Вы тут

Вячаслаў Нікіфараў: Я абажаю Уладзіміра Караткевіча


У 2016 годзе «Беларусьфільм» прадставіў толькі адзін ігравы фільм, затое пасля пачаў здымкі адразу некалькіх. У снежні ў кінатэатрах можна было ўбачыць першы з іх — альманах дэбютных работ «Мы», а ўжо 25 студзеня ў пракат выходзіць карціна Вячаслава Нікіфарава «Тум-пабі-дум». У разлічаным на сямейны прагляд фільме распавядаецца пра гадаванца дзіцячага дома Санька, які вырашыў сам знайсці сабе бацькоў. Напярэдадні прэм'еры мы пагутарылі з рэжысёрам карціны, які па сумяшчальніцтве з'яўляецца мастацкім кіраўніком кінастудыі.


— Вы неяк выказалі думку пра тое, што беларускае кіно стане цікавым тады, калі будзе расказваць пра свае зямлю, краіну і людзей. Ці з'яўляецца фільм «Тум-пабі-дум» добрым прыкладам гэтай ідэі?

— Як раней лічылі: нацыянальны фільм — гэта калі сцэнарыст, рэжысёр і акцёры з'яўляюцца беларусамі. Мы ўнікальныя і непаўторныя згодна з самім прыродным парадкам, — у чым боскасць кожнага з нас. Між тым у цэлым спрашчаць не варта: няхай хоць эфіоп прыедзе і раскажа пра нашу краіну, але так, як ніхто яшчэ не расказаў.

— То-бок беларускае кіно аўтаматычна цікавае праз нацыянальную адметнасць?

— Так, у нас унікальны народ на скрыжаванні войнаў і культур і ўнікальная гісторыя з геапалітычнымі амбіцыямі буйных суседзяў. Кустурыца са сваімі дзівакамі — найярчэйшы прыклад: ён цікавы, хоць ніколі не паказваў напамаджаных герояў, з якімі можна дайсці толькі да макіяжу ў сэнсе фальшывасці і знявечвання твару культуры. Ясенін пісаў: «Канарейка с голоса чужого — жалкая, смешная побрякушка. Миру нужно песенное слово петь по-свойски, даже как лягушка». То-бок нават калі ў цябе самыя немузыкальныя спевы, яны ўсё ж такі твае, і толькі гэтым ты можаш быць цікавы. У фільме не абавязкова праз кожную хвіліну павінна гучаць слова «беларускі», важней ідэя, якая нараджаецца на гэтай зямлі, нават калі гэта нешта накшталт «Касмічнай адысеі». У нас ёсць цудоўны сцэнарый Аляксея Дударава пра вайну, заснаваны на яго п'есе «Радавыя», якая ў савецкія часы доўга ішла на сцэне, за яе аўтар атрымаў дзяржпрэмію. І мне кажуць: «Ну пра вайну і ў Расіі даволі шмат здымаецца». Але ў Расіі няма таго, што ёсць у нас, бо ні адна вайна не падобна на тую, якую паказаў Дудараў. Уявіце, калі мы здымем фільм па гэтым сцэнарыі, у час затоенай, але рэальнай трэцяй сусветнай вайны з маленькай Беларусі пойдзе мэсэдж: «Хлопцы, вы яшчэ не наваяваліся?» У яе ёсць маральнае права гаварыць пра агіднасць вайны.

— Што вы скажаце пра відавочную нацыянальную адметнасць вашай карціны?

— Фільм пранізаны атмасферай Мінска. Пасля прагляду мне кажуць: «Які ў нас прыгожы горад!» Частка здымак прайшла ў канкрэтным радашковіцкім дзіцячым доме, былі задзейнічаны яго гадаванцы. У сцэнарыі я даў дзіцячаму дому нумар 17, але даведаўся, што колькасць такіх устаноў у краіне скарачаецца і двухзначных лічбаў ужо няма. Магчыма, хутка застанецца адзін дзіцячы дом, ніхто больш не можа пахваліцца такой тэндэнцыяй. У мяне часта пытаюцца, як вызначыць добры фільм, і я раю ў першую чаргу звярнуць увагу на эпізоды са смерцю героя і пасцельныя сцэны. Праз гэта адразу зразумела, якога калібру кіно і рэжысёр. Але ёсць яшчэ адна важная рэч, па якой можна ацэньваць карціну — па яго галоўным героі. Фільм стане паспяховым, калі герой створаны небанальна, нашага Санька мы імкнуліся зрабіць аб'ёмным, такіх пацаноў, як ён, не было. У кінакультуры найбліжэйшая паралель нашай карціне — «Плюмбум» Вадзіма Абдрашытава, але калі параўнаць персанажаў — усё зусім рознае. Наш галоўны герой — вельмі складаны кактэйль: ён эрудзіраваны, начытаны ў прававой, медыцынскай і мастацкай літаратуры, валодае некалькімі мовамі. Ён прытрымліваецца маральных шаблонаў і разумее, што дарослыя — як па кругаглядзе, так і па маральных арыенцірах — не заўсёды адпавядаюць яго чаканням.

— Я чула пра талент адэскага хлопчыка Арцёма Венгеровіча, які выконвае ў фільме галоўную ролю. Як вы яго знайшлі?

— Ён вынырнуў у шоу «Украіна мае талент». Мы яго ўбачылі на экране і ўчапіліся, тым больш што Арцём як раз чытаў маналог пра дзетдомаўцаў. Ён і ў рэальнасці разумны, адукаваны, ведае замежныя мовы. У фільме ён размаўляе нават на кітайскай, шпарыць па-італьянску. Праўда, Арцёму ўжо адзінаццаць, а персанажу — дзесяць. Акрамя яго ўсе акцёры беларускія, усё зроблена тут, нашымі сіламі, а персанаж бабулі-прафесара размаўляе на мове. Я сустракаў шмат людзей — сярод іх Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Галіна Макарава — з неверагодна прыгожай беларускай, таму захацеў, каб Вольгу Клебановіч, якая вельмі таленавіта сыграла прафесарку, пераагучыла Таццяна Мархель, таму што яе вымаўленне лепшае. У нашай карціне можна знайсці і шмат украпванняў — знакаў беларускай культуры. Адзін з іх — партрэт Уладзіміра Караткевіча, якога я абажаю. Калі б у мяне была магчымасць зняць «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», пасля можна было б сысці разводзіць трусоў.

— У вашага фільма даволі інтрыгуючая назва, што яна значыць?

— Ключавое слова «інтрыгуючая», на гэта і быў разлік, хоць не толькі. Па сюжэце ў дзіцячым доме праходзіць дзень адкрытых дзвярэй, куды прыязджаюць сваякі, шэфы і іншыя. Тут гучыць песня — яе напісалі самі дзеці, — якая заклікае прыдумаць уласны свет і напісаць толькі ў ім зразумелую мову. «Ты нічога не саромейся, гэта наша краіна, тут можна гучна смяяцца, няхай усе ў свеце запяюць як адна сям'я «тумпабідумную» песню». Просценькая кампазіцыя натхняе персанажа ісці наперад. Яна вызначыла не толькі назву — у цітрах ёсць «тумпабідумны» Мінск, што значыць, дзіцячы, мульцяшны, радасны, бо ў фільме па вялікім рахунку мы бачым свет вачыма дзяцей.

— Як я зразумела, здымачны перыяд цягнуўся чатыры месяцы. Ці гэта не экстрэмальныя ўмовы?

— Я не люблю, калі група выходзіць на сцэну і расказвае, як было цяжка здымаць. У такія моманты хочацца параіць пайсці ў лазнева-пральны трэст альбо куды-небудзь, дзе ціха, цёпла і спакойна. У нас проста так склалася, што да заканчэння рэканструкцыі «Беларусьфільма» (рэканструкцыя завяршылася ў лістападзе 2017 года. — Аўт.) трэба было нешта паказаць і тэрмінова зняць штосьці мілае, прыгожае і не вельмі дарагое. Конкурс (Адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў Міністэрства культуры. — Аўт.) замест красавіка атрымалася правесці толькі ў ліпені, а 20 ліпеня павінен быў пачацца здымачны перыяд. Менавіта станоўчае рашэнне конкурсу адкрывае фінансаванне, якое мы атрымалі 18 ліпеня, за два дні да здымак. Падрыхтоўчы перыяд павінен цягнуцца два месяцы, але мы іх страцілі. Да таго ж не кожны супрацоўнік можа пахваліцца высокім прафесіяналізмам. Гэта ўвогуле асобная тэма — вытворчасць менавіта сваіх фільмаў запушчаная, найлепшыя работнікі працуюць на замежных праектах. Я не марыў аб пасадзе мастацкага кіраўніка кінастудыі і адразу сказаў, што скарыстаюся першай магчымасцю, каб здымаць кіно. Яна хутка з'явілася, але ў такім выглядзе: мы не маглі нават кашулю акцёру купіць, усё рабілася на хаду і аказалася на мне замкнёна. Звычайна рэжысёр адгароджаны трыма-чатырма памочнікамі і асістэнтамі, да яго з дробязямі не звяртаюцца, але ў гэтым выпадку ўсе дробязі былі на мне. Я напакутаваўся і намучыў людзей, затое зразумеў, што вытворчасць уласных фільмаў у нас валяецца амаль каля плінтуса, што пачалося ўжо даўно. Сённяшняму дырэктару (Ігар Поршнеў. — Аўт.) дасталіся руіны, ён прыйшоў як крызісны менеджар. Вы будзеце смяяцца, але калі я пачаў тут працаваць, мне два месяцы не маглі купіць чайнік. Абаротных сродкаў амаль няма, для таго каб у нашым пракаце акупіць нават недарагую карціну за 300 тысяч долараў, трэба кожнаму паглядзець яе тры разы. А каб выйсці за межы нашых кінатэатраў, патрэбны адпаведны ўзровень, гэта значыць, таленавіта зроблены фільм, бо замежны рынак проста так нікога не прымае. Таму я і кажу, што мы будзем цікавыя, калі будзем здымаць пра сябе, але здымаць таленавіта. У краіне толькі пяць-шэсць рэжысёраў, якія пры добрым сцэнарыі могуць зрабіць варты фільм. А ведаеце колькі трэба? Пры аб'ёме ў шэсць малабюджэтных фільмаў у год — васямнаццаць. Сёння нашы аўтары нават не здольныя закрыць усе праекты, якімі займаецца «Беларусьфільм», таму што шэсць запусцілі, а хутка трэба запускаць яшчэ шэсць, то-бок трэба шукаць восьмага, дзявятага і дзясятага рэжысёраў. Такім чынам, год-два мы будзем глядзець фільмы, якія нельга было не запусціць.

— Значыць, запрашэнне аўтараў з боку — гэта вымушаная мера?

— Так, гэта выйсце. Але ў першую чаргу трэба палепшыць выкладанне. Я меў справу з рэжысёрамі, якія выпусціліся з Акадэміі мастацтваў. У іх ёсць вучэбныя работы, а цяпер ім трэба паказаць сябе ў працы, каб студыя вырашыла, ці можна ім даверыць больш сур'ёзныя мастацкія і камерцыйныя задачы. Аказалася, яны не ведаюць вытворчасць, а значыць яны — паўрэжысёры. У Феліні, скажам, дзесяць асістэнтаў, і тры з іх насілі за ім паперы і гарбату. Дзесяць гадоў яны так працавалі, а на адзінаццаты здымалі шэдэўр. Вучыцца трэба побач з майстрам у вытворчасці! Нашым дай добры сцэнарый, яны яго пачнуць перапісваць. Хто ім сказаў, што яны сцэнарысты, што іх бачанне — гэта ўсё? Сцэнарыст — гэта асобная, вельмі складаная прафесія, а сваё бачанне трэба яшчэ займець, а спачатку хаця б добра зняць фільм па сцэнарыі. Прыходзіцца тлумачыць, што не заўсёды атрымліваецца рабіць аўтарскае кіно, а на дзяржаўнай студыі трэба дасягаць мэтаў, якія ставіць перад сабой дзяржава.

— А якія ў дзяржавы мэты?

— Яны адлюстраваны ў стратэгіі, трыццаці пазіцыях, якія раней назвалі б тэмпланам. Тут пазначаны, скажам, гістарычны фільм, нацыянальны герой, класіка, па гэтых правілах іграе кінастудыя. Калі ў Акадэміі з'яўляецца больш-менш заўважная курсавая работа — мы яе маем на ўвазе. Аўтараў для чарговага альманаха дэбютаў мы выбіраем з 15—20 асоб. У Беларусі ёсць таксама свабодныя камерцыйныя студыі са сваімі масштабамі і спецыфікай. Магчыма, там выявіцца геній, але, на жаль, гэта малаверагодна. Дзясяткі два маладых людзей праз мяне прайшо, і іх светапогляд мяне палохае. Часам усё, чаго можна чакаць, што ён як дырыжор выйдзе і скажа: «Ну, у вас усе ноткі ёсць? Давайце — іграйце». Абазначаная стратэгія ў сферы кінематографа стала адной з прычын, чаму я згадзіўся прыйсці на «Беларусьфільм». Пятнаццаць гадоў я быў не запатрабаваны, а калі майстры не патрэбны — гэта прыкмета ўпадку. У 2010 годзе пайшоў з жыцця Ігар Дабралюбаў, які з фільмам «Іван Макаравіч» першы прывёз прыз з Венецыі. Яго нават выкладаць не запрасілі, а ў той жа час ён дэбютантаў называў саджанцамі і казаў, што іх трэба песціць. Валерый Рыбараў таксама застаўся ўбаку. Я працаваў у Расіі і праводзіў тут па паўгода, быў у тусоўцы, а мне казалі, што я здрадзіў Радзіме і спакусіўся на грошы. Баяліся канкурэнцыі. У беларускім кіно ёсць такая загана. Былы міністр культуры Аляксандр Сасноўскі ў адным з інтэрв'ю сказаў: «Я зразумеў кінематаграфістаў: яны пагодзяцца пазбавіцца вока, але каб у суседа другога не было». Няхай агульная характарыстыка застанецца на сумленні экс-міністра, але доля праўды ў ёй ёсць. Гэта нездаровая сітуацыя і зараз праяўляецца, у сацсетках безадказна пішуць, што нехта нешта крадзе. А дзеля росквіту беларускага кіно першае, што трэба зрабіць кінематаграфістам, — салідарызавацца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by 

Загаловак у газеце: Вячаслаў Нікіфараў: «Калі б у мяне была магчымасць зняць «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», пасля можна было б сысці разводзіць трусоў»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».