Вы тут

Дзеячы БНР былі згодныя на форму дзяржаўнасці ССРБ


Ідэя незалежнай беларускай дзяржавы засталася. Яна была вельмі жывучая, бальшавікі ўжо ў канцы 1918 года былі вымушаны пагадзіцца на абвяшчэнне ССРБ.


Такую думку выказаў кандыдат гістарычных навук Валянцін Мазец падчас круглага стала "1918-ы для Нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты", які прайшоў у рэдакцыі газеты "Звязда".

“Насамрэч, я лічу, нельга казаць, што ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адлюстроўвала імкненне беларусаў жыць у сваёй нацыянальнай дзяржаве, пацярпела паражэнне. Уся справа ў тым, што ў тых складаных, перш за ўсё геапалітычных, абставінах — а БНР абвяшчалася ва ўмовах Першай сусветнай вайны і знаходжання на беларускай зямлі акупацыйных войскаў — стварыць самастойную дзяржаву было проста немагчыма. Але ж ідэя незалежнай беларускай дзяржавы засталася. Мала таго, яна была вельмі жывучая, яна настолькі пашыралася, што бальшавікі ўжо ў канцы 1918 года былі вымушаны пагадзіцца на абвяшчэнне ССРБ. І дзеячы БНР былі згодныя на такую форму дзяржаўнасці”, — сказаў вучоны.

Ён паведаміў, што ў перапісцы Аркадзя Смоліча з Антонам Луцкевічам адзначалася гатоўнасць падтрымаць абвешчаную беларускую дзяржаўнасць у форме ССРБ, калі беларускім савецкім урадам «будуць рэалізаваны нашы ідэалы свабоднай Беларусі». “І гэта не з'яўляецца парадоксам, таму што на 1-м Усебеларускім з'ездзе разам былі і тыя, хто ствараў БНР, і тыя, хто стаяў ля вытокаў БССР. Яны фактычна ажыццяўлялі адну і тую ж ідэю праз розныя формы” — сказаў Валянцін Мазец.

Удзельнік круглага стала адзначыў, што калі з палітычнай пазіцыі пра БНР ужо напісана і сказана шмат і рознага, дык пра сацыяльна-эканамічнае развіццё гэтага дзяржаўнага ўтварэння мы амаль не ведаем. “Менавіта ў часы БНР была створана першая Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Праект увядзення першых беларускіх грошай быў распрацаваны ў часы БНР. Забяспечвацца нацыянальная валюта павінна была коштам таварнага лесу. Больш за тое, першы беларускі пашпарт — гэта пашпарт БНР. Першы закон аб грамадзянстве быў прыняты ў БНР. У ім, дарэчы, забаранялася двайное грамадзянства. А папярэднічала гэтаму выдача «Пасведчання грамадзяніна Беларусі». Падобнае пасведчанне было выдадзена ў 1918 годзе і Янку Купалу. У красавіку 1918 года на пасяджэнні Народнага Сакратарыята была прынятая пастанова, паводле якой беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай і абавязковай мовай Рэспублікі”. І гэта таксама, падкрэсліў вучоны, было зроблена ўпершыню ў айчыннай гісторыі.

У свою чаргу дырэктар Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч лічыць, што галоўнай прычынай, чаму БНР не адбылася, была геапалітычная сітуацыя, якая склалася ў другой палове 1918 года. “Германскія акупацыйныя ўлады нейкі час, пакуль ім гэта было патрэбна, імкнуліся выкарыстаць БНР як сродак ціску на Савецкую Расію. Адпаведна Савецкая Расія ўспрымала БНР як праект у піку яе інтарэсам. Не будзем забывацца і пра пераможцаў Першай сусветнай вайны — краіны Антанты. Яны ў 1918 годзе зрабілі стаўку на адраджэнне Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай да 1772 года як буфера паміж імі і рэвалюцыйнай Расіяй. У такіх умовах незалежнай Беларусі проста не магло існаваць. І не існавала ніякага абароннага механізму, каб захаваць новае дзяржаўнае ўтварэнне” — адзначыў удзельнік круглага стала. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».