Вы тут

Кветкі ад Любіча


Калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея ўзбагаціў твор мастака Парыжскай школы Восіпа Любіча


Карціна «Маленькі букет кветак» была набыта ў прыватнай галерэі ў горадзе Берне дзякуючы фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Цюрыху Атанасіяса Акратоса Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі ў межах правядзення работы па вяртанні культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за мяжой.

— Мы пачынаем 2018 год са знакавай падзеі: зроблены яшчэ адзін крок па вяртанні на радзіму твораў мастацтва нашых землякоў, якія належалі да Парыжскай школы жывапісу, — сказаў, адкрываючы мерапрыемства, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — Карціна Восіпа Любіча «Маленькі букет кветак» — гэта дар нашаму музею Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Цюрыху Атанасіяса Акратоса.

Як адзначыў на прэзентацыі часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Павел Мацукевіч, гісторыя карціны пакуль малавядомая. Хутчэй за ўсё, мастак у 1932 годзе падарыў гэтую карціну (алей на кардоне) адной спадарыні Грэце ў дзень нараджэння. Пра гэта сведчыць надпіс на адваротным баку кардона.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што падарунак стане адпраўной кропкай у больш паглыбленае вывучэнне творчасці мастака Парыжскай школы. І, нягледзячы на сціплы фармат карціны, сам факт падарунка вельмі важны як для прафесійнага кола, так і для ўсяго грамадства. Падобная ініцыятыва спрыяе фарміраванню цэласнага ўяўлення пра беларускую культуру, якую стваралі майстры, што працавалі як у Беларусі, так і за яе межамі.

У нашай краіне імя Восіпа Любіча прагучала ў 2012 годзе, калі ў Нацыянальным мастацкім музеі стартаваў выставачны праект «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». Менавіта тады дачка мастака Дзіна Любіч падарыла музею афорт майстра, які прывезла з Парыжа.

Творца нарадзіўся ў Гродне ў 1896 годзе і пераехаў у сувязі з эвакуацыяй з прыфрантавой зоны. Вучыўся ў Адэсе, жыў і працаваў у Парыжы і Берліне. Творы вядомага мастака захоўваюцца ў музеях Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША і Ізраіля. Самая вялікая калекцыя гравюр знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Парыжа.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.