Вы тут

Беларускі студэнт прыдумаў крыніцу бясконцай энергіі


Міхаілу Вагу зараз 20 гадоў, ён заканчвае Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Хлопец ужо які год працуе над сваім праектам пад назвай HardEnergy. Што гэта такое? Ні многа ні мала ён прыдумаў крыніцу... бясконцай энергіі.


— Яшчэ калі я вучыўся ў гімназіі ў Гомелі, займаўся ў мясцовым Палацы творчасці дзяцей і моладзі, — кажа суразмоўца. — Распрацоўваў гульні і праграмы рознага кшталту, удзельнічаў з імі ў конкурсах і часта выйграваў. Трапіў у Банк таленавітай моладзі. Што гэта былі за праекты? Самы цікавы — праграма па навучанні дзяцей англійскай мове ў гульнявой форме.

Для вучня старшых класаў тая работа была выканана на вельмі высокім узроўні, таму не ўсе члены журы паверылі ў тое, што Міхаіл самастойна яе рэалізаваў. Аднак калі яны пачалі задаваць канкрэтныя пытанні, сумненні адпалі.

Цяперашні праект студэнта HardEnergy ўяўляе сабой прыладу для зарадкі розных дэвайсаў без падключэння да электрасеткі. «Як з'явілася ідэя? Калі, як і ўсе, пачаў сутыкацца з праблемай сілкавання мабільнага тэлефона. Яшчэ некалькі гадоў таму я пачынаў займацца бізнесам і зразумеў: самы лепшы варыянт — калі ты вырабляеш і прадаеш. Названая праблема аказалася глабальнай, бо тэлефоны ёсць ва ўсіх, таму я паспрабаваў яе вырашыць», — успамінае Міхаіл.

Вынаходніцтва ўяўляе сабой шар, які лёгка змяшчаецца ў руцэ. «Я вывучаў розныя рухавікі і зразумеў, што для назапашвання энергіі трэба нешта кампактнае, таму звярнуўся да трэнажораў. Выбар выпаў на powerball — кісцевы трэнажор, які быў створаны яшчэ ў 1980-я гады на аснове гіраскопа. Пры дасканалым вывучэнні зразумеў, што калі мадэрнізаваць механізм кручэння, то з гэтага можа нешта атрымацца», — кажа хлопец.

Унутры шара знаходзіцца металічны ротар, які круціцца з хуткасцю да 5000 абаротаў у хвіліну. Па сутнасці, гэта рухавік, які выпрацоўвае энергію, калі чалавек круціць у руцэ шар. Энергія назапашваецца ўнутры прылады, а можа і адразу перадавацца на тэлефон, калі ён падключаны праз USB-выхад. Па сутнасці, гэта гібрыд трэнажора і партатыўнай зараднай прылады. Ток у прыладзе такі ж, як і ў разетцы. Іншымі словамі, калі адначасова падключыць два тэлефоны — але адзін ад разеткі, а другі ад вынаходніцтва нашага суразмоўцы, — то зараджацца яны будуць з аднолькавай хуткасцю.

Вядома, аналагі такой прылады ёсць, пацвярджае Міхаіл. «Але няхай хто-небудзь гэта зробіць. Ідэя — толькі адна сотая працэнта ўсяго праекта, а 99 працэнтаў — рэалізацыя», — падкрэслівае студэнт.

Міхаіл расказаў, што, акрамя працы сем дзён у тыдзень, на праект былі неабходныя грошы. З гэтай мэтай ён вырашыў звярнуцца да краўдфандынгавых пляцовак.

— Лічба сабраных сродкаў пастаянна расце, цяпер яна складае крыху больш за 120 тысяч долараў, — кажа хлопец. — Але прынцып пляцовак такі: людзі, якія перавялі нам грошы, павінны атрымаць прадукт. Таму нам прыйдзецца адправіць 1,5—2 тысячы асобнікаў прылады.

Цяпер каманда праекта, у якой налічваецца каля 10 чалавек у штаце, працуе над вытворчасцю. «Мы плануем, што ўсе дэталі будуць прыходзіць з розных месцаў, а зборка адбывацца ў нас, — дадае Міхаіл. — Магчыма, калі пачнём продажы, памяняецца і механізм».

У каманды праекта нямала ідэй, як развіваць прыладу. Як варыянт — працаваць у сферы экалагічных дэвайсаў-генератараў і пашырыць лінейку. Дарэчы, акрамя зараднага ўстройства прылада можа быць джойсцікам: калі круціць шар хутка, то машына ў гульні едзе хутчэй — і наадварот. Таксама гэта ўсё яшчэ трэнажор — можна выбраць мышцы, якія чалавек хоча патрэніраваць,
і спецыяльная праграма на тэлефоне пакажа рухі, якія трэба рабіць з шарам.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Крыніца бясконцай энергіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».