Вы тут

«Я цешуся, што ў аўтобусе моладзь па-ранейшаму размаўляе па-беларуску»


Не вам казаць: з кожным годам сам Новы год (прабачце за паўтор) усё часцей і часцей. Толькі-толькі, здаецца, сустракалі 2017-ы, азірнуцца не паспелі...

Хоць яно і трэба. Каб нешта ўзважыць і абдумаць, каб зрабіць высновы і паставіць мэты. Каб урэшце ўспомніць, як было, як стала...


Некалі, напрыклад, амаль у кожную сям'ю прыходзіла па тры, чатыры, пяць, а то і болей выданняў. Сярод іх былі раёнка і абласная газета, як мінімум, адна з рэспубліканскіх і адна з саюзных («Правда», «Известия», «Труд»). Модна (і цікава!) было чытаць тую ж «Литературку» і наш «ЛіМ», многія часопісы... Прычым падпіска на іх (дзе дабравольна, дзе «дабравольна-прымусова», а дзе і па блаце) афармлялася адразу на год і творчых супрацоўнікаў рэдакцый амаль не хвалявала. Яны думалі, аб чым пісаць, як пісаць, як лепш падаваць інфармацыю...

Цяпер жа ўсё большы клопат аб тым, ці будзе на яе попыт? А калі будзе, то ў якім памеры: гэта значыць хто аформіць падпіску на новы месяц, квартал ці паўгоддзе, а хто не? Якім у выніку будзе тыраж?

Для «Звязды», адзінай (са штодзённых) беларускамоўнай газеты, гэта пытанні з пытанняў. Напэўна, таму і радуе штогадовая калядная пошта.

«Мне 73 гады, я былая настаўніца хіміі і біялогіі. Калі толькі пачынала працаваць у школе, нас прымушалі выпісваць шмат чаго, — піша спадарыня Яўгенія Заруба з Іўеўшчыны. — Цяпер з усіх гэтых газет і часопісаў у мой дом прыходзіць толькі «Звязда» і раёнка. Выпісваю іх штомесяц, бо пенсія сціплая, шмат грошай ідзе на лекі і дровы (жыву ў вёсцы, дзе ўсяго 15 насельнікаў), на электрычнасць, балон... Але «Звязду» я люблю. Тут шмат парад пра здароўе, пра сад-агарод, навіны ў краіне, у адукацыі. Цікава ўсё, таму планую выпісваць газету і далей».

«...Наша газета і сапраўды родная — цікавая, цёплая. Яна інфармуе чытачоў, дае веды і парады, вучыць роднай мове,— піша спадар Міхаіл Літошын з Мінска. — Я вельмі спадзяюся, што наша моладзь будзе думаць і размаўляць па-беларуску. Надзею на гэта даў нумар, прысвечаны стагоддзю «Звязды». На першай старонцы там быў здымак маладых супрацоўнікаў газеты, і я ўсцешыўся. Якія прыгожыя хлопцы і дзяўчаты, якія адкрытыя, разумныя позіркі...

Ведаю, — працягвае спадар Літошын, — што, каб стаць сапраўднымі прафесіяналамі, моладзі трэба вучыцца. У «Звяздзе» ім ёсць у каго. Пачытайце тыя ж «Неасабісты суб'ектыў», «Нефармат» ці «Простую мову»... Чытачам яны вельмі патрэбны».

Хочацца верыць... Знаёмая кулінарка казала, што гатаваць трэба добра, а не — дык не псуй прадукты. У нашым выпадку (і на мой суб'ектыўны погляд. — Аўт.) — не займай месца на газетнай паласе, не марнуй час — і свой, і чытача, бо яны — вельмі дарагія. «Мне ўжо 90 і, на жаль, з усімі наступствамі, — у першых радках свайго ліста прызнаецца, у прыватнасці, спадар Эдуард Арочка з Кобрына. — Але «Звязду» я па-ранейшаму выпісваю. Чытаем яе ўдваіх з дачкой, былой настаўніцай гісторыі. Адпаведна, нейкія артыкулы тут жа абмяркоўваем.

Такім чынам, «Звязда» і была, і застаецца маім штодзённым спадарожнікам аж з 1948 года. Гэта значыць і тое, што мой стаж сяброўства — амаль 70 гадоў (здымаем капялюш, як той казаў...), і тое, што менавіта гэта газета выводзіла мяне на прасторы жыцця: спачатку дапамагала атрымаць адукацыю, потым — працаваць.

У юнацкія гады, — працягвае шаноўны Эдуард Іосіфавіч, — я быў удзельнікам партызанскага руху. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў на адказных пасадах у савецкіх органах улады, упраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама, 21 год узначальваў калгас «Рассвет» Слонімскага раёна. Маю дзяржаўныя ўзнагароды, з'яўляюся Ганаровым грамадзянінам Гродзенскай вобласці.

Мне пашанцавала сустракацца з многімі людзьмі, якія пакінулі значны след у гісторыі і культуры нашай краіны. Мой калгас, напрыклад, двойчы наведваў П. М. Машэраў, быў у гаспадарцы і М. С. Гарбачоў... Дарэчы, Мікола Арочка — паэт, літаратуразнаўца і літаратурны крытык — гэта мой аднавясковец, сусед і нават сваяк. Мы з ім разам гадаваліся ў невялічкай вёсачцы Вецявічы Слонімскага раёна, усё жыццё сябравалі, у нашы дамы заўсёды прыходзіла газета «Звязда» і значна ўплывала на нашы погляды», — прызнаецца спадар Арочка.

Ён жа (за што асобны дзякуй!) выказвае спадзяванні, што і ў новым, 2018 годзе, «Звязда» будзе заставацца атрыбутам нацыянальнай свядомасці і патрыятызму, што тыраж газеты будзе павялічвацца.

Вось гэтыя б словы ды Богу ў вушы, як той казаў. Але ж проста спадзявацца на тое сёння не даводзіцца: многае трэба рабіць газеце (для паляпшэння зместу, для рэкламы), шмат што могуць зрабіць чытачы: «Не буду сцвярджаць, што чытаю «Звязду» ўсё жыццё, — прызнаецца спадар Пятро Харэцкі з Мінска. — У дзяцінстве выпісваў «Піянер Беларусі», у юнацтве — «Знамя юности» і «Чырвоную змену». Калі служыў у войску, чытаў ці не ўсё, што прыходзіла ў наша падраздзяленне. А калі пачаў працаваць на заводзе, сутыкнуўся з тым, што ў канцы кожнага года ў цэх прыходзіў парторг са спісам выданняў, якія трэба выпісваць.

Калі канкрэтна я пазнаёміўся з газетай «Звязда», ужо не памятаю, а вось выпісваць пачаў з 1993 года. Маю вялікі стос парыжэлых выразак і дакладна ведаю, што ў снежні 1994 года тыраж газеты быў 171 588 экзэмпляраў.

Цяпер ён зменшыўся ў разы. Я думаю, зусім не таму, што газета стала нецікавая. Пераглядзеўшы выразкі і свежыя нумары, сцвярджаю, што «Звязда» застаецца «Звяздой», проста моладзь цяпер аддае перавагу інтэрнэту, а старэйшае пакаленне паціху сыходзіць...

Але ж пры гэтым мае дзеці, калі вучыліся ў школе, па беларускай мове і літаратуры мелі добрыя адзнакі. Зараз засвойваць родную мову я дапамагаю ўжо ўнукам, а мне ў сваю чаргу дапамагае «Звязда», — піша спадар Харэцкі. — Сваім нашчадкам я нават паўжартам сказаў, каб свежыя нумары газеты, калі памру, паклалі ў труну. З любімымі ж не трэба расставацца — ні на гэтым свеце, ні на тым».

І яшчэ адна цікавая цытата з ліста: «На святы я планую паехаць на сваю малую радзіму, на Пастаўшчыну. Апроч іншага, павязу сястры яшчэ і кіпу газет з «Неасабістым суб'ектывам», з «Народам на провадзе», з «Простай мовай» ды іншымі матэрыяламі. Няхай пачытае».

Прапагандуюць «Звязду», яе МОВУ і іншыя чытачы. У гэтым сэнсе цікавым падаўся ліст спадара Міколы Камароўскага з Оршы. Ён згадвае даўнюю знаёмую, вяскоўку, якая, прыехаўшы ў горад сёе-тое купіць, хацела выдаць сябе за гараджанку, пытала: «А потаннее нет?». «Няма ні танней, ні дешевле», — адказала ёй гандлярка.

Адказала, зазначым, тады, а гучыць нібы сёння...

«Беларуская мова зведала на сваім шляху нямала перашкод, — працягвае спадар Мікалай. — Але ж яна заўсёды жыла ў генах беларусаў. Помню, як я, малады спецыяліст, прыехаў у вясковую глухмень. Сямідзясятыя гады — курс на аб'яднанне нацый і народаў пад лозунгам адзінай рускай культуры і мовы. Я да яе, вядома ж, далучыўся, чытаючы Пушкіна, Чэхава, Гогаля... Але пры гэтым нарадзіўся ў вёсцы, дзе ў поўны голас гучала наша беларуская... А таму і справаздачу на чарговай сесіі мясцовага Савета я зрабіў на ёй. Калі пачынаў, аўдыторыя (дзяжурнае мерапрыемства...), можна сказаць, драмала, потым — «прачнулася», заварушылася, стала... засяроджана слухаць, а ў канцы і наогул прагучалі дружныя апладысменты.

Не буду рабіць ніякіх высноў, — піша спадар Камароўскі. — Я проста цешуся, што ў аўтобусе, які вязе мяне ў родную вёску, моладзь па-ранейшаму размаўляе па-беларуску».

Значыць, жыць нашай мове?! І жыць «Звяздзе»?!

Шчыры дзякуй усім, хто падпісаўся сам, хто аформіў падпіску блізкім, хто — па магчымасці — прапагандуе газету і трымае з ёй сувязь: дасылае карткі на розыгрыш прызоў, лісты, «праўдзівыя гісторыі», вершы, прыгожыя віншавальныя паштоўкі з самымі цёплымі пажаданнямі. Адным з якіх (ад спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчыны) і хочацца завяршыць гэты кароткі агляд:

...Не загібець душой «Звяздзе»!

Дабра — кругаварот бясконцы:

Сто год свяціла

для людзей,

Свяці й далей —

маленькім сонцам!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Р.S Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, пошта прынесла яшчэ адзін ліст. «На гэтыя навагоднія святы ў госці да нас завітала сям'я дачкі, якая жыве ў Германіі, — піша спадарыня Лілія Скіндзер з Івацэвічаў. — Унучка з дапамогай звяздоўскай «Хатняй энцыклапедыі» ўпрыгожыла святочны стол, зяць ад душы пасмяяўся з гісторый у рубрыцы «...Народ на провадзе!». На радзіме, у вёсцы, тое ж, відаць, зрабіла мая сястра, якая таксама выпісвае газету».

Жыццё працягваецца.

Загаловак у газеце: Свяці, «Звязда», маленькім сонцам!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.