. пт. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. «На Сымана й Юды конь баіцца груды».

14. сб. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе».

17. а. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. с. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. сб. Казанская. Пракоп. Пракоп бок прыпёк. Данат. «Святы Данат коскі точыць».

25. с. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа».

26. ч. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.

27. пт. Серпавіца, Шыпілінка. Дзень «зазубрывання» сярпоў.

29. н. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

Жнівень

1. с. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні».

2. ч. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля», «Укінуў у воду кусок ільда».

4. сб. Мар'я. «Магдалена — вады па калена».

6. п. Барыс. Палікоп. «Барыс і Глеб — паспеў хлеб».

7. а. Ганны. «Святы Ганны бабкі стаўляюць».

9. ч. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. сб. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».

12. н. Сіла. Жыта сей.

14. а. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. с. Базыль. «Базыль авечкам воўну дае». Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста — стала поле чыста».

16. ч. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак».

17. пт. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. н. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. ч. Лаўрэн. Свята млынара.

24. пт. Баўтрамей. «Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей».

27. п. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. а. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. с. Трэці Спас. Свята хлеба.

30. ч. Міроны Ветрагоны. «Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць».

31. пт. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. «Сухая» навальніца, дождж.

Верасень

5. с. Лупа. «Сей на Лупа — будзе жыта купа».

7. пт. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. сб. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста».

10. п. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. а. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. ч. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. пт. Сымон. Абрад «жаніцьбы коміна». (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.

19. с. Цуды, Міхал. «Міхал з поля спіхаў».

21. пт. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі збожжавых. Засідкі.

24. п. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».

25. а. Асенняе раўнадзенства. Усход — 07.01, захад — 19.02.

26. с. Стаўроўскія Дзяды.

27. ч. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі — у кучу.

29. сб. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян ды ляны пасцілаў».

Кастрычнік

2. а. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.

3. с. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.

4. ч. Пранцішак, Францішак. «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. п. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. а. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. н. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам». «Пакровы — зарыкалі каровы». Дзявоцкае лета (да 21.10). Прымалі «ў дзеўкі» сябровак.

21. н. Трыфан. Палагея. «Золкім ветрам вее». Зміцер. «Да Змітра баба хітра».

25. ч. Марцін — свята млынароў.

28. н. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць». Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. п. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. а. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. с. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. ч. Усе святыя. Памінальны дзень.

2. пт. Задушны дзень. Памінальны дзень.

3. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. «Святыя дзяды, завём вас...».

4. н. Казанская. «Да Казанскай — не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі».

8. ч. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. пт. Тодар. «На Тадора поўна камора».

10. сб. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. н. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. «Мядзведзь кладзецца ў бярлогу».

12. п. Артошка. Пачатак прадзення.

14. с. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. с. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. ч. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».

24. сб. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».

25. н. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. «Кацярына забрала лета».

27. а. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпоўскага посту (да 7 студзеня).

28. с. Піліпаўка — перадкалядны пост.

29. ч. Мацей. «На Мацея зіма пацее».

30. пт. Андрэйкі. Дзявочае свята.

Снежань

2. н. Адвент. Перадкалядны пост.

4. а. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла».

5. с. Пракоп. Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».

6. ч. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. «Хвалі зіму па Міколе».

7. пт. Кацярыны. «Забрала край лета».

9. п. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні».

13. ч. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. пт. Навум. Наставіць на вум.

17. п. Варвары. «Мікола і Варвара ноч урвалі».

18. а. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».

19. с. Мікола Зімовы. «Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

22. сб. Ганны. «Ганны — прыбавіцца багата дня», «Ганкі — палічаны дзянькі».

23. н. Зімовае сонцастаянне. Усход — 09.27, захад — 16.50. Даўжыня дня — 07.23 гадзіны.

24. п. Посная куцця. Пачатак Каляд
(да 6 студзеня).

25. а. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. «Свята Ражаство ўпярод пашло, новы гадок павёў радок».

26. с. Сцяпан. «Кожны сабе пан».

31. п. Марк. «Марка да Варка — няхай будзе парка». Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Алесь ЛОЗКА, фалькларыст

Каментары

Вялікі дзякуй і аўтару, і газеце. Вельмі важную справу робіце. Кожны год з нецярплівасцю чакаю народны каляндар ад Алеся Лозкі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.