Вы тут

Куды рушыць Чылі?


Прэзідэнт Чылі Мішэль Бачэлет днямі пабыла на Кубе з афіцыйным візітам. Яна правяла перамовы са старшынёй Дзяржсавета і Савета Міністраў астраўной дзяржавы Раулем Кастра. «Кіраўнікі дзяржаў выказалі задавальненне станам двухбаковых адносін і адзначылі неабходнасць умацавання гандлёва-эканамічных сувязяў», — паведаміла кубінскае тэлебачанне. Падчас візіту на Кубу прэзідэнт Чылі прыняла ўдзел у рабоце двухбаковага бізнес-форуму, заклікаўшы чылійскія кампаніі больш актыўна інвеставаць у кубінскую эканоміку, і падпісала некалькі пагадненняў у галіне культуры, адукацыі і аховы здароўя. Адметна тое, што гэтая паездка — адзін з апошніх замежных візітаў Бачэлет у якасці прэзідэнта Чылі. У сакавіку яна пакіне сваю пасаду (дарэчы, Рауль Кастра збіраецца здзейсніць такі крок у красавіку), а новым кіраўніком дзяржавы стане прадстаўнік правых сіл Себасцьян Піньера, які перамог на выбарах у снежні 2017 года. Яго інаўгурацыя адбудзецца 11 сакавіка. Дарэчы, з Піньерай ужо стэлефанаваўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, каб абмеркаваць надзённыя пытанні рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня (у прыватнасці, сітуацыю ў Венесуэле). Што яскрава падкрэслівае значэнне Чылі ў макрарэгіёне. Куды надалей рушыць гэтая лацінаамерыканская краіна?


Медзь, турызм і грэцкі арэх

Чылі — насамрэч «краіна цудаў». Яна расцягнулася з поўдня на поўнач уздоўж усяго Паўднёваамерыканскага кантынента. Такое незвычайнае размяшчэнне дазваляе дзяржаве валодаць практычна ўсімі існуючымі на зямным шары прыродна-кліматычнымі зонамі. Чылі — адна з самых працяглых краін свету, таму адлегласці паміж паўночнымі і паўднёвымі гарадамі дасягаюць некалькіх тысяч кіламетраў. Дзякуючы значнай берагавой лініі (звыш 6 тыс. км), многія гарады з'яўляюцца партовымі. На захадзе і поўдні краіна абмываецца ціхаакіянскімі водамі, а праз Магеланаў праліў Чылі мае выхад у Атлантычны акіян. Дзяржаве таксама належаць некалькі невялікіх ціхаакіянскіх астравоў, сярод якіх — сусветна вядомы востраў Вялікадня. «Чылі» на мове тутэйшага племені аймара азначае «край зямлі». Яе нездарма называюць «дзяржавай трох кантынентаў»: асноўная частка краіны знаходзіцца на паўднёвым захадзе Паўднёвай Амерыкі, другая частка адносіцца да Акіяніі (палінезійскі востраў Вялікадня), трэцяя — да Антарктыды.

Чылі лічыцца адной з найбольш урбанізаваных лацінаамерыканскіх краін. Каля 90 працэнтаў насельніцтва пражывае ў гарадах, больш за палову жыхароў «прапісаліся» ў цэнтральных абласцях — Сант'яга і Вальпараіса. Большая частка людзей занята ў горназдабыўной прамысловасці, сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве. Чылі — найбуйнейшы ў свеце экспарцёр медзі, летась было здабыта 5,6 млн тон. Дзяржаўная камісія Сосhіlсо прагназуе, што да 2028 года вытворчасць гэтага металу дасягне 6,32 млн тон. Таксама значная крыніца даходаў — экспарт садавіны, аб'ём якога летась склаў $4,76 млрд. Сярод таварных пазіцый першыя месцы займаюць вінаград, яблыкі, чарэшня і буякі. Летась адбыўся рост паставак у некаторых іншых сегментах (авакада, цытрусавыя, ківі, груша). Сёлета Чылі можа атрымаць ураджай грэцкага арэха ў 100 тыс. тон, а да 2025-га ён можа падвоіцца. Для краіны грэцкі арэх — стратэгічны экспартны прадукт, які займае другое месца пасля медзі, адзначае Аsіаn Fruіts. На Чылі цяпер прыпадае 11 % сусветнага гандлю арэхамі, а да 2025 года гэты паказчык дасягне 18 %.

За пяць гадоў Чылі ператварылася з краіны-імпарцёра энерганосьбітаў, якая пакутуе ад спекуляцый і завышаных тарыфаў, у аднаго з найбуйнейшых вытворцаў сонечнай энергіі. Аднак, ураду прыйдзецца падумаць над доўгатэрміновай стратэгіяй развіцця аднаўляльнай энергетыкі, піша Fіnаnсіаl Tіmеs. Пустыня Атакама ў Чылі — адно з самых сонечных і сухіх месцаў на планеце. Лагічна, што менавіта тут вырашылі пабудаваць найбуйнейшую ў Лацінскай Амерыцы сонечную электрастанцыю Еl Rоmеrо. Гіганцкія сонечныя панэлі пакрываюць 280 гектараў. Электрастанцыя генеруе столькі энергіі, якой дастаткова, каб забяспечыць электрычнасцю 240 тысяч дамоў. Цяпер Чылі вырабляе практычна самую танную сонечную энергію ў свеце. Кампаніі спадзяюцца, што краіна стане «Саудаўскай Аравіяй для Лацінскай Амерыкі». Да 2040 года Чылі збіраецца цалкам перайсці на «чыстую» энергетыку.

Сярод перспектыўных кірункаў — турызм. Нягледзячы на аддаленасць, дзівосы «краіны цудаў» прыцягваюць вялікую колькасць замежных гасцей. Летась Чылі наведала 6,4 млн замежных турыстаў, што на 14,3 % больш, чым годам раней. Пра гэта паведамілі мясцовыя СМІ, спасылаючыся на словы міністра турызму краіны Джаўера Монтэса. Выдаткі турыстаў таксама выраслі на 35,6 % і склалі каля $4,2 млрд. Сёлета ўлады Чылі разлічваюць прыцягнуць больш за 7 мільёнаў замежнікаў.

Як адзначаюць эксперты, сёння Чылі мае найбольш эфектыўную эканоміку ва ўсёй Лацінскай Амерыцы і адносіцца да краін з вельмі высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу. Краіна мае адзін з самых нізкіх узроўняў карупцыі паводле рэйтынга Trаnsраrеnсу Іntеrnаtіоnаl. Па звестках аналітыкаў, цяпер Чылі заняла першую пазіцыю па інтэгральным паказчыку канкурэнтаздольнасці сярод краін Лацінскай Амерыкі. Як заўважаюць аналітыкі, асновай поспеху Сант'яга стала аптымальнае спалучэнне лібералізацыі і адкрытасці эканомікі, з аднаго боку, і эфектыўнага дзяржаўнага рэгулявання, з другога. У выніку Чылі мае адзін з самых высокіх даходаў на душу насельніцтва ў Лацінскай Амерыцы.

Гаспадар Lа Mоnеdа

Мільярдэр Себасцьян Піньера (нумар восем у рэйтынгу Fоrbеs найбагацейшых чылійцаў) абраны прэзідэнтам Чылі і пасля чатырохгадовага перапынку зноў стане гаспадаром прэзідэнцкага палаца Lа Mоnеdа ў Сант'яга-дэ-Чылі. У другім туры выбараў, якія адбыліся 17 снежня, 68-гадовы кандыдат правага альянсу «Чылі, наперад!» набраў 54,57 % галасоў (дарэчы, Піньеру ўдалося атрымаць рэкордную колькасць галасоў з 1990 года), сведчаць звесткі чылійскага Цэнтрвыбаркама. Саперніка мільярдэра — кандыдата ад кіруючай левацэнтрысцкай кааліцыі 64-гадовага сенатара, тэлежурналіста і сацыёлага Алехандра Гільера Альварэса — падтрымалі 45,43 % выбаршчыкаў.

Себасцьян Піньера нарадзіўся ў забяспечанай сям'і, яго бацька быў паслом Чылі ў Бельгіі і пастаянным прадстаўніком краіны пры ААН. Яго брат — эканаміст Хасэ Мануэль Піньера, які ўваходзіў у групу так званых «чыкагскіх хлопчыкаў» і з 1978 па 1980 гады быў міністрам працы і сацзабеспячэння. «Чыкагскія хлопчыкі» — 25 чылійскіх эканамістаў, якія скончылі Каталіцкі ўніверсітэт Чылі і атрымалі доктарскія ступені на факультэце эканомікі ўніверсітэта Чыкага, які ў той час узначальваў аўтар канцэпцыі «шокавай тэрапіі» Мілтан Фрыдман. Пры Піначэце яны правялі неаліберальныя рэформы па пабудове эканомікі «свабоднага рынку».

Па адукацыі Себасцьян Піньера эканаміст, у 1970-х атрымаў доктарскую ступень у Гарвардзе. У 1980-я гады ён адкрыў першую ў Чылі кампанію па вытворчасці крэдытных картаў (Bоnсаrd), на чым пасля і зарабіў свой капітал. Акрамя кампаніі Bоnсаrd яму належалі 27 % акцый найбуйнейшай чылійскай авіякампаніі Lаn Аіrlіnеs, тэлеканал Сhіlеvіsіоn і 13 % найпапулярнейшага футбольнага клуба краіны Соlо-Соlо. Аднак, атрымаўшы перамогу на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, Піньера прыняў рашэнне аб продажы ўсіх гэтых актываў. Яго першы прэзідэнцкі тэрмін быў адзначаны актыўным эканамічным развіццём рэспублікі.

Запыт грамадства

Перамогу Себасцьяна Піньеры можна лічыць новым сведчаннем таго, што «правы паварот» у Лацінскай Амерыцы працягваецца: за апошнія два гады левыя страцілі прэзідэнцкія крэслы ў Перу, Аргенціне, Бразіліі і цяпер у Чылі. Себасцьян Піньера атрымаў падтрымку тых чылійцаў, якія лічаць, што іх краіне патрэбен свабодны рынак і эканамічны рост. Пры Мішэль Бачэлет ён упаў да сціплых 1,4 % у год, хоць падчас папярэдняга прэзідэнцкага тэрміну Піньеры складаў у сярэднім 5,4 %. Прадпрымальнік, чый капітал (па ацэнцы Fоrbеs) складае $ 2,7 млрд (Піньера стане другім дзеючым прэзідэнтам-мільярдэрам на амерыканскім кантыненце разам з Дональдам Трампам, капітал якога ацэньваецца ў $3,1 млрд), абяцае зрабіць стаўку на прыцягненне замежных інвестыцый, стварыць 600 тыс. новых працоўных месцаў, знізіць карпарацыйныя падаткі і ўпарадкаваць прамысловае рэгуляванне. Пры гэтым змены ў стратэгіі ўрада ні пры якіх абставінах не будуць радыкальныя. На апошнім этапе прэзідэнцкай гонкі Себасцьян Піньера нават ускосна падтрымаў план увядзення ў Чылі бясплатнай вышэйшай адукацыі, распрацаваны левацэнтрыстамі, які выклікаў нямала спрэчак у грамадстве.

У 2010 годзе, калі палітык першы раз прыйшоў на змену Мішэль Бачэлет, ён таксама абяцаў весці краіну наперад, не руйнуючы палітычнай спадчыны левацэнтрысцкага ўрада. І абяцанне гэта ў цэлым выканаў. Свайму поспеху на выбарах кандыдат-мільярдэр таксама шмат у чым абавязаны рэпутацыі чалавека, здольнага да суперажывання і гатоўнасці прыйсці на дапамогу тым, хто трапіў у бяду. Гаворка ідзе аб паспяхова праведзенай у 2010 годзе аперацыі па выратаванні 33 шахцёраў, якія аказаліся ў падземным палоне на меднай шахце Кап'япа на поўначы Чылі. На глыбіні 700 метраў яны правялі 69 сутак. Себасцьян Піньера асабіста ўзначаліў і аплаціў выратавальную аперацыю, за якой назіраў увесь свет. Усе шахцёры былі ў выніку паднятыя на паверхню і выратаваны. Чылійцы належным чынам ацанілі гэтыя намаганні, а сам прэзідэнт потым запэўніў: «Цяпер людзі ўсяго свету будуць асацыяваць Чылі з аперацыяй па вызваленні шахцёраў, а не з гадамі праўлення ваеннай хунты». Падчас перадвыбарнай гонкі менавіта кандыдат-мільярдэр быў фаварытам прадпрымальнікаў і інвестараў. Ён неаднаразова заяўляў і аб падтрымцы гарнаруднай вытворчасці — у сваёй праграме запэўніваў, што будзе дапамагаць нацыянальнай меднай карпарацыі Соdеlсо.

Па словах экспертаў, пакуль складана рабіць пэўныя прагнозы наконт знешнепалітычнага курсу, які абярэ Піньера, — ён яшчэ не рабіў канкрэтных заяў на гэтую тэму. Яго перадвыбарчыя абяцанні выстройваліся ў асноўным вакол праблем унутранай павесткі, што ў цэлым адпавядае запыту ў чылійскім грамадстве і, верагодна, стала адным з фактараў, якія вызначылі зыход выбараў. «Яго перамога была бясспрэчная, таму што чылійскае грамадства ўжо стомлена ў вядомым сэнсе ад Соnсеrtасіоn (Гуманістычная партыя Чылі. — Аўт.). Піньера — прыхільнік стратэгічнага партнёрства з ЗША і ў цэлым дастаткова жорсткі, кансерватыўны дзеяч», — заўважыў gаzеtа.ru намеснік дырэктара Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Уладзімір Судараў. Эксперт адзначыў, што Піньера будзе ўсяляк стымуляваць удзел Чылі ў Ціхаакіянскім альянсе, а таксама працягне развіваць адносіны з КНР. «З Кітаем усё па-ранейшаму будзе вельмі добра, паколькі Чылі — ціхаакіянская платформа для яго пранікнення ў лацінаамерыканскія краіны Атлантыкі», — растлумачыў Уладзімір Судараў, адзначыўшы, што ў цэлым палітыка Піньера будзе пераважна арыентавана на рашэнне ўнутраных эканамічных праблем.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Расклад «краіны цудаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».