Вы тут

Як будучыя лінгвісты дапамагаюць выхаванцам дзіцячых дамоў


Атрад «Мы — дзецям» пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта ГА «БРСМ» Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта стаў найлепшым валанцёрскім атрадам сярод студэнцкай моладзі па выніках рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года — Добрае Сэрца». Яго кіраўнік трэцякурсніца Хрысціна БРАГІНЕЦ расказала, як хлопцы і дзяўчаты ездзяць у інтэрнаты са спектаклямі і выконваюць навагоднія жаданні падапечных.


Да дзя­цей сту­дэн­ты пры­яз­джа­юць з па­да­рун­ка­мі і спек­так­ля­мі.

Сама дзяўчына запісалася ў валанцёры яшчэ на першым курсе. «На ўводным сходзе, калі нам расказвалі пра кірункі дзейнасці, якімі можна займацца ва ўніверсітэце, убачыла фота з дзецьмі і зразумела, што хачу ім дапамагаць. Я заўсёды любіла малых: памятаю, як прасіла маму аб браціку ці сястрычцы», — усміхаецца будучы лінгвіст-выкладчык.

Усяго ў атрадзе каля 250 валанцёраў. Яны супрацоўнічаюць з дзіцячым домам № 5 у Мінску, сталічнай дапаможнай школай-інтэрнатам № 7, Барысаўскім домам дзіцяці, Ждановіцкім дашкольным дзіцячым домам і іншымі ўстановамі. Студэнты збіраюць для малых кнігі (энцыклапедыі і мастацкую літаратуру), праводзяць майстар-класы — па арыгамі, вакале і акцёрскім майстэрстве, тайскім боксе. Займаюцца са школьнікамі рэпетытарствам: «падцягваюць» з імі англійскую і італьянскую мовы (апошняя запатрабаваная, бо выхаванцы інтэрнатаў ездзяць у гэтую краіну на аздараўленне і адпачынак).

На базе атрада дзейнічаюць два тэатры — «Разам у казку» і «Мімы спяшаюцца на дапамогу». Студэнты самі шыюць сабе касцюмы і пішуць сцэнарыі. У рэпертуары ёсць пастаноўкі «Бураціна», «Прынцэса і жабка», «Рапунцэль», «Несмяяна». Валанцёры спрабуюць інтэрпрэтаваць казкі на сучасны манер, каб было цікава і першакласнікам, і больш старэйшым. Хрысціна расказала, што яны плануюць адкрыць яшчэ і лялечны тэатр, разлічаны на малечу.

Для выхаванцаў інтэрнатаў таксама арганізуюць паездкі. Студэнты вазілі дзяцей у дэльфінарый, кантактны заапарк. Установы ідуць насустрач і квіткі прадастаўляюць бясплатна, а для валанцёраў — з 50-працэнтай зніжкай.

На Новы год будучыя лінгвісты рэгулярна праводзяць акцыю «Ёлка жаданняў» у адным са сталічных супермаркетаў. На святочнае дрэва вешаюць лісты для Дзеда Мароза, якія папярэдне пішуць дзеці з інтэрнатаў. А пакупнікі могуць выканаць любое з гэтых жаданняў. Дзятва звычайна просіць машынкі, лялькі, канструктары. Гэтым разам падарункаў сабралі нават больш, чым было выказана пажаданняў. Таму акрамя выхаванцаў двух інтэрнатаў валанцёры змаглі павіншаваць і пацыентаў Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах.

Цікава, што да акцый далучаюцца і педагогі ўніверсітэта. Так, адна з выкладчыц перадала 300 рублёў на падарункі падапечным атрада да Новага года.

Універсітэт заахвочвае валанцёрскую дзейнасць надбаўкамі да стыпендыі.

— Мы таксама стараемся нашых валанцёраў стымуляваць — граматы выпісваем, мерапрыемствы для іх арганізуем, — дадае Хрысціна. — Часам даводзіцца прапускаць заняткі, але выкладчыкі ставяцца да гэтага пераважна з паразуменнем. Галоўнае — не злоўжываць. Калі ў цябе шмат прагулаў, не трэба прыкрывацца валанцёрствам. Калі запрашаем студэнтаў паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі, некаторыя адразу пытаюцца: «А вызваленне ад пар будзе?» Такіх адразу адпраўляем на заняткі.

Самае складанае, на думку дзяўчыны, пераадолець псіхалагічны бар'ер. Перад першым візітам у інтэрнат у навічкоў узнікае шмат пытанняў, у тым ліку і пра тое, як правільна размаўляць з дзецьмі?

— Галоўныя якасці для валанцёра — адкрытасць, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу, уменне пасунуць свае жаданні на задні план, — лічыць кіраўнік атрада. — Калі ты дапамагаеш іншым, то і сам атрымліваеш зарад пазітыўных эмоцый. А для будучых педагогаў карысны таксама і вопыт работы з дзецьмі розных узростаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прывезці казку і навучыць англійскай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».