Вы тут

2017 год устанавіў рэкорд па мінімуме пакінутых у продажы кватэр


Эксперты падлічылі, што калі 2016 год на другасным рынку жылля сталіцы запомніўся рэкордам па максімальнай колькасці зафіксаваных здзелак, то мінулы год устанавіў рэкорд па мінімуме пакінутых у продажы кватэр.


Нехта вырашыў і «прытрымаць»

Паспрабуем разабрацца, чаму гэта адбылося. Летась адзіным спакойным месяцам можна назваць толькі студзень, калі ў Мінску было прададзена нават менш за 700 кватэр. Але ўжо ў лютым гэты паказчык падняўся да 900 кватэр, а ў сакавіку пераваліў за адзнаку ў 1250 прададзеных жылых памяшканняў. У цэлым жа на працягу 2017 года сярэдняя колькасць здзейсненых здзелак знаходзілася на ўзроўні за 1100 прададзеных аб'ектаў у месяц, з якіх каля 10 % былі новабудоўлі.

У выніку такой актыўнасці на рынку з красавіка колькасць выстаўленых на продаж кватэр планамерна зніжалася. Больш за тое, восенню колькасць кватэр, прапанаваных на продаж, стала зніжацца проста рэкорднымі тэмпамі. Некаторыя прадаўцы, бачачы актыўны попыт і зніжэнне ставак па крэдытах, палічылі за лепшае «прытрымаць» кватэры ў надзеі на хуткае павышэнне коштаў. У выніку гэтага пачаў узнікаць невялікі, але ўсё ж аб'ём адкладзенай прапановы, які павінен выйсці ў продаж у 2018 годзе.

Зніжкі паменшыліся ўдвая

Вядома, што галоўным «актыватарам» у 2016-м для пакупнікоў выступалі малыя і застылыя на месцы цэны. А летась да іх дадаліся яшчэ і больш танныя крэдыты.

— Паводле нашых здзелках мы наглядна бачылі, што рынак у 2017 годзе прыкметна паскорыўся, — расказвае намеснік дырэктара па продажах на другасным рынку жылля агенцтва «Твая сталіца» Святлана Кудзелка. — І пакупнікі, і прадаўцы хацелі вырашаць сваё жыллёвае пытанне максімальна аператыўна — у фармаце «тут і цяпер». Да таго ж большая частка прадаўцоў была яшчэ і пакупнікамі: пасля продажу наяўнай кватэры яны хацелі набыць іншую — больш прасторную або новабудоўлю.

Каб задаволіць усе патрэбы пакупнікоў і прадаўцоў, агенцтвы заключылі партнёрскія пагадненні з большасцю банкаў, навучылі ўласных спецыялістаў па крэдытаванні і распрацавалі спецыяльныя праграмы аказання паслуг: «Пераязджаем у новабудоўлю», «Пашыраем жылплошчу», «Пакупнікам з рэгіёнаў» і інш.

Дзякуючы гэтаму павялічылася доля здзелак, завершаных на працягу двух тыдняў, а сярэдні тэрмін продажу/куплі кватэры знізіўся з 35 дзён у 2016 годзе да 28 дзён летась. Але ёсць і не зусім добрая навіна для пакупнікоў. Так, сярэдняя велічыня зніжкі, якая даецца прадаўцамі па патрабаванні пакупнікоў, знізілася з 10 % у 2016 годзе да менш чым 5 % летась. Мінулы год наглядна прадэманстраваў, як на рынак жылля ўплываюць даступныя крэдыты. У выніку да канца мінулага года ў продажы застаўся рэкордна нізкі для апошніх трох гадоў аб'ём кватэр. Па стане на канец снежня ён складае прыкладна 5,7 тысячы кватэр, у той час як сярэдні ўзровень прапановы знаходзіцца на адзнацы каля 8 тысяч кватэр.

Значна падаражэла толькі «маладое» жыллё

Рост узроўню попыту, зніжэнне аб'ёму прапановы — усё гэта пры актыўнай крэдытнай падтрымцы не магло не адбіцца на цэнах. Аднак адсутнасць росту рэальных даходаў насельніцтва і эканамічнага аптымізму не дазволілі цэнам летась істотна вырасці.

Відавочна, што мацней за астатнія падаражэлі аднапакаёвыя кватэры. Квадратны метр тут за год падаражэў на 50 долараў.

Кватэры другаснага рынку вельмі неаднастайныя па сваіх якасных характарыстыках, таму і кошты на розныя тыпы жылля паводзілі сябе ў мінулым годзе па-рознаму. Самы істотны рост адзначаны на кватэры ў свежых (маладзейшых за 2009 год пабудовы) каркасна-блочных дамах — толькі ў жніўні і лістападзе жыллё тут даражэла на 3 % штомесяц. Такая высокая дынаміка цэн шмат у чым абумоўлена ростам цэн на каркасна-блокавыя новабудоўлі — прадаўцы аб'ектаў другаснага рынку часцяком арыентуюцца на іх.

Зваротная рэакцыя ад попыту не прымусіла сябе чакаць — у выніку росту цэн восенню папулярнасць кватэр у падобных каркасна-блочных дамах стала падаць, і ўжо ў лістападзе было набыта на 8 % менш такіх кватэр. Пакупнікі перавялі ўвагу на стабільныя па цане панэльныя дамы, рост коштаў у гэтым сегменце нязначны — у межах 3 % за год.

Плануецца мінімальны рост

Спробы падняць у 2018 годзе кошты на фоне адсутнасці росту даходаў пачнуць больш істотна ссоўваць фокус попыту ў бок бюджэтных, маламетражных кватэр і кватэр хрушчоўска-брэжнеўскай эпохі. У той час як цяпер такія разглядаюцца пакупнікамі ў апошнюю чаргу і толькі з-за іх мінімальнай плошчы, а значыць, і цэн.

Сёлета ў студзені чакаецца сезоннае зніжэнне попыту, аднак наяўнасць крэдытаў, хай яны крыху і выраслі ў кошце за снежань адыходзячага года, павінна ўтрымаць цэны на цяперашнім узроўні. Аднак крэдыты будуць толькі кампенсаваць недахоп сродкаў, а не выступаць прычынай росту цэн. У прыватнасці, крэдыты будуць працягваць дапамагаць тым пакупнікам, хто хоча пашырыць жылплошчу за кошт продажу наяўнай кватэры — бо ў гэтым выпадку крэдыт бярэцца толькі на даплату. Акрамя таго, крэдыты будуць запатрабаваныя пры куплі малагабарытных кватэр з мінімальным коштам. Вось гэты баланс уласных сродкаў пакупнікоў і даступных пазыковых сродкаў дазволіць цэнам сёлета знаходзіцца на досыць стабільным узроўні толькі з нязначным павелічэннем у параўнанні з бягучым узроўнем (не больш 2-4 %).

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фо­та Ма­ры­ны БЕ­ГУН­КО­ВАЙ

Загаловак у газеце: Прапанова на мінімуме

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.