Вы тут

Выбарчая кампанія праходзіць у штатным рэжыме


Па выніках вылучэння на мясцовых выбарах безальтэрнатыўных акруг няма ў Мінску і Магілёўскай вобласці.

Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА на спецыяльнай прэс-канферэнцыі.


«Мы пакуль не ведаем цалкам па краіне колькасць безальтэрнатыўных акруг. На жаль, у нас ёсць безальтэрнатыўныя акругі нават у абласныя Саветы. Няма ніводнай толькі ў горадзе Мінску і ў Магілёўскай вобласці», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Што датычыцца статыстычных даных, то ў Мінску на адну акругу ў сярэднім прэтэндуюць больш за шэсць чалавек, тады як у абласных Саветах у сярэднім па Беларусі конкурс складае 2,4 чалавека на месца. Дарэчы, самая вялікая выбарчая акруга ў сталіцы — Каменнагорская, у ёй на адно месца прэтэндуюць 10 чалавек.

Лідзія Ярмошына назвала і дакладную колькасць прэтэндэнтаў, якія вылучыліся на выбары, — яна складае 22 тысячы 719 чалавек. І гэта нягледзячы на той факт, што паступіла большая колькасць дакументаў, паколькі многія вылучаліся рознымі спосабамі, дадала яна. Калі параўнаць з 2014 годам, то тады вылучэнцаў было крыху больш — 22 тысячы 784, але гэта не павінна ўводзіць у зман, паколькі цяпер колькасць выбарчых акруг зменшылася больш чым на 700. Такім чынам, у працэнтных суадносінах колькасць кандыдатаў узрасла.

Дарэчы, сярод вылучэнцаў ёсць і 32 грамадзяніны Расіі, а больш за 45 % удзельнікаў — гэта дэпутаты дзеючага склікання. Грамадзянамі шляхам збору подпісаў вылучана 68,62 % кандыдатаў, працоўнымі калектывамі — 27,26 %, палітычнымі партыямі — 4,12 %. Каля 30 % кандыдатаў — гэта работнікі сферы адукацыі, культуры і навукі, 11 % — супрацоўнікі дзяржаўных органаў, больш за 4 % — гэта людзі, занятыя ў гандлі і сферы бытавога абслугоўвання, больш за 3 % — гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў, ваенныя і крыху больш за 2 % — прадпрымальнікі.

Акрамя таго, старшыня Цэнтрвыбаркама расказала, хто вылучыўся на мясцовыя выбары па Мінску. Напрыклад, у сталіцы балатуюцца два дырэктары кінатэатраў — «Салют» і «Камсамолец», два памочнікі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чатыры студэнты вышэйшых навучальных устаноў, а таксама два адвакаты.

Сярод тых, хто падаў дакументы, яна назвала старшыню Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, прарэктара па вучэбнай рабоце БНТУ, генеральнага дырэктара Нацыянальнага аэрапорта Мінск, экс-кандыдата на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, галоўнага ўрача 36-й паліклінікі, дырэктара Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і іншых — такім чынам, кола зацікаўленых людзей сапраўды шырокае.

Таксама Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў ЦВК працягвае падаваць дакументы грамадзянін Беларусі, пенсіянер, які актыўна ўдзельнічае ва ўсіх выбарчых кампаніях, у тым ліку і прэзідэнцкіх, хоць статус кандыдата пакуль ім не быў атрыманы. Паводле яе слоў, гэты чалавек нядаўна адправіў заяву старшыні ЦВК Расіі Эле Памфілавай для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Расійскай Федэрацыі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?