Вы тут

У Мінску праходзіць калядны тэатральны фестываль «Нябёсы»


Мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр прымае фэст ужо трэці год запар. Свае найлепшыя спектаклі на працягу чатырох дзён дэманструюць лялечныя і батлеечныя тэатры з розных краін, сярод якіх Беларусь, Расія, Украіна, Эстонія, Велікабрытанія і Германія. Конкурсных паказаў сёлета 19, аднак галоўная задача фестывалю не вызначыць лепшага, а паказаць розныя бакі гэтага старажытнага віда мастацтва. І, вядома, у іншасказальнай форме пагаварыць пра галоўнае ...


Усе мерапрыемствы праходзяць у Нядзельнай школе манастыра. Ля ўваходу ў яе стаіць мноства калясак, у холе туды-сюды бегаюць дзясяткі малых. Заходзім у залу, крыху спазніўшыся на спектакль. Прыглушанае святло, прыемная музыка, якую, на здзіўленне, не перабівае мноства галасоў. Дзеці ад нуля да гадоў дзесяці, зачаравана глядзяць на сцэну. Мабыць, спрацоўвае магія тэатра. Калі дзеці бачаць вар'яцка папулярных выдуманых персанажаў у супермаркетах, то пераходзяць на віск. Розніца відавочная: там – безумоўна яркія, але бяздушныя героі, тут – бясконца кранальныя персанажы.

Мы трапляем на спектакль "Умка – белае медзведзяня" ад эстонскага тэатра ProJekt. Хаця не, правільна будзе сказаць, што мы трапляем на поўнач – казка адразу апускае ў патрэбную атмасферу. Нават здаецца, што чуеш завыванне завірухі за акном. Бы глянеш на вуліцу – і дакладна ўбачыш метровыя гурбы. У аснове спектакля ляжыць гісторыя, старая як свет: дружба чалавека і жывёлы. Толькі замест звыклых для нас узаемаадносін з сабакамі паказваецца ўзаемадзеянне хлопчыка з мядзведзем. Так, той самы Умка, як і ў вядомым савецкім мультфільме. Выкарыстоўваецца цікавы прыём: людзі, у адрозненне ад мядзведзяў, у гэтый пастаноўцы пазбаўленыя словаў. Як адзначыў мастацкі кіраўнік і вядучы фэсту, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Горкага Аляксандр ЖДАНОВІЧ, вядомы дзецям і дарослым як Маляваныч з "Калыханкі", зносіны паміж сябрамі адбываюцца на іншай мове, словы у якой не так важныя.

А калі задумацца, то і сам тэатр, асабліва лялечны і батлеечны, – гэта асаблівая мова зносін з гледачамі. Прычым з вельмі патрабавальнымі гледачамі. Дзеці не могуць падманваць: у іх альбо гараць вочы, альбо яны пачынаюць тузаць бацькоў, калі раптам захочацца ісці ў буфет. Але і ў гэтым няма нічога дрэннага – уседлівасць прыходзіць з узростам. Нават на некалькі хвілін цалкам захапіць увагу дзіцяці – ужо поспех. 

Той, хто гатовы не толькі назіраць за творчасцю іншых, але і тварыць, сам можа ўзяць удзел у майстар-класах. Мы трапляем на роспіс гіпсавых фігурак. Хлопцы і дзяўчынкі смелымі мазкамі наносіць яркія фарбы, зверху прысыпваючы вырабы шчодрай порцыяй бліскавак. Як распавяла майстар Кацярына, часцей за ўсё выбіраюць фігуркі анёлаў – атмасфера спрыяе.

Падчас перапынку паміж спектаклямі адведаць рабят прыходзіць айцец Сергій – протаіерэй Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра і па сумяшчальніцтве старшыня журы фестывалю. Многіх дзяцей ён ведае па імёнах, малыя наперабой паказваюць яму распісаныя цацкі. Ад святара вее спакоем: айцец Сергій добразычліва рэагуе на любыя просьбы фатографаў і з увагай выслухоўвае ўсе пытанні бацькоў, якія назіраюць за творчым працэсам.

–  А давайце я пакажу вам наш музей лялек. Там вельмі многа усяго! – так па запрашэнні айца Сергія мы апынаемся ў падвальным памяшканні Уваскрэснай школы. Менавіта тут размешчаны сапраўдны лялечны горад, дзе плюшавы сабака суседнічае з вязаным катом, а строгі ўсходні шэйх з пап'е-машэ – з тканкавай паненкай ў кірмашовым касцюме. Протаіерэй манастыра, забыўшыся на дарослых, захоплена паказвае розныя лялькі дзецям, на хаду прыдумляючы пра іх цікавыя гісторыі.

– Наш фестываль не толькі для дзяцей у прамым сэнсе гэтага слова. Бо дарослыя – гэта тыя ж дзеці, і да іх мы таксама шукаем падыход, – адзначае айцец Сергій.

Па прызнанні акторкі Дзяржаўнага беларускага тэатра лялек Яны АГЕЕНКА, якая прывяла на спектаклі і сваю ўнучку Мар'яну, членам журы даводзіцца не проста – удзельнікі вельмі моцныя. На працягу фестывалю даводзіцца перажываць шырокі спектр розных пачуццяў: ад глыбокага суперажывання да акрыляючага натхнення. Каб пераканацца ў гэтым, адпраўляемся на наступную пастаноўку. Паўночныя дэкарацыі змяняе балаган. Згасае святло...

Дар’я КАСКО

kasko@zviazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.