Вы тут

Як на Віцебшчыне развіваецца турызм?


Праз некалькі дзён пасля навагодняга свята на Віцебшчыне адбыўся абласны семінар кіраўнічых кадраў, прысвечаны актуальным пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця. У мерапрыемстве бралі ўдзел губернатар, старшыня абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улад рэгіёнаў і іншыя адказныя асобы. Наведалі некалькі раёнаў.

Наш карэспандэнт разам з імі пабываў у Гарадоцкім і Шумілінскім, дзе ў цэнтры ўвагі былі пытанні развіцця турызму, фізкультуры і спорту.


Па загар у лютым

Упачатку паказалі адрамантаваны турысцка-аздараўленчы комплекс «Лосвіда».

У пабудаваным яшчэ ў 1970-я комплексе пасля рамонту многае палепшылася. У прыватнасці, цяпер тут ёсць канферэнц-зала — трансформер. Будзе і штучнае сонца. Не салярый, а менавіта свяціла, якое будзе ўсходзіць і заходзіць. І ахвотныя загарэць змогуць прыязджаць на Гарадоччыну нават у лютыя халады. З'явіцца і басейн з падводнымі цячэннямі.

Кіраўнік турысцка-экскурсійнага прадпрыемства «Беларустурыст» Людміла Сянькоўская падзялілася з губернатарам Мікалаем Шарснёвым планамі. Напрыклад, дапамагчы адкрыць бюро падарожжаў у кожным раёне. Паралельна і падабраць спецыялістаў з ліку мясцовых. Адпаведна, будуць створаны новыя працоўныя месцы, мясцовыя жыхары больш актыўна будуць падключацца да турыстычнага бізнесу.

Улічваючы візавыя паслабленні для замежнікаў, асабліва ў сувязі з «Еўрагульнямі», якія пройдуць у Беларусі, ёсць добрыя перспектывы актыўна зарабляць і на гэтым. І ўжо многае зроблена. Распрацавалі спецыяльныя карту, маршруты, кожны з якіх па ходзе можна змяніць на іншы...

Генеральны дырэктар заінтрыгавала і магчымасцю арганізаваць адпачынак у Феадосіі на некалькі дзён усяго за... 35 долараў. Будуць вазіць туды на аўтобусах.

І снег не ў дэфіцыце

Падчас наведвання ў Гарадку комплексу для падрыхтоўкі лыжнікаў і біятланістаў неаднойчы падкрэслівалася яго ўнікальнасць. У прыватнасці, снег тут не растае, калі на аналагічных аб'ектах яго ўжо няма. Гэта тлумачыцца асаблівымі рэльефам і надвор'ем. Спартыўны гарадок вельмі запатрабаваны не толькі ў беларускіх спартсменаў і аматараў лыжнага спорту.

Дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту Ілья Смунёў канстатаваў, што да нас прыязджаюць з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Малдовы. У гатэль на 75 месцаў часта няма магчымасці засяліць адразу ўсіх ахвотных. Спартсменам вельмі цікава апрабаваць узровень падрыхтоўкі на трасе з параўнальна вялікім перападам вышынь. Многія прызнаваліся, што па складанасці яна не мае роўных ва ўсёй Еўропе. Ёсць тут і спартыўная зала. У снежні мінулага года быў здадзены басейн з чатырма дарожкамі. Сярод навінак — перасоўная лазня на колах.

Губернатар Мікалай Шарснёў прапанаваў стварыць на базе комплексу сядзібу Дзеда Мароза. Ды такую, каб яе было не сорамна паказаць тым, хто пабываў, напрыклад, у Белавежскай пушчы. Ужо ёсць ідэя збудаваць «офіс» для Снягуркі. Канешне, без Дзеда Мароза не абыдзецца. Мяркуецца, што месца з казачнымі персанажамі будзе прыносіць яшчэ большы даход. Зарабляць тут ужо добра навучыліся, бо з кожным годам выдаткі з дзяржаўнай казны памяншаюцца.

Шумілінскі вопыт таксама заслугоўвае ўвагі і пераймання. Тут паказалі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з невялікім басейнам, на стадыёне ёсць сектар для штурхання ядра, вулічныя трэнажоры. У крокавай даступнасці стварылі добрыя ўмовы для трэніровак валейбалістаў, заняткаў адзінаборствамі. Усе аб'екты побач. І яны нязменна карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. У прыватнасці, у вучняў школы, якая непадалёк.

Што цікава, каб усё гэта зрабіць, выкарысталі мінімум дзяржаўных грошай. Праводзілі суботнікі, актыўна прыцягвалі да правядзення рэканструкцыі і рамонту мясцовых камунальнікаў, лясгас, мецэнатаў...

Як пракаментаваў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, гэтыя раёны былі выбраны для наведвання не таму, што яны ўзорныя. Проста на іх прыкладзе яшчэ раз упэўніваешся, як добра пры жаданні можна развіваць турыстычную і спартыўную галіны. Галоўнае, што ёсць адпаведныя разуменне і падыходы. Уладзімір Цярэнцьеў расказаў пра планы адкрыцця басейнаў і іншых аб'ектаў у шэрагу райцэнтраў вобласці. У прыватнасці, у Сянне і Чашніках.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Штучнае свяціла і сядзіба Снягуркі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».