Вы тут

Аднакласнікі


Пасля заканчэння школы вучні нашага класа паразляталіся хто куды. Адны паступілі ў інстытуты ды тэхнікумы, другія — у прафтэхвучылішчы, трэція засталіся на месцы шчыраваць на зямлі ці ў фабрычным цэху. У названы пералік не ўпісаўся толькі Віктар Гвоздзь, які падаўся на шахты ў Данбас, куды яго сагітаваў паехаць брат Лявон, што прыязджаў у водпуск. І правільна зрабіў, бо школьныя прадметы, хоць ты трэсні, яму не даваліся. Праўда, апроч урокаў фізкультуры, дзе ў яго, самага дужага сярод усіх хлапцоў паралельных класаў, былі толькі выдатныя адзнакі. У цэлым жа Віктар перабіваўся з двоек на тройкі ды зрэдку на чацвёркі, калі праводзіліся пісьмовыя кантрольныя работы.


Настаўнікі матэматыкі, рускай і беларускай моў толькі здзіўляліся гэтаму феномену: пры вусных апытаннях ён адчуваў сябе як мянтуз на падагрэтай патэльні, а пры пісьмовых заданнях — як той жа мянтуз у халоднай вадзе. Педагогі тлумачылі гэта тым, што ў Гвоздзя, напэўна, затарможаны ход мыслення і яму патрэбен дадатковы час, каб выйсці на правільнае рашэнне. І няўцям было ім, што Віктар пачынаючы з чацвёртага класа прымушаў выдатнікаў вучобы Алега Кісяля і Івана Рыкунова займаць пярэднюю перад ім парту, каб «начаваць» у іх сшытках і не рабіць памылак у дыктантах ці арыфметычных і алгебраічных задачах. Калі тыя з-за перасцярогі спрабавалі не падпарадкавацца яму, іх чакалі такія «шчаўбаны», ад якіх трашчалі лбы. Скардзіцца на Віктара хлопцы не адважваліся яшчэ і па той прычыне, што лічылі яго сваім сябрам, кулакі якога неаднойчы абаранялі іх ад задзір-старшакласнікаў.

Што датычыцца залатых медалістаў Алега Кісяля і Івана Рыкунова, дык пасля школы яны пачалі «грызці граніт навукі» ў інстытуце, не цікавячыся, што там, у Данбасе, робіць Гвоздзь. Гэта было невядома і іншым аднакласнікам гады два. А яшчэ праз адзін браты заявіліся на радзіму і адпалілі такую штуковіну, якая некалькі месяцаў бударажыла жыхароў райцэнтра. А менавіта: шахцёры Віктар і Лявон аплацілі ў кінатэатры дадатковы сеанс і пажадалі, каб у зале на 400 месцаў кіно пра Тарзана глядзелі толькі яны ўдвух. А як глядзелі — гэта ўжо іншая справа: калі сеанс скончыўся, балдзёжнікі давалі моцнага храпака.

Па якой далейшай жыццёвай дарозе пасля гэтага пакрочыў Віктар, ніхто не ведаў. І толькі летась, больш як праз трыццаць гадоў пасля заканчэння школы, самі па сабе адшукаліся яго сляды. А было гэта так.

Ліпеньскім дзяньком Алег Кісель вяртаўся ў горад з цешчавай фазэнды, дзе дапамагаў змагацца з пустазеллем. На дварэ — самая сапраўдная Афрыка: пад 37 градусаў спякота. Таму на ім былі тэніска, джынсы і сандалі. Ды і ўсе сустрэчныя, падобныя на яго, стараліся ахаладзіць сябе: рухі — павольныя, самі ў майках, шортах, іншым лёгкім адзенні. І нечакана сярод гэтай масы вырастае фігура здаравяка, які прэ наперад, нібы танк. Шарсцяны касцюм на ім, бліскучыя чаравікі, пад гальштукам. Пот — цурком з яго твару, а ён прэ і прэ.

«Што за дзівак?» — падумаў Алег і спыніў свой позірк на мужыку. Нешта знаёмае ў ім. Прыгледзеўся яшчэ раз: ёлы-палы — Віцька Гвоздзь! І кінуўся да яго ў абдымкі:

— Здароў, дружа! Дзе бадзяўся, дзе прападаў? Як жывеш? — сыпаў ён адно за адным пытанні. — Гэта я, Кісель! Не памятаеш?

— Чаму ж, памятаю, — адказаў той, непрывычна квола паціскаючы руку Алега. У голасе — ні кропелькі той радасці, якая апанавала Кісяля, а ў вачах, калі крышачку адхінуў яго ад сябе (каб агледзець яго просценькую вопратку і параўнаць са сваёй, даражэннай, падумалася Алегу), мільганула пагарда.

І хоць гэта пакінула ў душы Кісяля непрыемнае ўражанне, ён працягваў распытваць былога дружбака пра яго жыццё-быццё. А Гвоздзь або прапускаў міма вушэй тыя пытанні, або адмахваўся ад іх кароткімі і нязначнымі рэплікамі. І ўсім сваім выглядам паказваў, што гэта сустрэча з аднакласнікам нічым яго не зачапіла, не абудзіла ў ім хоць бы нейкую цікавасць.

Востра адчуўшы гэтую адчужанасць і не разумеючы, што зрабілася з чалавекам, з якім у дзяцінстве і юнацтве ён сябраваў, лазіў па суседскіх садах, лавіў рыбу, ганяў мяч, Алег вырашыў больш не назаляць Віктару і развітацца з ім. Але той нечакана ляпнуў яго па плячы:

— А давай-ка заскочым у рэстаран, пасядзім, паўспамінаем.

Каб ведаў Алег, якім расчараваннем і сорамам закончыцца гэта пасядзелка, дык ніколі не пайшоў бы туды. Бо пасля некалькіх кілішкаў каньяку, якія ну ніяк не маглі давесці нязломка-мацака Гвоздзя да стану п'янага як бэля, у яго развязаўся язык. Ды да такой ступені, што ў маналогу аб жыціі-быцці пасля шахты, службы ў арміі, працы грузчыкам у райспажыўтаварыстве недзе ва Украіне патэтычна гучала непрытоеная фанабэрыстасць. Ну і няхай бы сабе, калі б з той фанабэрыстасці не выторкваліся моўныя здзекі і насмешкі над аднакласнікамі.

— Ты ж ведаеш, Алег, што я быў слабым вучнем у класе. Што не заканчваў ніякіх інстытутаў-тэхнікумаў. Ды вось, на маё шчасце, разваліўся Саюз. І калі вы, грамацеі, ад гэтага войкалі і пускалі соплі, я рабіў грошы. Займеўшы на мытні сяброў, з Польшчы ганяў іншамаркі для продажу, а туды — фуры з лесам, металам... Вось так і пацякла валюта ў мае кішэні. Пераехаў у Мінск. Спазнаўся з патрэбнымі чалавечкамі, адкрыў сваю фірму. Не апошняя скрыпка зараз у бізнесе.

Віктар закурыў цыгарэту, хвілю памаўчаў, як бы чакаючы рэакцыі Алега на сказанае, але той — ні гу-гу. Таму працягваў:

— Яшчэ раз паўтараю: зараз я — бос! Ніводзін смаркач-аднакласнік не роўня мне. Ніводзін! Нават вы, медалісты. Усіх за пояс заткнуў. Усіх! Ведай і перадай Івану Рыкунову: баксаў і еўра нажыў столькі, што хопіць іх і самому, і сынам, і ўнукам. Чым і ганаруся...

Толькі цяпер Алег зразумеў, адкуль такая пыхлівасць у Віктара з'явілася. Грошы разбэсцілі яго, прага да іх. Але цікава, да якой ступені апусціўся чалавек? Можа, не так усё безнадзейна? Можа, тая фанабэрыя ўсё ж напускная? Таму пайшоў на апошняе, на гэты раз «правакацыйнае» пытанне:

— Я, Віця, рады, што ты ні ў чым не маеш патрэбы. Як іншыя, напрыклад. Ці не дапаможаш мне ў адной справе? Не пазычыш на паўгода восемсот долараў? Іншамарку «Бентлі» хачу купіць. Не сумнявайся, вярну ў тэрмін.

На гэтую просьбу Віктар Гвоздзь тут жа адрэгаваў наступным макарам:

— Не крыўдуй, што скажу. Сёння — нядзеля, выхадны дзень. А паглядзі, у якой ты вопратцы. Бядняк, няйначай. Лапцёжнік. Вернеш доўг? Не веру! Прабач. Як кажуць: «в картишки нет братишки», — і зарагатаў.

Чырвань ударыла ў твар Алегу. Ад сораму і ганьбы за аднакласніка, які колісь быў нядрэнным хлопцам, ад яго нахабства. Хацелася выказаць яму ўсё тое, што ён заслужыў. Але стрымаўся: навошта? Усё роўна нічога не зразумее. Падняўся з-за стала, моўчкі разлічыўся з афіцыянтам і, не падаўшы на развітанне Віктару рукі, пакрочыў да выхада. І тут жа наўздагон пачуў адно-адзінюткае за час сустрэчы ягонае пытанне:

— А дзе ты працуеш, Алег?

— У Следчым камітэце разам з Іванам. Начальнікі аддзелаў мы.

Новаспечанага бізнесмена ад нечаканасці ажно перасмыкнула.

— У Следчым камітэце? Начальнікамі аддзелаў? — у голасе яго загучалі падлашчана-разгубленыя ноткі. — Пачакай, не спяшайся. Давай пагаворым.

Але той, не азірнуўшыся, ужо зачыняў за сабой дзверы...

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?