Вы тут

Абеззаражваем глебу ад грыбковых інфекцый


Няправільнае выкарыстанне глебы з часам прыводзіць да назапашвання ў карэннезаселеным пласце патагенных мікраарганізмаў, якія прыводзяць да захворвання раслін і страты ўраджаю. Найбольшую шкоду агародным культурам прычыняюць грыбковыя інфекцыі (фітафтароз, рызактаніёз, шолудзі, альтэрнарыёз, гнілі), якія скарачаюць ураджай на 50—100 %.


Агароднікі нярэдка адзначаюць, што распаўсюджаныя меры абароны раслін ад хвароб не прыносяць чаканых вынікаў. Часам грыбковая інфекцыя здольная за некалькі сутак цалкам знішчыць жывыя расліны. Адной з прычын гэтага з'яўляецца высокі інфекцыйны фон глебы. Таму зямля мае патрэбу ў правільнай апрацоўцы і абеззаражванні.

У абароненым грунце (у цяпліцы або кантэйнеры) выканаць абеззаражванне прасцей. А ў адкрытым грунце цалкам знішчыць крыніцы заражэння практычна немагчыма, але аздаравіць глебу па сілах нават агародніку-пачаткоўцу.

Прыёмы абеззаражвання глебы ад грыбковых інфекцый можна падраздзяліць на:

  • агратэхнічныя;
  • біялагічныя;
  • хімічныя.

Агратэхнічная апрацоўка глебы

Агарод варта разбіць на вузкія градкі (1,5-2 м). Гэта дазволіць апрацоўваць іх больш старанна і ветрыць, паколькі ў загушчаных пасадках, дзе вільготна і цёпла, грыбны міцэлій развіваецца вельмі хутка.

Акрамя таго, трэба выконваць севазварот. Адну і тую ж культуру можна вяртаць на былое месца не раней чым праз 3—5 гадоў. За гэты перыяд міцэлій гіне.

Культуры, схільныя да пашкоджання грыбком, лепш высаджваць пасля цыбулі, часнаку, капусты, бабовых. Паслёнавыя (таматы, бульба, баклажаны, перац) нельга высаджваць пасля сабе падобных — паслёнавых. Для пасадак трэба выкарыстоўваць здаровы матэрыял, устойлівы да грыбковых захворванняў, а пасеў праводзіць абеззаражаным насеннем. Таксама варта старанна прыбіраць з дзялянак пашкоджанае бацвінне і адразу ж яго спальваць. Рэшткі заражаных раслін ні ў якім разе нельга закопваць у глебу або ўкладваць у кампоставыя кучы.

Не варта перакормліваць расліны азотам. Угнаенні павінны быць збалансаваныя — азот:фосфар:калій = 1:1,5:1,5.

Біялагічная апрацоўка глебы

На маленькім участку непажадана ўжываць хімічныя прэпараты. Лепш аддаць перавагу рэчывам, у складзе якіх ёсць карысныя мікраарганізмы, бяспечныя для чалавека, жывёл, насякомых.

Найбольш эфектыўныя растворы прэпаратаў «Байкал ЭМ-1», «Байкал ЭМ-5», унесеныя ў глебу за 2-3 тыдні да наступлення восеньскіх замаразкаў. Мікраарганізмы спыняюць развіццё фітапатагенаў, аздараўліваюць глебу.

Таксама можна выкарыстоўваць гатовыя біялагічныя фунгіцыды «Фітаспарын», «Фітацыд М» і іншыя. Пасля восеньскай перакопкі біяфунгіцыд трэба ўнесці ў верхні пласт глебы (таўшчынёй 5—10 см). Вясной (пасля сходу снегу і надыходу ўстойлівага цёплага надвор'я) апрацоўку глебы варта паўтарыць.

Сістэматычнае абеззаражванне глебы і апрацоўка раслін супрацьгрыбковымі біяпрэпаратамі дапамогуць ачысціць зямлю ад інфекцыі, абараніць расліны ад захворванняў, а ваш арганізм — ад атручэнняў.

Хімічная апрацоўка глебы

Калі біяпрэпараты аказваюцца недастаткова эфектыўнымі, без хімікатаў не абысціся. Выбірайце тыя, на ўпакоўцы якіх паказаны 3-4 клас небяспекі.

Увосень глебу можна апрацаваць 3-працэнтным растворам бардоскай вадкасці. Вясной (у красавіку ў сухое надвор'е) у верхні пласт глебы (на глыбіню 5—10 см) варта ўнесці 4-працэнтны раствор хлюрвокісу медзі або 2-працэнтны раствор «Аксіхома». Непасрэдна пры пасадцы ў лункі можна ўнесці «Квадрыс», «Брава», «Хом» і іншыя прэпараты (па інструкцыі). Але ўлічыце: яны знішчаць не толькі патагенную, але і карысную мікрафлору.

Такім чынам, толькі комплексныя мерапрыемствы дапамогуць абеззаразіць глебу на ўчастку і не дапусціць развіцця грыбковых інфекцый.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».