Вы тут

Як на Ашмяншчыне спраўляюць Святкі


12 дзён пасля свята Божага Нараджэння — ажно па 19 студзеня — праваслаўныя вернікі ва ўсіх кутках Беларусі адзначаюць Святкі. Лічыцца, што працаваць у гэты час непажадана, таму што ўвесь год тады можа прайсці ў клопатах. А праз тыдзень пасля Каляд нашы продкі святкавалі Шчодры вечар — на стол ставілі багатую куццю, у адрозненне ад поснай запраўленую мясам і салам. «Святло зоркі Хрыстовага Нараджэння павінна ззяць у гэтым свеце для ўсіх», упэўнены работнікі ўстаноў культуры Ашмянскага раёна, якія днямі ўспомнілі і правялі народныя калядныя абрады.


У аграгарадку Мураваная Ашмянка абрад шчадравання «Не хоча стары год сыходзіць за паварот» правялі ўдзельнікі фальклорнай групы «Выток» і народнага ансамбля народнай песні «Жытніца» аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка. Госці слухалі абрадавыя народныя песні, пускаліся ў скокі, удзельнічалі ў вясёлых гульнях і конкурсах, адгадвалі загадкі. За тым, ці весела прысутным, пільна сачылі гаспадары свята — Шчодра і Цярэшка, якія частавалі ўдзельнікаў прысмакамі.

А «Калядную зорачку» ў шчодры вечар запалілі ў аграгарадку Станцыя Ашмяны работнікі мясцовага сельскага клуба. Па сцэнарыі пазнавальна-забаўляльнай праграмы ў госці да цёткі Ганны завіталі суседскія дзяўчаткі, каб павіншаваць яе са святам Нараджэння Хрыстовага. Гаспадыня шчодра частавала дзетак, расказвала пра сваё дзяцінства: як даўней калядавалі ды забаўляліся. Так малых зацікавіла, што прыйшлося насамрэч у цудоўныя гульні гуляць і старыя забавы спраўляць, ды яшчэ і іншых гасцей сустракаць. Жартоўную варажбу ладзіць ды ў скокі пад кракавяк з полечкай пускацца на дарослых вячорках «А ў нас сёння Шчодрык!».

Кіруючыся павер'ем не працаваць у Святкі, работнікі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка пасля Шчодрыка запрасілі сваіх аднавяскоўцаў у займальнае падарожжа на навагоднім экспрэсе «Зімовыя святкі». «Пасажыраў» запрасілі правадніца Сняжынка і яе напарніца Баба-Яга. Па дарозе да станцыі «Танцулькіна» цягнік пастаянна напаўняўся спадарожнікамі з дзіцячай танцавальнай групы «АZАRT» і творчых аб'яднанняў. Паспяшаліся заскочыць у святочны вагон Цыганка з ёлкай ды Дзед Мароз са Снягуркай. А зорная кампанія вагона-рэстарана ў асобах мясцовых артыстаў дарыла падарожнікам песні, выдатны настрой і зарад радаснай энергіі на цэлы год.

Нездарма казалі нашы продкі, што «лета для старання, зіма для гуляння!».

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Лета для старання, зіма для гуляння!»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.