Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Проза. Калядна-навагодняя тэма займела ў снежаньскай прозе «Маладосці» не зусім традыцыйнае асвятленне. Замест летуценна-салодкіх тэматычных уздыхаў чытаем пра тое, чаму розныя героі з розных прычынаў не любяць зімовыя святы. Універсітэцкі выкладчык Тамаш з апавядання Алеся Емяльянава-Шыловіча з раздражненнем назірае перадкалядную мітусню, бо 31 снежня ў яго — дзень нараджэння: ён усіх сяброў віншуе з Новым годам, і ніхто не згадвае, што ў гэты дзень надыходзіць і яго асабісты новы год. Не здзівіш такім пачаткам аматараў галівудскіх стужак: самыя рамантычныя прыгоды акурат так і пачынаюцца. Тамаш таксама нечакана знаходзіць сваё шчасце ў асобе сціплай студэнткі, што падпрацоўвае афіцыянткай. І герой апавядання Настассі Нарэйкі таксама не ляціць дадому, каб з роднымі людзьмі сустракаць святы, а ледзь пляцецца, адцягваючы як мага далей гэты, для большасці людзей кранальны, момант. Вядома, у канцы адбываецца самы сапраўдны калядны цуд: усе здаровыя, шчаслівыя і закаханыя. Так што навагодняга настрою тая вялікая порцыя раздражнення, якой пачынаюцца творы, бадай, не сапсуе.


Пагатоў, яны добра разбаўленыя гумарам Досці Звяздоўскай, якая прывяла на заснежаную станцыю, да чулых, спагадлівых супрацоўнікаў прыдарожнай кавяранькі… самага сапраўднага (а гэта значыць, нячулага і неспагадлівага) рэвізора.

Безумоўна, варта адзначыць, як часопіс ушанаваў юбілей слыннай Алены Васілевіч: перадрукам яе ваеннага апавядання «Станцыя Чышма», дзе, паводле прызнання самой пісьменніцы, яна — дваццацігадовая. І гэта сапраўды самы лепшы тэкст у часопісе. Перажытая, непрыдуманая, пазбаўленая штучнага пафасу, жыццёвая праўда: дзе трэба, да месца, з досціпам, а дзе і — з болем. Перажыць многа, але напісаць пра гэта коратка і сэнсоўна — ці не найвялікшае майстэрства. Але і акрамя гэтага: для нас, пакалення, што вывучыла беларускую мову па слоўніках, і пакалення, што вывучае сёння мову па творах тых пісьменнікаў, якія вывучылі мову па слоўніках, проза Алены Васілевіч не толькі добры ўрок высокага мастацтва. Але яшчэ і ўрок незваротна добрай роднай мовы ў літаратурным тэксце. Каб жа толькі не знікала імкненне да дасканаласці!

Паэзія. «Фестываль аднаго верша» прадстаўляе калядную нізку «Мы прачнёмся — і прыйдзе Бог». У вершах трох Таццян — Светашовай, Сівец, і Нядбай, Вольгі Паўлюкевіч, Кацярыны Нарваткінай, Алеся Замкоўскага, Максіма Шняка, Антона Рудака, Глеба Лабадзенкі мы ўсё-ткі можам наталіцца хаця б паэтычнымі сняжынкамі, вершаваным марозам і літаратурным цудам, чаго так не стае сёлета ў метэаралагічных прагнозах. А вось «Монадыялог» Крысціны Бандурынай павее на нас не зімовай сцюжай, але замеццю ўнутранага болю, што паэтка паспрабавала скласці ў скрынкі вершаў. Немагчыма пакінуць без увагі гэтыя творы, у кожным з якіх новая, адметная лірычная гераіня.

***

Проза. «Ціха і спакойна жыць, працаваць на сваёй зямлі і гадаваць дзяцей» — галоўнае жаданне ці не кожнага сталага чалавека, і час Вялікай Айчыннай вайны не выключэнне. Чытач параўноўвае кожную новую рэч, прысвечаную вайне, з творамі Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Алены Васілевіч і з першых старонак пачынае разважаць: ці атрымалася ў аўтара сказаць нешта новае на вызначаную тэму? У апавяданні Міколы Гіля «Браты» адметным стаў вобраз галоўнага героя — мужчыны-селяніна, які ў жніўні 1941 года вяртаецца дадому і, напалоханы пачаткам ваенных дзеянняў, спадзяецца толькі на тое, каб перажыць нягоду разам з сям’ёй на сваёй малой Радзіме.

У творы апісваецца першы вечар Сцяпана ў роднай хаце — сустрэча з жонкай, размова з братамі і суседзямі за накрытым сталом… Сцяпан паступова асэнсоўвае змены, якія прынесла вайна, вызначае сваё стаўленне да новага ладу жыцця і да савецкай улады, якую не так даўно аддана падтрымліваў.

Адкрыццё аўтара — выяўленне характэрнага, арганічнага стаўлення селяніна да вайны, якое на пачатку ХХІ стагоддзя ўжо не вымагае адмоўнай ацэнкі. Мікола Гіль паказвае, наколькі нетаропка, неахвотна далучаўся селянін да партызанскага руху і як часта гэтаму рашэнню папярэднічала згадка пра страшнае «энкэвэдэ». У апавяданні «Браты» прываблівае новы погляд на праблему «чалавек і вайна» — і, безумоўна, вобраз галоўнага героя і фабула твора падаюцца нашмат больш праўдзівымі ў параўнанні з сацрэалістычнай прозай.

Паэзія. У часопісе прадстаўлены новыя вершы Міколы Мятліцкага, Васіля Зуёнка, паэма Алеся Бадака «Жыць адчуваннем часу незямнога». Творы прасякнуты спакойнай шчырасцю, добразычлівасцю да чытача — імкненнем зрабіць яго суразмоўцам, далучыць да роздумаў… М. Мятліцкі звяртаецца да тэм і праблем, традыцыйна значных для беларускай паэзіі: галодныя пасляваенныя гады, сталінскія рэпрэсіі, экалагічная катастрофа як небяспека новага часу.

У вершах В. Зуёнка думкі пра вечнасць спалучаюцца з клопатам пра ўраджай — вядома, у плане сімвалічным: плён зямной працы, хлеб, які можа аздобіць вечнае жыццё. Арганічным для сучаснай паэзіі падаецца матыў сяўбы, які актуалізуе кантэкст сялянскай традыцыйнай культуры і лучыць з творамі класікаў.

Літаратуразнаўства. Сярод цікавых публікацый — артыкулы Веры Міцкевіч «Як Колас настаўнікаў бараніў…» і Віктара Жыбуля «ТАВІЗ: па слядах легендарнага літаб’яднання». Артыкул Веры Міцкевіч прысвечаны артыкулу Якуба Коласа «Да сумнай гадавіны» (у арыгінале «К печальной годовщине», газета «Минское слово», 1907 г.), які не ўвайшоў у 20-томны Збор твораў, але мае выключную значнасць у дачыненні да справы настаўніцкага сходу ў Мікалаеўшчыне. Гісторыю стварэння гэтага артыкула Якуб Колас згадваў у трылогіі «На ростанях», а Янка Маўр — ва ўспамінах. Матэрыял быў прапанаваны Коласам як адказ на «злы» артыкул пра народных настаўнікаў, надрукаваны ў газеце. Колас прапанаваў сваю версію здарэння на Стаўбцоўшчыне: яго матэрыял, падпісаны псеўданімам Кудесник, «палепшыў сітуацыю ў адносінах улады да звольненых настаўнікаў, аўтар атрымаў дазвол на легальны выезд у Вільню».

Пасля знаёмства з гэтым артыкулам — як і падчас чытання трэцяй часткі трылогіі — чытач, магчыма, задумаецца, наколькі значным сацыяльна-палітычным мерапрыемствам быў «настаўніцкі з’езд», наколькі сур’ёзныя намеры мелі яго ўдзельнікі альбо акцэнтаванне гэтай падзеі ў жыццяпісе Якуба Коласа тлумачыцца найперш важкімі наступствамі і імкненнем савецкіх ідэолагаў паказаць народнага паэта актыўным ўдзельнікам сацыяльна-палітычнага змагання? Кожны зробіць свае высновы — як і падчас знаёмства з артыкулам Віктара Жыбуля.

Гартаючы перыёдыку 1930-х гадоў (газеты «Савецкая Беларусь», «ЛіМ», часопіс «Маладняк»), даследчык знаходзіць новыя сведчанні пра Таварыства аматараў выпіць і закусіць, дапасоўвае да расповеду Юркі Віцьбіча іншыя ўспаміны і прыходзіць да высновы, што ТАВІЗ сапраўды існаваў. «Гэта рэальнае нефармальнае згуртаванне беларускіх літаратараў, якія супрацьстаялі саветызацыі 1930-х гг., а ні ў якім разе не міф». У якой ступені супраціў саветызацыі спалучаўся з захапленнем выпіўкай — яшчэ адно пытанне. Зрэшты, алкагалізм нярэдка разглядаюць як своеасаблівую форму пратэсту супраць грамадскіх правіл і ўсталяванняў.

***

Проза. Да ўвагі каневодаў і гісторыкаў — часткі з кнігі Мар’яна Чапскага «Сусветная гісторыя каня», якія друкуюцца на рускай мове з грунтоўнай прадмовай перакладчыка Паўла Ляхновіча. Мар’ян Чапскі (1816 — 1875) быў правазнаўцам, удзельнічаў у паўстанні 1863 года, а галоўнае — усё жыццё цікавіўся развядзеннем коней. Яго трохтомнік «Сусветная гісторыя каня» лічыцца адной з лепшых прац у гіпалогіі. Кніга Мар’яна Чапскага будзе цікавая шырокаму колу чытачоў, бо аўтар пісаў не толькі пра конегадоўлю, але таксама пра лад жыцця, вядзенне гаспадаркі, ваенную справу, народныя традыцыі Рэчы Паспалітай і многіх іншых краін.

Паэзія. Вершы Соф’і Шах (у перакладзе Ізяслава Катлярова), Андрэя Скарынкіна і Алеся Каранеўскага напісаныя высокім стылем, іх адрознівае ўзнёсласць думак і пачуццяў, павага да класічных традыцый і ўрачысты настрой.

Цікавы выпадак — калі прадметам высакадумных разваг робяцца сучасныя рэаліі, як у вершы А. Скарынкіна «Эдемский марафон»:

Один Адам, сбежав из Палестины,

Другой Адам, сбежав из СНГ,

Встречаются, достигнув середины,

И каждый вертит пальцем на виске...

Не так ли мы, в цепях мечты блаженной,

Из мира рвемся в дальние края?..

Как будто существует во Вселенной

Держава идеального царя...

Публіцыстыка. Артыкул Міколы Труса знаёміць з дзейнасцю Адама Багдановіча, і многія чытачы (тым больш рускамоўныя) даведаюцца шмат новага пра гэту цікавую асобу — у першую чаргу пра яго палітычную дзейнасць, удзел у мінскай арганізацыі «Народная Волі». У часопісе таксама змешчаны лісты Адама Багдановіча да Антона Луцкевіча, якія дазволяць лепш уявіць лад мыслення і светапогляд галоўнага героя.

Варта звярнуць увагу на артыкулы Таццяны Фіцнер «Рэпрэзентацыя гендарных стэрэатыпаў у сучаснай беларускай прозе» і Эмануіла Іофэ «Гэта выданне магло быць унікальным». Публікацыя Эмануіла Іофэ — крытычная рэцэнзія на ўжо вядомую чытачам «ЛіМа» кнігу «Інтэлектуальная эліта Беларусі». Істотныя не столькі крытычныя заўвагі, колькі шматлікія ўдакладненні, якія тычацца ці не кожнай значнай асобы, згаданай у выданні, а таксама жывая цікавасць аўтара да гісторыі беларускай навукі і людзей, якія адыгралі значную ролю ў яе развіцці.

 Жанна КАПУСТА, Алеся ЛАПІЦКАЯ

Загаловак у газеце: Па слядах легендаў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.