Вы тут

У вочы глядзець!


Ну што, шаноўныя?.. Добра яно або дрэнна, але зімовыя святы мы з вамі нарэшце ўсе адгулялі. Нават «кантрольны» стары Новы год. Усё, фініта ля камедыя, застаецца толькі чакаць наступных. Ці хіба крыху панастальгіраваць, як той казаў, наўздагон? Пакуль уражанні яшчэ свежыя... Але ў гэтым выпадку трэба быць гатовым не толькі прыгадваць, але і часам паглядзець праўдзе ў вочы ў прамым сэнсе слоў. А яны, як мы памятаем, люстэрка душы. Гатовыя? Хоць і спяваў некалі Юрый Антонаў пра тое, што «давай не бачыць дробнага ў люстраным адбітку», зрабіць гэта не заўсёды атрымліваецца. («У Новы год адбываюцца цуды! Напрыклад, можна паправіцца на пяць кілаграмаў за два дні».) Ну, ды не бярыце да галавы — гэта праблема хуткавырашальная пасля таго, як у халадзільніку заканчваюцца ўсе тазікі з аліўе. Ну, схадзіце, калі што, на трэніроўку навамоднага крос-фіта. Многія ж сябе менавіта гэтым і суцяшаюць, — што сходзяць, марачы імгненна пазбавіцца ад праблемы («З'явіліся тэлефоны, убудаваныя ў вуха, тэлевізары, убудаваныя ў вока... Вядуцца распрацоўкі новых унітазаў».) Але хопіць на кулінарную тэму. Каго ёй здзівіш? («Сакрэт пахудзення вельмі просты. Але сакрэт ёсць сакрэт».)


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Напрыклад, студэнтка з Іркуцкай вобласці напярэдадні свят у прамым сэнсе слоў устала на абарону елак ад высечкі голымі грудзямі. Яна з'ездзіла ў зімовы лес, цалкам там распранулася паміж дрэвамі і ўпрыгожыла адно з іх. («Санта-Клаус заўсёды такі вясёлы, таму што ў яго ёсць спіс дрэнных дзяўчат».) Відэазапіс і фатаграфіі студэнтка, вядома, выклала ў свабодны доступ. І ведаеце што? Уважлівыя карыстальнікі захапіліся зусім не палымяным спічам дзяўчыны пра зберажэнне жывых лясных насаджэнняў... («Для ўсіх нельга быць пушыстым — расцягнуць на каўняры».) І нават не маладым аголеным целам на фоне зімовага лесу. («Парадокс. Калі поўная дурніца доўга сядзіць на дыеце, дык яна становіцца стройнай дурніцай, пры гэтым застаючыся такой жа поўнай...»). Яны звярнулі ўвагу найперш на тое, што ў кадры была толькі адна невялікая ўпрыгожаная ёлачка, а ўсе астатнія навокал — бярозы ды іншыя лісцевыя пароды. («Чаго толькі не робяць людзі, каб выканаць мару. Напрыклад, нічога».) Калі зірнуць праўдзе ў вочы, гэта ўжо не першая падобная акцыя дзяўчыны, калі яна аголенай і «пратэставала», і «падтрымлівала ў гонар». Дык, можа, бедная зялёная лясная прыгажуня тут і ні пры чым зусім? («Яны дзве гадзіны захоплена размаўлялі пра музыку, жывапіс, архітэктуру. Калі ён сказаў, што жанаты, гаварыць адразу не стала пра што».)

Перад святамі распрацоўшчыкі адной замежнай камп'ютарнай гульні, якая была запушчана ў тэставым рэжыме, мусілі прасіць прабачэння ў карыстальнікаў. Зноў жа самыя зоркія з іх (хоць там насамрэч толькі сляпы б не ўбачыў) разгледзелі, што ў намаляваных гераінь занадта рэалістычна праз бялізну знізу праступае самі здагадваецеся што... І на заклік грамадскасці «паглядзець у вочы» што адказалі распрацоўшчыкі? Ва ўсім вінаваты адзіны мастак-фрылансер, які вось так зразумеў сваю задачу! Вы паверылі, што гэта было ненаўмысна, а не дзеля раскруткі такім спосабам новай гульні? («Маці лгала маленькаму Андрушу, што дзяцей знаходзяць у капусце, і ён адмаўляўся есці галубцы».)

Ужо пасля святкаванняў па свеце пракаціўся жартаўлівы зімовы флэшмоб: пасажыры без штаноў праехалі ў метро ў як мінімум у 60 гарадах 25 краін. Ідэя заключалася ў тым, каб і сябе павесяліць, і іншых пацешыць, даць адпор зімовай апатыі і спячцы. («Калі я раблю глупствы, дык прыгадваю людзей, якія бяруць крэдыты на вяселлі, і мне становіцца лягчэй».) Ну, усё б яшчэ было нічога, каб гэты флэшмоб праходзіў першы ці другі раз. Напрыклад, на хвіліначку. («—Ты будзеш здзіўлены, але яна ў мяне першая, клянуся! — Пятровіч, мяне абсалютна не цікавіць твая першая група крыві!») Ну, нешта новае быццам бы... Шаснаццаты раз адбылася гэта акцыя! І што, слоган флэшмобу быў: без штаноў — цяпер і ў вашым горадзе?!. На гэтым фоне хіба толькі амерыканцам было б цікава зазірнуць у вочы. Я да таго, што менавіта ў час правядзення флэшмобу прыйшлі рэкордныя для многіх рэгіёнаў ЗША маразы — аж мінус дзесяць! («Паважаныя вытворцы зімовых куртак! Вы хоць разумееце, што ў вашай «зімовай» куртцы я мерзну ўжо ў лістападзе?!.») У нас жанчыны пры такім надвор'і ў танюткіх калготках працягваюць хадзіць і нічагусенькі... («Чужога нам не трэба, але сваё мы возьмем, чыім бы яно не было».)

А вось сапраўднай святочнай гісторыяй у тэму мне падаўся, на першы погляд, кур'ёз. У Ірландыі 74-гадовая жанчына ўпрыгожыла навагоднюю ёлку не шарамі, а ніжняй жаночай бялізнай ва ўпакоўцы ў выглядзе празрыстых шароў. А стрынгі ўнутры яшчэ і свяціліся. Уяўляеце? Пра гэты выпадак расказала ўнучка жанчыны. Карыстальнікі ў сеціве замілаваліся наіўнасці пенсіянеркі і пагадзіліся, што шары з бліскучымі трусамі сапраўды можна было лёгка зблытаць з ёлачнымі цацкамі. («Папялушка ніколі не прасіла для сябе прынца. Яна прасіла выхадны і прыгожую сукенку».) А я вось што думаю... Калі б зірнуць у вочы гэтай дамы, ці не ўбачылі б мы ў іх яркія іскрынкі свавольства? Можа, не такая і сляпая насамрэч тая жанчына, якая здолела ўбачыць у свяце тое, чаго іншыя ўжо і не заўважаюць? («Дні нараджэння карысныя для здароўя. Брытанскія вучоныя даказалі, што тыя, у каго было больш дзён нараджэння, жылі, як правіла, болей».) А, як думаеце?..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.