Вы тут

Разлічвацца за «камуналку» стане прасцей


Безнаяўныя субсідыі, зваротныя плацяжы і дэталізаваная інфармацыя пра паслугі.

Асабісты кабінет карыстальніка, QR-код пры разліку за паслугі і іншыя сэрвісы абяцаюць запусціць сёлета ў сістэме АРІП. У прыватнасці, плануецца ўкараніць праграмны комплекс, які дазволіць атрымліваць разнастайныя даныя з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы разліку за жыллёва-камунальныя паслугі (АІС «Разлік-ЖКП»). Напрыклад, фарміраваць «нестандартныя» справаздачы для ЖКГ і пастаўшчыкоў паслуг з улікам іх патрэбнасцяў. Падрабязнасці новаўвядзенняў «Звяздзе» растлумачылі спецыялісты.


Сэрвісы для кліентаў

Да сістэмы АРІП падключана ўжо 62 тысячы паслуг, якія аказваюць больш за 14 тысяч вытворцаў, у тым ліку 203 арганізацыі, якія працуюць з АІС «Разлік-ЖКП», і гэты пералік з часам павялічваецца, як і колькасць сэрвісаў, што прапануе праграма.

— Сістэма АРІП, якая дзейнічае ў Беларусі ўжо 10 гадоў, — гэта абсалютна новае пачынанне, якога няма нідзе на постсавецкай прасторы. А перспектывы развіцця АІС «Разлік-ЖКП» бязмежныя, — заўважыў Аляксандр СЕЛЯЗНЁЎ, намеснік начальніка аддзела білінгавых сістэм ААТ «НКФА «АРІП». — Адным з прыярытэтных кірункаў нашай работы ў 2018—2019 гадах стане развіццё кліенцкіх сэрвісаў.

Асабісты кабінет, які з'явіцца прыкладна летам гэтага года, дазволіць карыстальнікам атрымліваць дэталізаваную інфармацыю пра спажытыя паслугі. Спачатку пра камунальныя, а пасля і пра іншыя. Можна будзе ўбачыць патрабаванні на аплату і паведамленне пра іх наяўнасць, а таксама кіраваць інфармацыяй пра спажытыя паслугі. Акрамя таго, у АРІП мяркуюць даць карыстальнікам магчымасць атрымліваць інфармацыю пра запазычанасць перад арганізацыямі, што налічваюць камунальную плату, аказваюць паслугі сувязі, крэдытнымі органамі.

Плацежныя выявы на прадметах

Каб ісці ў нагу з інфармацыйнымі тэхналогіямі і павысіць якасць абслугоўвання плацельшчыкаў, пазабанкаўская арганізацыя АРІП распрацавала тэхналогію, якая дазваляе выкарыстоўваць QR-код пры аплаце паслуг, вытворцы якіх падключаны да сістэмы АІС «Разлік».

— Зацверджаны стандарт для генерацыі QR-кода вытворцам паслуг і магчымасці яго счытвання ў мабільных праграмах банкаў і іншых пунктах здзяйснення плацяжоў. Апісанне фармату QR-кода размешчана на сайце rаsсhеt.bу, — пракаментавалі новаўвядзенне спецыялісты АРІП. — Вытворца паслуг проста на сайце ў хуткім часе можа згенерыраваць QR-код у выглядзе невялікай выявы і нанесці яго на любы прадмет: паведамленне пра аплату, панэль у таксі, стойку адміністратара ў салоне і іншыя зручныя дэталі. Ніякіх грошай з вытворцаў за генерацыю кода не возьмуць, а плацельшчыкам не трэба будзе шукаць паслугу ў дрэве АРІП.

Разлічыцца з дапамогай QR-кода досыць проста. Чалавеку дастаткова камерай мабільнага тэлефона прасканіраваць QR-код — і ён трапіць на паслугу, якую збіраецца аплаціць, аўтаматычна. Пасля трэба ўвесці даныя і здзейсніць аперацыю. Спецыялісты разлічваюць, што банкі дапрацуюць свае мабільныя праграмы для спрошчанай аплаты праз АРІП, а вытворцы паслуг будуць гатовыя скарыстацца новай тэхналогіяй, тым самым павялічваючы якасць абслугоўвання плацельшчыкаў.

Прыносіць даведкі не трэба

Адна з функцый АІС «Разлік-ЖКП», якая ўжо працуе, — магчымасць налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый для частковай аплаты ЖКП па выяўляльным прынцыпе грамадзянам, якія знаходзяцца ў складаным сацыяльным становішчы.

— Людзям не трэба збіраць і прыносіць даведкі пра сваё матэрыяльнае становішча — сістэма сама выявіць чалавека, у якога даход ніжэйшы. Ім адразу налічваюць субсідыі, і гэта бачна ў жыроўках, — пракаменціраваў магчымасці праграмы Генадзь ТРУБІЛА, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — За 9 месяцаў мінулага года ў краіне субсідзіравана 426 010,5 рубля. У сталіцы па выяўляльным прынцыпе выдадзена субсідый на 41 989,9 рубля, па заяўным (калі чалавек сам звяртаецца па субсідыі) — 11 710,5 рубля.

Людзі, якім адразу налічваюць субсідыі на аплату «камуналкі» па выяўляльным прынцыпе, — гэта пенсіянеры, якія пражываюць асобна, і маладыя непрацуючыя інваліды. З часам гэтую катэгорыю плануецца пашырыць, аднак адпаведнае рашэнне пакуль не прынятае.

Па выяўляльным прынцыпе праграма прымае ў разлік даход сям'і за тры месяцы, а па заяўным — улічваецца заробак за паўгода да моманту звароту па дапамогу. На такі ж тэрмін адпаведна даюцца і безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.

Уменне сістэмы АРІП весці і абнаўляць базу грамадзян у рэжыме рэальнага часу таксама спрыяе выяўленню катэгорый людзей, якія маюць патрэбу, дадалі ў НКФА «АРІП».

Спачатку ў нябанкаўскай арганізацыі было каля 30 % асабістых і ідэнтыфікацыйных нумароў пашпартоў людзей. Цяпер іх 99 %. Прывязка да пашпартоў дазваляе АРІП інтэгравацца з іншымі сістэмамі і атрымліваць неабходную для налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый інфармацыю: звесткі пра заработную плату, пенсіі, дапамогі.

— Арганізаваць сістэму безнаяўных субсідый кожны разлікова-даведачны цэнтр не ў стане, бо сістэма атрымання персанальных даных складаная, — заўважыў Аляксандр Селязнёў. — Нам аўтаматычна прыходзяць звесткі пра чалавека з вялікай колькасці дзяржаўных органаў: Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Фонду сацыяльнай аховы насельніцтва, Белдзяржстраха, Нацыянальнага кадастравага агенцтва. Пералік ведамстваў, якія дасылаюць інфармацыю ў НКФА «АРІП», а таксама межы і паўната падаваемых звестак вызначаны пастанаўленнем Саўміна № 790.

Пільнасць не перашкодзіць

Адна з добрых магчымасцяў праграмы — сістэма зваротных плацяжоў, якая дазваляе атрымаць свае грошы назад, калі пры аплаце няправільна ўвялі лічбы.

— Вельмі лёгка пераблытаць і націснуць, скажам, лішні нуль, калі плаціш праз банкамат. Асабліва гэта датычыцца пенсіянераў, для якіх нават невялікія сумы могуць быць даволі значнымі, — упэўнены спецыялісты. — Толькі за кастрычнік 2017-га вернута 83 плацяжы на суму 21 127 рублёў.

Спецыялісты НКФА «АРІП» папярэджваюць, што няправільны плацеж лепш за ўсё прадухіліць, пераправерыўшы інфармацыю на стадыі яе ўвядзення. Калі ж памылка-такі здарылася, адмяніць плацеж і вярнуць грошы можна ў банку да прыходу наступнага пасля аплаты дня. Прычым магчыма гэта ў дачыненні толькі тых вытворцаў паслуг, якія далі дазвол на такія аперацыі. У выпадку з электроннымі грашыма, браніраваннем электроннай чаргі, фотафіксацыяй хуткасці вярнуць сродкі праз банк не ўдасца — прыйдзецца ехаць непасрэдна ў кампанію і вырашаць пытанне. Як і з астатнімі вытворцамі паслуг, якія забаранілі банку вяртаць свае аплаты. Самі спецыялісты АРІП плацяжы не адмяняюць.

Такім чынам, якімі б зручнымі, аўтаматычнымі і «разумнымі» ні былі сэрвісы, чалавечая пільнасць і ўважлівасць лішнія не будуць.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.