Вы тут

Шчыліна ў дзвярах Сусвету


Шчыліна ў дзвярах Сусвету

Цікаўнасць сусветнай супольнасці да космасу, зорак і астраноміі падганяе не толькі жаданне пазнаць непазнанае, але і страх адзіноты. Мы хочам пераканацца, што не адны ў гэтай халоднай галактыцы. Што з’яўленне жыцця на нашай планеце — гэта не цуд і не фантастычная ўдача, а цалкам заканамерны працэс. Што недзе там, у далёкім космасе, такія ж, як мы, адносна слабаразвітыя іншапланецяне мараць сустрэць суседзяў па Сусвеце.

І паколькі іншыя формы жыцця ніяк сябе не выяўляюць, нам застаецца толькі закасаць рукавы і метадычна і мэтанакіравана шукаць яго, адначасова ўдасканальваючы сваё разуменне Сусвету. Менавіта таму экзапланеталогія — адзін з самых перспектыўных напрамкаў астраноміі, які вельмі хутка развіваецца. Экзапланетамі называюць абсалютна ўсе планеты, што знаходзяцца па-за Сонечнай сістэмай. З 1995 года навукоўцы адкрылі больш за 3500 экзапланет, і цяпер гаворка ідзе толькі пра тыя, існаванне якіх пацверджана наземнымі тэлескопамі. Толькі адна касмічная абсерваторыя «Кеплер» перадала дадзеныя яшчэ пра 4000 кандыдатаў у экзапланеты.

Касмічныя апараты NASA ўжо абляцелі нашу Сонечную сістэму ўздоўж і ўпоперак і цяпер імкнуцца да яе меж. У 2016 годзе аўтаматычная міжпланетная станцыя «Новыя гарызонты» перадала на Зямлю дэталёвыя здымкі паверхні Плутона і цяпер імчыцца глыбей у пояс Койпера. І хоць няшмат людзей звычайна цікавіцца такімі астранамічнымі навінамі, пра фота Плутона гаварылі ўсе. А прычына таму — прыгожае сэрцайка на паверхні планеты, утворанае вадзяным ільдом. Плутончык уяўлялі мілай жывёлінкай, якая лапкамі трымае сэрцайка і сумуе ў адзіноце на ўскрайку нашай сістэмы.

У тыя далёкія гады, калі даследаванне галактыкі было недасяжнай марай, фантасты, сцэнарысты і рэжысёры стваралі яркія і дзіўныя светы, у існаванне якіх хацелася верыць. І сёння праз шмат гадоў, астраномы знаходзяць іх рэальныя аналагі. Тыя, хто глядзеў «Зорныя войны», памятаюць пустынную планету Татуін, дзе адначасова свецяць два сонцы. Падобнай да Татуіна планетай можа аказацца Kepler-47 d, калі вучоныя ўсё ж пацвердзяць яе існаванне. Яшчэ ў «Зорных войнах» ёсць Мустафар — планета, уся пакрытая лавай. І тут ёсць рэальнае падабенства: UCF-1.01 — невялікая каменная планета, якая знаходзіцца так блізка да сваёй зоркі, што яе паверхня расплавілася. Наступны свет, які можна згадаць у кантэксце «Зорных Войнаў», — Kepler-62f, так званая планета-акіян, якая цалкам пакрытая вадой. Яна вельмі падобная паводле апісання да выдуманай планеты Каміна, што таксама была пакрыта вадой і дзе існавалі плывучыя базы.

Але часам Сусвет здзіўляе нас больш, чым фантазія любога пісьменніка. Каму магло прыйсці ў галаву існаванне планеты з дыяментавым ядром? А яна ёсць — планета 55 Cnc е ў сузор’і Рака. Па сваіх уласцівасцях гэта планета вугляродная, а пад вялікім ціскам, як мы ведаем, вуглярод павінен ператварыцца ў дыямент. Вось такая дыяментавая планета.

Яшчэ адна дзіўная планета — Асірыс (у дакументах HD 209458 b) — прадстаўніца хтанічнага класа планет. Асірыс знаходзіцца так блізка да сваёй зоркі, што паток яе плазмы — так званы «зорны вецер»— зрывае ўсю атмасферу з планеты. І хутка ад самой планеты амаль нічога не застанецца акрамя маленькага цвёрдага ядра.

Аднак не ўсе планеты прывязаны да сваіх зорак. Існуюць і так званыя адзіночныя планеты. Чаму ж яны апынуліся адны ў космасе? Хутчэй за ўсё спрацавала вядомае правіла «трэці лішні». Калі сустракаюцца, напрыклад, дзве зоркі, то яны часова ўтвараюць сістэму двух вялізных масіўных цел, а ўсе больш дробныя целы могуць быць выкінуты з сістэмы гравітацыяй. Адкрыццё планет такога тыпу дазволіла навукоўцам перагледзець некаторыя існуючыя тэорыі.

Астраномы меркавалі, што вельмі шмат стагоддзяў таму ў нашай планетарнай сістэме існавала не чатыры (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун), а пяць газавых гігантаў. Такая гіпотэза з’явілася праз відавочныя неадпаведнасці ў сучаснай тэорыі фарміравання Сонечнай сістэмы. Раней Юпітэр быў значна далей ад Сонца, чым цяпер. Перамясціцца планета магла толькі тады, калі б выштурхнула меншае цела за межы сістэмы. Лічылася, што ахвярай руху Юпітэра мог стаць Уран або Нептун, аднак разлікі не супадалі. Выяўленне адзіночных планет, ці то планет-сірот і стала тым пазлам, без якога мазаіка пад назвай «гіпотэза пра пяты газавы гігант» не склалася б. Паводле цяперашніх уяўленняў навукоўцаў, так званая Планета Х была выпхнута з Сонечнай сістэмы, адначасова змяніўшы месцазнаходжанне Юпітэра і Нептуна, а таксама шэрагу малых планет, якія належаць поясу Койпера.

Адкрыццё новых планет не дае навукоўцам забыцца на тое, што яны яшчэ вельмі далёкія ад разумення гэтага Сусвету. Напрыклад, у іх уяўленні абменьвацца матэрыяй могуць толькі вельмі блізкія падвойныя зоркі. Аднак адкрыццё планеты WASP-12 b выявіла: зоркі могуць абменьвацца матэрыяй і з планетай, але гэта ўжо называецца паглынаннем. Верагодна, праз 10 мільёнаў гадоў WASP-12 b не будзе існаваць.

Усе гэтыя адкрыцці, вядома ж, натхняюць нас і ўзбагачаюць нашу карціну свету, аднак галоўная мэта падобных даследаванняў — пошук разумнага жыцця. І дзе яго шукаць, калі не на планетах, падобных да Зямлі. Стоадсоткава ідэнтычных пакуль не знайшлі, таму адкрыццё любой экзапланеты, блізкай да ідэалу, выклікае ўсплёск цікавасці да астраноміі. Калі з’явілася інфармацыя аб адкрыцці зоркі-рэкардсмена TRAPPIST-1 у сузор’і Вадалея, узнік не проста ўсплёск, а сапраўдны шквал. Справа ў тым, што планетарных сістэм, падобных да нашай, не так ужо і шмат. Часцей за ўсё ў зоркі выяўляецца адна, максімум дзве экзапланеты. У сістэме TRAPPIST-1 цэлых сем экзапланет, пры гэтым чатыры з іх ляжаць у так званай зоне жыцця. Гэта такая адлегласць ад зоркі, знаходзячыся на якой планета мае тэмпературу паверхні, прыдатную для існавання атмасферы і вады. Такія планеты становяцца кандыдатамі на існаванне разумнага жыцця.

Аднак ёсць і сумненні. Больш дэталёвае вывучэнне паказала: прыцягненне з боку зоркі настолькі вялікае, што перашкаджае кручэнню планет, таму яны заўсёды павернуты да сонца толькі адным бокам. Але самы важны фактар — гіганцкія дозы радыяцыі, якія перыядычна прыносяць успышкі на зорцы. Таму калі ў гэтай сістэме і ёсць жыццё, то толькі на ўзроўні прусакоў (смайл).

З той жа прычыны даследчыкі сумняваюцца ў існаванні жыцця на самай блізкай да нас планеце. Гэта Proxima b, якая круціцца вакол зоркі Проксіма Цэнтаўра ўсяго ў чатырох светлавых гадах ад нас. Проксіма Цэнтаўра — чырвоны карлік — слабы і небяспечны клас зорак. Яны часта ўзрываюцца, і гэтыя ўспышкі больш магутныя, чым сонечныя. І планета ніяк не абаронена ад іх, бо знаходзіцца вельмі блізка да зоркі.

Самая падобная да Зямлі планета з адкрытых — Kepler 438 b у сузор’і Ліры. Менавіта яна займае першае месца ў Індэксе падабенства да Зямлі (ESI). Тэмпература на ёй не перавышае 50°C, а вада знаходзіцца ў вадкім стане. Адна праблема — планет размяшчаецца ў 470 светлавых гадах ад нас. Але ёсць сярод патэнцыйна населеных планета і бліжэйшая — усяго за 16 светлавых гадоў ад нас. Гэта Глізэ 832 c у сузор’і Жураўля. Але і тут ёсць свае асаблівасці. Арбіта гэтай планеты даволі выцягнутая, і яе частка знаходзіцца па-за зонай жыцця. Сярэдняя тэмпература паверхні паводле прагнозаў навукоўцаў каля –20 C, што зрэшты не робіць планету менш прыдатнай кандыдаткай на населенасць.

Даследчыкі космасу вынаходзяць усё новыя спосабы пошуку іншых светаў. І  наўрад ці спыняцца ў бліжэйшы час, бо ў Сусвеце працягваюць фарміравацца ўсё новыя і новыя экзапланеты.

Проста цяпер, пакуль вы чытаеце гэты артыкул, у адной з досыць блізкіх да нас зорак Бэты Жывапісца ўтвараецца новы свет. Там вучоным удалося заўважыць дыск, які складаецца з газу і пылу. Існаванне гэтага дыска сведчыць пра фарміраванне планетнай сістэмы: ужо як мінімум адна планета перасоўваецца па арбіце.

І хто ведае, колькі яшчэ існуе неадкрытых светаў і іншапланетных цывілізацый, якія не ведаюць пра наша існаванне.

Пакуль не ведаюць.

Кацярына СВЕТЛАСТРАЖАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».