Вы тут

У Гродне ўшанавалі лаўрэатаў абласной прэміі імя Аляксандра Дубко


Чарговымі пераможцамі конкурсу сталі 14 творчых асоб у сферы культуры і мастацтва. А ўсяго за два дзесяцігоддзі ў ліку лаўрэатаў больш за 200 чалавек. Усе яны ўвайшлі ў кнігу, якая спецыяльна выдадзена да юбілейнай даты. Сёлета цырымонія ўзнагароджання супала з 80-годдзем з дня нараджэння заснавальніка конкурсу, былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама, Героя Беларусі, Аляксандра Іосіфавіча Дубко.


Лаў­рэ­ат прэ­міі імя Дуб­ко — на­род­ны май­стар Ста­ні­сла­ва Міх­но.

Сёлета ўсе ўдзельнікі і госці, якія сабраліся ў абласным драмтэатры, яшчэ раз успомнілі жыццёвы і працоўны шлях Аляксандра Дубко, якога не стала ў 2001 годзе. Перад уваходам у залу была арганізавана экспазіцыя з фотаздымкаў і асабістых рэчаў знакамітага земляка, многія з якіх прадастаўлены яго жонкай Эмай Нічыпараўнай. Разам з кіраўніцтвам вобласці яна кожны год прымае ўдзел ва ўшанаванні лаўрэатаў, сярод якіх — народныя майстры, клубныя і музейныя работнікі, бібліятэкары, музыканты, артысты, рэжысёры, мастакі, журналісты, мастацкія кіраўнікі музычных калектываў. За два дзесяцігоддзі вырасла і колькасць намінацый, калі спачатку іх было 9, дык зараз — 14.

«Гэта людзі, якія ствараюць наша духоўнае багацце, — падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. — Кожны з іх можа стаць прыкладам і генератарам таго, што згуртоўвае нацыю, дапамагае захаваць спадчыну і ўзбагаціць яе. І гэта ў іх атрымліваецца, нездарма сёння турысты з захапленнем наведваюць нашы адноўленыя культурныя комплексы — такія як сядзібы Агінскага ў Залессі, Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Францішка Багушэвіча ў Смаргонскім раёне, Элізы Ажэшкі ў Гродне і іншыя.

Сярод сёлетніх лаўрэатаў — выкладчык і мастак Мікалай Бандарчук. Мінулы год быў для яго асабліва плённы. За гэты час Мікалай Трафімавіч прыняў удзел у некалькіх пленэрах — як айчынных, так і міжнародных. Іх вынікамі сталі 8 карцін. Дзве з іх засталіся ў Гомелі пасля пленэру, яны прысвечаны святому Іаану Кармянскаму. Адзін з пленэраў асабліва памятны для мастака, бо праходзіў у далёкай Чувашыі, на выставе пабываў прэзідэнт Чувашскай Рэспублікі».

Найлепшым клубным работнікам прызнаны Дзяніс Балабуеў з Квасоўкі. Фальклорны ансамбль «Жывіца» пад яго кіраўніцтвам займаецца рэканструкцыяй абрадаў, песень, танцаў, гульняў. Іх збіраюць падчас экспедыцый па Гродзенскім раёне. Дзяніс прызнаўся, што збор матэрыялу часам працягваўся да поўначы, затое цяпер у рэпертуары ансамбля больш за тры дзясяткі ўнікальных народных нумароў. А яшчэ многія гродзенцы ведаюць Дзяніса як Васіля з гумарыстычнага сямейнага дуэта «Васіль і Гандзя».

Усяго за два дзесяцігоддзі лаўрэатамі конкурсу стала больш за 250 чалавек. Самай старэйшай — Марыі Юльянаўне Мажэйцы — 95 гадоў. Яна — народны майстар, вядомая рукадзельніца не толькі ў сваім Астравецкім раёне, але і за яго межамі. Не менш вядомы і самы малады лаўрэат — 26-гадовы Яўген Маркевіч. Ён асвоіў старадаўнюю тэхніку белаўзорыстага шматнітовага ткацтва. Сёлета калектыў Лідскага раённага цэнтра культуры, дзе займаецца Яўген, удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры і мастацтва.

Ірына Шатыронак, пісьменніца, лаўрэат прэміі імя Дубко:

— Сапраўдным падарункам стаў зборнік, у якім сабрана інфармацыя аб усіх лаўрэатах за 20 гадоў. Дарэчы выданне выйшла ўжо ў гэтым годзе, але ў яго ўвайшлі і сёлетнія лаўрэаты. Вельмі стыльнае афармленне. Мы ўдзячны арганізатарам, журналістам, што яны раскрылі і данеслі багаты творчы патэнцыял рэгіёна, тых людзей, якія маюць розныя творчыя дасягненні.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: У гонар найлепшых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».