Вы тут

Унучка памочніцы Клумава — пра ваеннае мінулае радавога гнязда


Мінчанка Таццяна Калашнікава добра памятае, што на хаце, дзе жыла яе бабуля, вісела мемарыяльная шыльда. Па словах жанчыны, літары, адціснутыя на ёй, сведчылі: у гады Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым доме збіраліся падпольшчыкі, а таксама быў выдадзены першы нумар падпольнай газеты «Звязда»...


У па­мяць аб зна­ка­мі­тых ба­бу­лях у Тац­ця­ны Калашнікавай за­ста­лі­ся па­свед­чан­не пад­поль­шчы­цы ад­ной і вы­раз­ка з га­зе­ты аб дру­гой.

Калі ж верыць дакументам, у акупаваным Мінску выданне ўбачыла свет у падпольнай друкарні, абсталяванай на кватэры бацькі і сына Воранавых. На канкрэтны дом па вуліцы Караля (тады Шорнай) дагэтуль указвае адпаведная шыльда. Нагадвае яна і аб тым, які лёс напаткаў гаспадароў: адважныя патрыёты загінулі ў фашысцкім засценку ў канцы 1942 года.

Аўтобусы з турыстамі і «амлет»

Але ж дзіцячая памяць назаўжды адклала ў падсвядомасці Таццяны Калашнікавай тое, што дом, у якім яна праводзіла свае найлепшыя гады, абсалютна дакладна быў звязаны з падпольшчыкамі і «Звяздой». Невыпадкова яшчэ доўгі час пасля вайны каля старога клёна адзін за адным спыняліся вялікія аўтобусы, што везлі школьнікаў і турыстаў на знаёмства як з хатай, так і з яе гаспадыняй, якая каторы раз не стамлялася расказваць пра вайну. І чарговы раз унучка падпольшчыцы, якую тая заўсёды брала з сабой, слухала ўжо даўно вядомыя ёй гісторыі, незаўважна паглынаючы цукеркі, якімі шчодра адорвалі малую прыезджыя.

А бабуля, Марыя Калашнікава, расказвала пра ваеннае ліхалецце, калі яна, сувязная партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы», а таксама партызанскіх атрадаў імя Сталіна і «Штурм», кожны дзень вісела на валаску ад смерці.

У той самай хаце па вуліцы Варвашэні (сучасны праспект Машэрава), якая пасля карысталася папулярнасцю ў турыстаў, падчас акупацыі Мінска збіраліся падпольшчыкі. Тут вырашаліся важныя пытанні, падрабляліся дакументы, друкаваліся лістоўкі і, па словах унучкі, быў выдадзены першы падпольны нумар «Звязды».

Афіцыйнага пацвярджэння апошні факт не мае, але цалкам рэальна, што тут маглі стварацца некаторыя газетныя артыкулы, абмяркоўваліся тэмы будучых публікацый. Магчыма, на канспіратыўнай кватэры захоўваліся гранкі, шрыфты або іншыя друкарскія прылады. А можа, часам і сама газета, якая чакала свайго выхаду ў вялікі свет?

— Я вельмі добра памятаю, як у сям'і рэгулярна гучалі такія прозвішчы, як Амельянюк (рэдактар першага нумара падпольнай «Звязды». — Аўт.), Гало, Казлоў, Рубец... — расказвае Таццяна Калашнікава. — Каб лепш іх запомніць, я нават праводзіла пэўныя асацыяцыі. Напрыклад, Амельянюка атаясамлівала са словам «амлет», Гало — з «галкай». Казлоў — распаўсюджанае прозвішча, ды і хлопчыкаў часта дражнілі самі ведаеце як. Ну а Рубец увогуле ні з чым не пераблытаеш: гэта мая другая бабуля, родная сястра Марыі Фёдараўны.

Памочніца Клумава і збанок-інфарматар

Вікторыя Рубец сярод мінскіх падпольшчыкаў чалавек не апошні. Яшчэ да вайны яна працавала асістэнткай у будучага Героя Савецкага Саюза Яўгена Клумава. У гады акупацыі разам з прафесарам жанчына дапамагала падпольшчыкам і партызанам: перадавала ім лекі, перавязачныя матэрыялы, лячыла параненых, выдавала «ліпавыя» даведкі, якія ратавалі людзей ад рабства ў Германіі. Сям'я вельмі баялася за яе лёс. І недарэмна...

— Бацька расказваў, што, калі ў кватэру з вобыскамі прыходзілі немцы (а было гэта нярэдка), ён разам з сястрой хаваўся на печы, — кажа Таццяна Калашнікава. — Адзін з такіх вобыскаў усё ж скончыўся трагічна. Вікторыя Рубец, якую арыштавала гестапа, памірала ў пакутах: на спіне і грудзях падпольшчыцы немцы выразалі зоркі. Не былі лёгкімі апошнія дні жыцця і ў Івана Казлова...

Іван Харытонавіч быў другім мужам Марыі Калашнікавай. Хутчэй за ўсё, афіцыйна яны не былі ў шлюбе, але, нягледзячы на гэта, жылі разам. Удваіх падключыліся і да падпольнай барацьбы з фашыстамі. За сувязь з партызанамі Казлова арыштавалі 25 кастрычніка 1942 года. Да свайго расстрэлу (Іван Харытонавіч быў пакараны гітлераўцамі ў снежні таго ж года) ён утрымліваўся ў турме па вуліцы Валадарскага.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца драўляны збанок, у якім падпольшчык перадаваў запіскі сваёй жонцы. Марыя Калашнікава ў сваю чаргу напаўняла яго калі ежай, калі малаком і, паклаўшы паведамленне ў адтуліну, якую потым замазвала глінай, пяском або хлебным мякішам, да канца снежня трымала сувязь з арыштаванымі ўдзельнікамі Мінскага падполля.

Гэтак жа падпольшчыкі мелі зносіны і з Вікторыяй Рубец, якая таксама трапіла на Валадарку. Усё працягвалася да зімы 1943-га, пакуль збан не вярнулі разам з перадачай. Стала ясна: Вікторыі больш няма ў жывых. Апошняя запіска, якая так і не дайшла да свайго адрасата, знаходзіцца ў збанку дагэтуль. Сёння гэта музейны экспанат.

Пасмяротна Вікторыя Рубец была ўзнагароджана ордэнам Леніна, Іван Казлоў — ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Мела ўзнагароды і Марыя Калашнікава. Толькі якія і дзе яны цяпер — сваякі не ведаюць.

Дом, дзе ўсім было ўтульна

Хату, дзе ў гады вайны збіраліся падпольшчыкі, знеслі ў пачатку 1970-х: адразу пасля таго, як памерла яе гаспадыня. Марыі Калашнікавай яшчэ пры жыцці давалі добрую чатырохпакаёвую кватэру, але яна пажадала дажываць век у сваёй хаце.

— Дом я памятаю вельмі добра, — працягвае ўнучка патрыёткі. — Кожнага 9 Мая бабуля збірала на стол і запрашала да яго падпольшчыкаў, каму пашчасціла выжыць. Усе выхадныя і канікулы я праводзіла ў яе. Для мяне, дзіцяці асфальту, у якога ніколі не было сваякоў у сельскай мясцовасці, гэта была самая сапраўдная вёска (раён Пярэспа тады цалкам быў забудаваны прыватным сектарам). На бабуліным участку раслі маліны, парэчкі, агрэст, півоні, вельмі шмат яблынь... У Марыі Фёдараўны былі дзве курыцы: Белка і Стрэлка. Яна іх лавіла, садзіла сабе на рукі і сілком карміла. Яна ўсіх імкнулася накарміць, у тым ліку мяне.

Дагэтуль перад вачамі Таццяны Калашнікавай — карціна, як пасля смерці бабулі з хаты выносілі яе рэчы, а сын падпольшчыцы сек мэблю сякерай. Тады ўваходзілі ў моду «сценкі» і мяккія вугалкі, таму, на думку нашчадкаў, старадаўнія рэчы толькі псавалі б інтэр'ер. Сёння жанчына многае аддала б, каб хоць некаторыя рэчы з падпольнай кватэры перакачавалі да яе на праспект газеты «Звязда», дзе яна жыве ўжо не першы год. Сімвалічна і тое, што бацька Таццяны, заслужаны артыст Беларусі, акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Уладзімір Калашнікаў, доўгі час выпісваў нашу газету.

— У нас дома ўвогуле была чытальная зала, — успамінае ўнучка падпольшчыцы. — Бацькі выпісвалі не толькі «Звязду», а і гарадскую «Вечерний Минск», «Литературную газету», «Літаратуру і Мастацтва», «Труд», «Камсамольскую правду», часопіс «Вокруг света». Прыйшоўшы са школы, калі бацька быў не на гастролях, мы садзіліся з ім па розных кутках і чыталі перыёдыку: прычым ад першай паласы да апошняй. Часам гэта доўжылася па чатыры-пяць гадзін.

У пошуках артэфактаў

Днямі мы з Таццянай Калашнікавай шукалі валун. Па яе словах, ён павінен быў стаяць на месцы дома, які ў гады вайны стаў прытулкам для многіх падпольшчыкаў. На жаль, пошукі атрымаліся безвыніковымі. Хутчэй за ўсё, былая сядзіба Калашнікавых сёння ўваходзіць у тэрыторыю піўзавода «Аліварыя». Толькі там пра колішняга суседа з гераічнай гісторыяй, на жаль, нічога не ведаюць.

Затое пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, высветлілася, што шыльда, якая пасля вайны вісела на сцяне дома Марыі Калашнікавай, не знікла. Яна захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўды, яна многае пацвярджае. Толькі пра «Звязду», на жаль, там ні слова: «У гэтай хаце ў 1941—1942 гады знаходзілася канспіратыўная кватэра Мінскага партыйнага падполля. Утрымліваў кватэру І. Х. Казлоў. Пакараны фашыстамі 20 снежня 1942 года ў г. Мінску. У перадсмяротным лісце з засценка гестапа ён пісаў «Жыць для Радзімы, для савецкага свабодалюбівага народа, змагацца за гонар і свабоду яго, у гэтым усё хараство жыцця, гэта ў цяперашні момант ідэал жыцця».

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Явачная кватэра ці падпольная друкарня?

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.