Вы тут

Выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне мясцовых выбараў скарочаны на 10%


Пра гэта было сказана ўчора на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў пры разглядзе пастановы аб унясенні змяненняў у каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання.


Такім чынам, раней каштарыс быў зацверджаны ў суме 21 млн 491 тыс. беларускіх рублёў, а пасля скарачэння агульная сума выдаткаў на правядзенне выбараў склала 19 млн 386 тыс. рублёў.

— Калі размеркаваць гэтую суму на ўсіх выбаршчыкаў, то выйдзе каля 1,5 долара на аднаго чалавека, — адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія ЯРМОШЫНА. — Я думаю, што мы трацім па мінімуме. Гэта вельмі невялікая сума, калі параўнаць з еўрапейскімі стандартамі — там як мінімум пяць долараў на выбаршчыка.

Якія артыкулы пайшлі пад скарачэнне? Набыццё канцтавараў, транспартныя паслугі, паслугі сувязі і камандзіроўкі. Акрамя таго, зарплаты па ўсіх камісіях зменшыліся ў сярэднім на 5,5 %. Так, зарплата члена ўчастковай камісіі ў дзень выбараў пасля выліку падаткаў складзе 67 беларускіх рублёў, тады як па старым каштарысе — 69 рублёў.

Таксама Лідзія Ярмошына расказала, што некаторыя дыпламаты выказалі жаданне ўдзельнічаць у маніторынгу мясцовых выбараў. Яна нагадала, што міжнародныя назіральнікі для маніторынгу такіх выбараў звычайна не запрашаюцца, аднак у Беларусі існуе наступная традыцыя: замежныя дыпламаты, акрэдытаваныя ў нашай краіне, маюць права весці кароткатэрміновае назіранне.

Найбольшую цікавасць да выбараў праяўляюць Злучаныя Штаты Амерыкі, чые прадстаўнікі ўжо звярнуліся і ў Міністэрства замежных спраў, і ў Цэнтрвыбаркам: яны хочуць акрэдытаваць дзевяць работнікаў амерыканскага пасольства.

— Упершыню гэта практыкавалася на выбарах 2010 года, была сапраўды вялікая цікавасць — каля 50 акрэдытаваных дыпламатаў, а ў 2014-м іх было значна менш — 15, — расказала Лідзія Ярмошына. — Але, мяркуючы па вусных зваротах у Цэнтрвыбаркам, я думаю, што іх і гэтым разам будзе нямала.

Адзначым, што акрэдытаваныя замежныя назіральнікі могуць знаходзіцца на любых участках для галасавання, працаваць на пасяджэннях усіх выбарчых камісій. Больш за тое, яны могуць прысутнічаць нават да заканчэння падліку галасоў.

Таксама на пасяджэнні было абвешчана, што актыўным выбарчым правам змогуць скарыстацца амаль 101 тыс. грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

* * *

Пазней у той жа дзень Лідзія Ярмошына наведала семінар-практыкум «# Моладзь выбірае!», перад пачаткам якога расказала, што перанос даты выбараў на больш ранні тэрмін не з'яўляецца парушэннем канстытуцыйных нормаў, паведамляе БЕЛТА. «Ніякіх парушэнняў Канстытуцыі ў пераносе выбараў няма. Ёсць парушэнне Канстытуцыі толькі тады, калі выбары адсоўваюцца, праводзяцца пазней за ўстаноўлены тэрмін», — падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама ў адказ на пытанне пра магчымасць правядзення адной з выбарчых кампаній 2020 года ў канцы 2019-га.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эканомім і чакаем замежных назіральнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».