Вы тут

Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы паслоў з 12 краін


Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 12 дзяржаў. Геаграфічна краіны, з якіх яны прыбылі, раскінутыя амаль па ўсім зямным шары. Грузія, Егіпет, Ісландыя, Казахстан, Камбоджа, Калумбія, Куба, Малайзія, Мальта, Нігерыя, Таджыкістан, Харватыя...


— Нашы сэрцы заўсёды адкрытыя для партнёраў, зацікаўленых ва ўмацаванні адносін, пашырэнні ўсебаковага супрацоўніцтва. Беларусь сёння — гэта міралюбівая еўрапейская дзяржава, якая выступае донарам бяспекі і пляцоўкай па ўрэгуляванні шэрагу канфліктаў у рэгіёне. Беларускія прапановы па розных мадэлях інтэграцыі, сумесным процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам заваёўваюць усё больш прыхільнікаў сярод іншых дзяржаў і міжнародных арганізацый, — адзначыў беларускі лідар.

Менавіта эканоміка выступае фундаментам стабільнасці, залогам суверэнітэту і незалежнасці любой краіны. Тым больш, у мінулым годзе наша дзяржава пераадолела негатыўныя тэндэнцыі ў гэтай сферы. Таксама былі прынятыя рашэнні, закліканыя прастымуляваць дзелавую ініцыятыву і актыўнасць інвестараў. Зараз усямерна падтрымліваюцца прадпрымальніцтва і інавацыйная дзейнасць, сфармуляваныя зразумелыя правілы для бізнесу.

— У Беларусі развіваюцца атамная энергетыка, біятэхналогіі. Створаны беспрэцэдэнтныя прававыя ўмовы для функцыянавання ІТ-індустрыі. Беларускія медыкі ў сваіх клініках на найвышэйшым узроўні навучыліся аказваць паслугі ў галіне нейрахірургіі, кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі і рэабілітацыі, — паведаміў пра айчынныя дасягненні Прэзідэнт. Усе названыя фактары — гэта дадатковыя магчымасці для ўмацавання сувязяў з дзяржавамі па ўсім свеце.

Так, адносіны Беларусі і Казахстана маюць стратэгічны характар і грунтуюцца на ўзаемным даверы і адкрытасці. Яркім пацвярджэннем гэтага стаў нядаўні візіт прэзідэнта Казахстана ў Беларусь, быў падпісаны маштабны дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года, які ў найбліжэйшы час дасць магчымасць выйсці на новы ўзровень двухбаковых адносін.

Таджыкістан быў і застаецца для Беларусі дружалюбнай дзяржавай і надзейным партнёрам. Сумесныя праекты далі магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень гандлю, усё больш актыўную дынаміку набывае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што гэтыя фактары і паслядоўная рэалізацыя дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе мінулагодняга візіту Прэзідэнта Таджыкістана ў Мінск, «паслужаць трывалым фундаментам для далейшага развіцця міждзяржаўнага дыялогу і росту тавараабароту паміж нашымі краінамі».

Апошнім часам наладжваецца актыўнае супрацоўніцтва з Грузіяй у самых розных сферах.

— І ўжо ёсць першыя паспяховыя прыклады вытворчай кааперацыі. Зусім нядаўна, літаральна 5-7 гадоў таму, мы не ведалі наогул, як выбудаваць лагістыку ў гандлі з Грузіяй. Сёння мы ведаем усё, умеем і будзем гэта рабіць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, у 2018-м запланаваны візіт на вышэйшым узроўні ў Грузію.

Беларусь зацікаўлена ў развіцці палітычных, эканамічных, турыстычных і іншых сувязяў з Мальтай і спадзяецца на станоўчую дынаміку ў гандлі. Таксама наша краіна гатова да пашырэння ўсяго спектра адносін і з Харватыяй. Важна паслядоўна праводзіць сумесную работу бізнес-колаў у мэтах нарошчвання тавараабароту, інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

— Абедзве краіны маюць для гэтага неабходны патэнцыял, — упэўнены беларускі лідар.

Мы будзем працягваць супрацоўнічаць з Ісландыяй. Цяпер неабходна надаць больш збалансаваны характар тавараабароту паміж нашымі краінамі. Таму Беларусь зацікаўлена ў стварэнні адпаведнай двухбаковай дагаворна-прававой базы.

Беларусь можа ў значнай ступені задаволіць і патрэбы эканомікі Камбоджы, якая дынамічна развіваецца.

— Мы прапануем актывізаваць супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у сферах адукацыі, навукі і культуры, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Айчынныя прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у праектах развіцця транспартнай і энергетычнай інфраструктуры, здабычы карысных выкапняў на тэрыторыі Камбоджы.

Адносіны паміж Беларуссю і Егіптам маюць асаблівы характар. Падчас візіту беларускага кіраўніка ў Каір менавіта пра гэта і ішла гутарка з прэзідэнтам аль-Сісі. Беларускі лідар адзначыў, што бакі дамовіліся значна рушыцца наперад у рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, нарасціць знешні гандаль, намецілі перспектыўныя кірункі ў галіне навукі і адукацыі.

— І за гэты час мы паспяхова гэта ажыццявілі. Да візіту ў адказ Прэзідэнта Егіпта, якога з нецярпеннем тут чакаюць, мы падыдзем з грунтоўнымі вынікамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў паглыбленні рознабаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Нігерыяй. Для гэтага неабходна надаць канкрэтны імпульс развіццю гандлёва-эканамічных і гуманітарных кантактаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь высока цэніць узровень узаемаразумення з Кубай.

— Гэта надзейны плацдарм для наладжвання сувязяў з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі. Мы прадоўжым аказваць Кубе ўсямернае садзейнічанне ў пашырэнні яе палітычных і эканамічных інтарэсаў у нашым рэгіёне, — падкрэсліў Прэзідэнт і пацвердзіў гатоўнасць наведаць Кубу.

Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў пазітыўную дынаміку росту двухбаковага тавараабароту з Калумбіяй.
У якасці перспектыўных кірункаў дзейнасці ён назваў пастаўку беларускіх станкоў, тавараў хімічнай прамысловасці, фармацэўтыкі, оптыка-электроннай прадукцыі, сельгастэхнікі і пасажырскага транспарту.

— Наша краіна адкрыта новым ідэям, праектам, ініцыятывам. Упэўнены, што ў якасці паслоў вы прыкладзяце максімум намаганняў для надання пазітыўнай дынамікі палітычным і гандлёва-эканамічным кантактам, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У тэму

Валерый КВАРАЦХЕЛІЯ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Грузіі ў Беларусі:

— Мы старанна рыхтуемся да прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў нашу краіну, падрыхтоўка ідзе даўно. І мы спадзяёмся, што візіт будзе паспяховы і надасць новы імпульс беларуска-грузінскім адносінам. Зараз двухбаковыя кантакты развіваюцца досыць актыўна. У ліку перспектыўных кірункаў можна назваць гандаль і турызм, аднак важны абмен вопытам і ў іншых галінах. У вас ёсць чаму павучыцца, у тым ліку развіццю сельскагаспадарчай галіны, машынабудавання.

Хуан Вальдэс ФІГЕРОА, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Беларусі:

— Паміж Беларуссю і Кубай склаліся традыцыйна дружалюбныя адносіны, якія павінны развівацца больш актыўна. Ёсць вялікі патэнцыял для развіцця сувязяў па многіх эканамічных напрамках. І гэтыя магчымасці неабходна выкарыстоўваць.

У Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі сёлета запланаваны афіцыйны візіт на Кубу. Маючы адбыцца візіт — гэта найважнейшая падзея. Разлічваем, што правядзенне перамоў на вышэйшым узроўні спрыяльна адаб'ецца на развіцці беларуска-кубінскіх сувязяў.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Беларусь як донар бяспекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».