Вы тут

Чатыры вобласці нашай краіны адзначылі 80-гадовы юбілей


Учора чатыры вобласці нашай краіны — Віцебская, Гомельская, Магілёўская і Мінская адзначылі 80-гадовы юбілей. Калі такога самавітага ўзросту дасягае чалавек, на свяце найперш згадваюцца поспехі і добрыя справы юбіляра. Уласна, па гэтаму ж шляху рашылі пайсці і мы, бо аб кожным з рэгіёнаў сапраўды ёсць што сказаць.


Віцебшчына: прыцягальная сіла

Ле­тась у По­лац­ку ад­кры­лі па­мят­ны знак  «Ста­лі­ца бе­ла­рус­кай дзяр­жаў­нас­ці».

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ адзначае:

— Віцебшчына, паўночны рэгіён Беларусі, мае асаблівую прыцягальную сілу. Хто аднойчы сюды трапляе, хоча зноў абавязкова вярнуцца. Гасцей у нас прымаюць з асаблівай чалавечай цеплынёй.

Непаўторныя прыродныя комплексы, помнікі архітэктуры, багатыя народныя традыцыі нікога не пакінуць абыякавымі. Жыхары вобласці ганарацца тым, што Полацкае княства ў ІХ стагоддзі стала калыскай беларускай дзяржаўнасці. Полацк яшчэ і радзіма першадрукара Францыска Скарыны. Летась, нагадаю, адсвяткавалі 500-ю гадавіну беларускага кнігадрукавання. Шмат паломнікаў прыязджаюць, каб пакланіцца прападобнай Ефрасінні Полацкай...

Сёння Віцебская вобласць па вытворчасці электраэнергіі — самая магутная ў краіне, шмат зроблена па мадэрнізацыі Лукомскай ДРЭС. Мы рэалізуем маштабныя інвестыцыйныя праекты, сярод якіх — увод каскада гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзвіне. Прыродны газ прыйшоў ва ўсе гарады і пасёлкі рэгіёна, дзякуючы газіфікацыі вясковае жыллё набліжаецца да гарадскога.

Паступова крочыць у будучыню аграпрамысловы комплекс, павялічваецца аб'ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, створаны буйныя аграхолдынгі, якія вызначаюць шляхі да харчовай бяспекі і стабільнасці.

Па выніках мінулага года на Віцебшчыне адбыўся ўстойлівы рост ва ўсіх сферах эканомікі. Прамысловасць працуе з ростам чыстага прыбытку і рэнтабельнасці продажаў. Хуткімі тэмпамі павялічваюцца пастаўкі тавараў на экспарт. Прадукцыя з віцебскай маркай пастаўляецца ў 90 краін свету. Ствараюцца новыя прадпрыемствы і вытворчасці.

Гэтыя і іншыя факты — добрая падстава для годнага святкавання 80-гадовага юбілею вобласці.

Гомельшчына: індустрыяльны лідар краіны

На­пры­кан­цы мі­ну­ла­га го­да ў Рэ­чыц­кім ра­ё­не бы­лі ад­кры­тыя два но­выя ра­до­ві­шчы наф­ты.

Сёння Гомельская вобласць — самая буйная ў Беларусі па плошчы, якая складае 40,36 тысячы квадратных кіламетраў, — пятая частка тэрыторыі нашай краіны. Па памерах Гомельская вобласць большая за Албанію, Бельгію, Люксембург, Кіпр, Сальвадор. Жыве на Гомельшчыне зараз 1 мільён 418 тысяч чалавек — гэта амаль 15 % агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі. У эканоміцы занята каля 590 тысяч чалавек.

Сёння Гомельская вобласць з'яўляецца індустрыяльным лідарам у краіне. У вобласці працуе больш за 250 буйных і сярэдніх, а таксама больш за тысячу малых прадпрыемстваў, якія складаюць пятую частку прамысловай вытворчасці Беларусі. Ужо ў ХХІ стагоддзі аб'ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў 2,2 раза, прадукцыі сельскай гаспадаркі — у 2 разы, таваразварот гандлю — у 5,1 раза, інвестыцый у асноўны капітал — у 3,2 раза.

На тэрыторыі вобласці размешчаны шэраг прамысловых гігантаў, якія шырока вядомыя ва ўсім свеце: ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», ВА «Беларуснафта», ААТ «Беларускі металургічны завод», холдынг «Гомсельмаш», ААТ «Гомельскі хімічны завод». У Гомельскую вобласць за перыяд з 2011 года прыцягнута замежных інвестыцый на суму больш за $6 млрд з больш чым 40 краін свету.

Зусім хутка плануецца ўвесці завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы магутнасцю 400 тысяч тон у год у ААТ «Светлагорскі ЦКК». ААТ «Гомельшкло» завяршае праект па выпуску энергазахавальнага шкла. Завяршаецца рэалізацыя вытворчасці новых відаў кардону на Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы».

Між тым каля 60 % усяго аб'ёму прадукцыі прадпрыемстваў Гомельшчыны пастаўляецца на экспарт.

80-годдзе стварэння Гомельскай вобласці — гэта свята для ўсіх, хто ў розныя гады ўклаў працу, веды, талент і энергію ў прымнажэнне багаццяў роднай зямлі, адзначае старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Дворнік:

— За гэтыя дзесяцігоддзі змянілася шмат пакаленняў, перабудоўвалася дзяржаўная сістэма, змяняўся эканамічны курс, ставіліся новыя мэты. Нязменным для нас заставалася галоўнае — жыць у міры, апрацоўваць зямлю, будаваць дамы, гадаваць дзяцей, паважаць старэйшых, дапамагаць блізкім. А яшчэ — беражліва захоўваць і ганарыцца гісторыяй нашага роднага дома — Гомельскай вобласці.

Міншчына: прывабная для інвестараў

Бе­ла­рус­ка-кі­тай­скі ін­дуст­ры­яль­ны парк «Вя­лі­кі ка­мень» — пры­ця­галь­ная пля­цоў­ка для ін­вес­та­раў.

Мінская вобласць — гэта пятая частка усіх прыцягнутых у асноўны капітал інвестыцый, што дазволіла рэгіёну стаць лідарам у краіне па асноўных паказчыках дзейнасці ў гэтай сферы. Інвестыцыйны патэнцыял не абмежаваны толькі Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам і Свабоднай эканамічнай зонай. Нягледзячы на тое, што найбольшую цікавасць у інвестараў выклікаюць пляцоўкі ў Мінскім раёне, кожны райвыканкам актыўна працуе па фарміраванні дастойных прапаноў для фінансавых укладанняў і пошуку патэнцыяльных інвестараў.

Інвеставанне ажыццяўляецца як дзеючымі прадпрыемствамі, так і шляхам стварэння новых, у тым ліку з замежным капіталам. Больш як 170 інвестыцыйных праектаў запланавана да рэалізацыі ў 2018 годзе. Асаблівую цікавасць у інвестараў апошнім часам выклікае будаўніцтва смеццеперапрацоўчых прадпрыемстваў па самых найноўшых тэхналогіях. Ужо праведзены папярэднія перамовы з інвестарамі з Бельгіі і Германіі. Таксама чакаецца, што новыя рэзідэнты Індустрыяльнага парка, а іх ужо 25, прыступяць да актыўнага асваення будаўнічых пляцовак і стварэння сучасных вытворчасцяў.

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным юбілею вобласці, старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА адзначыў:

— За восемдзесят гадоў вобласць прайшла няпросты, але паспяховы шлях. Яна з'яўляецца цэнтральным рэгіёнам краіны і трывала ўтрымлівае лідарства ў аграпрамысловым комплексе. Вядзецца мэтанакіраваная работа па мадэрнізацыі вытворчасці, укараненні новых інтэнсіўных тэхналогій, машын і механізмаў, высокатэхналагічнай дысцыпліны кадраў усіх узроўняў. Дынамічна развіваюцца прамысловасць, будаўніцтва, іншыя галіны эканомікі. Нашы тавары купляюць больш як у 130 дзяржавах, а такія прамысловыя гіганты як «Беларуськалій», «БелАЗ» вядомыя ва ўсім свеце. Пазітыўныя перамены адбыліся ў адукацыі, культуры, фізкультуры і спорце. З кожным днём пераўтвараюцца да лепшага нашы гарады і сёлы. У вобласці вядзецца будаўніцтва жылля, школ, дзіцячых дашкольных устаноў, клубаў, фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. Але галоўным багаццем нашага краю заўсёды былі людзі. Дзякуючы стваральнай і добрасумленнай працы жыхароў Міншчыны вобласць мяняецца з кожным годам, становіцца лепшай і прыгажэйшай.

Магілёўшчына: эстафета добрых спраў

Дзі­ця­чы са­док у Ка­зі­мі­раў­цы — ад­на з доб­рых спраў, пры­све­ча­ных юбі­лею Ма­гі­лёў­скай воб­лас­ці.

Сёння Магілёўшчына з'яўляецца галоўным у краіне вытворцам хімічных валокнаў, цэменту, цэглы, будаўнічых блокаў, жалезабетонных рэек, тканін. У цяперашні час аблвыканкамам заключана каля 50 дакументаў аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, краін СНД, блізкага і далёкага замежжа.

Юбілейны год вобласці было вырашана адзначыць эстафетай добрых спраў. У рамках праекта, на працягу месяца з 14 снежня па 15 студзеня ўсе прыемныя падзеі — адкрыццё сацыяльна значных і вытворчых аб'ектаў, канцэрты і творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і дабрачынныя мерапрыемствы — прысвячаюцца юбілейнай даце.

У раёне Казіміраўкі ў Магілёве адкрыўся трохпавярховы дзіцячы садок на 240 месцаў, а для абласнога анкадыспансера пабудаваны новы аперацыйны блок, дзе акрамя васьмі аперацыйных боксаў размясціліся рэанімацыйна-анестэзіялагічнае і цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленні. У Клімавічах адкрыўся кіназал у Цэнтры культуры, у Кіраўскім раёне здадзены першы пускавы комплекс малочнатаварнай фермы ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага», у Глускім раёне на базе «Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» створана аддзяленне набыцця жыццёвых навыкаў. Кожны раён прыклаў намаганні, каб нешта ўкласці ў скарбонку добрых спраў.

— Гэты юбілейны год павінен стаць для нас годам новых значных спраў і новых вытворчых вынікаў, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. — Юбілеі свайго роду бягучы радок памяці, калі ў плыні штодзённых клопатаў мы на імгненне спыняемся, даём ацэнку зробленаму, вызначаем планы на будучыню. А яшчэ — разуменне таго, што мы не першыя і не апошнія на гэтай зямлі, хтосьці быў да нас, хтосьці будзе пасля нас, і ў іх будуць свае юбілеі, а мы станем для іх гісторыяй.

Па традыцыі ў дзень нараджэння вобласці да капліцы на Буйніцкім полі былі ўскладзены «кветкі памяці» ад кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутатаў, ваенізаваных службаў, працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, ветэранаў, моладзі. У гонар тых, хто змагаўся за незалежнасць сваёй радзімы, хто загінуў, яе вызваляючы, адбылася хвіліна маўчання і прагучаў трохразовы ружэйны залп. У гэты ж дзень у аблвыканкаме адбыўся круглы стол з удзелам заслужаных людзей вобласці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Рэгіёны развіцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.