Вы тут

Куды знiклi дзяўчаты?


Здавалася б, час "дэфіцытаў" у нас назаўсёды скончыўся. Аказваецца, гэта не зусім так. Сёння ў сельскай мясцовасці дэфіцыт... нявест. На кожную тысячу сельскіх мужчын 20-29 гадоў прыпадае крыху больш за 750 жанчын такога ж узросту. Куды зніклі дзяўчаты? Падаліся ў горад! Як ім тут жывецца?


Застацца ў роднай вёсцы пасля заканчэння школы – такога Марына нават уявіць сабе не магла. Сярод яе аднакласнікаў гэта лічылася, мабыць, самай вялікай жыццёвай няўдачай. І ў гэтай няўдачы была назва: “круціць каровам хвасты”.

Асабліва непрывабным такі занятак лічаць для сябе дзяўчаты. Таму яны і з'язджаюць у горад. Марына таксама з'ехала з роднай вёскі. У Мінску ўладкавалася працаваць у кафэ – мыйшчыцай посуду. Потым стала афіцыянткай. У яе кафэ ўсе афіцыянткі, мыйшчыцы, прыбіральшчыцы – дзяўчаты з вёсак.

Марына жыве ў Мінску ўжо восьмы год. Разам з дзвюма сяброўкамі здымае аднапакаёвую кватэру ў новабудоўлі. Дабіраецца на працу амаль гадзіну. Дзе бывае, акрамя свайго кафэ? Амаль што нідзе. У выхадныя ездзіць на вёску дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Ці ёсць у яе хлопец? Быў, з яе ж вёскі. Але Марына з ім развiталася. Не для таго яна ў горад з'ехала, каб выйсці замуж за вяскоўца. А з гарадскімі хлопцамі адносiны неяк не складваюцца. Ужо некалькі разоў завязваліся ў Марыны з імі знаёмствы, але нічога сур'ёзнага не атрымлівалася. Для вясёлага баўлення часу і забавы яны з ёй сустракаюцца, а вось для сур'ёзных адносiн яе былыя хлопцы выбралі гарадскіх дзяўчат. У суседак па здымнай кватэры таксама не атрымліваецца стварыць сям'ю з гарадскімі, хоць дзяўчатам ужо амаль па трыццаць гадоў.

Ці апраўдаліся надзеі Марыны, што гарадское жыццё лепш за вясковае? Ды пакуль што не... Што збіраецца далей рабіць? Безумоўна, у горадзе працаваць! У гэтым жа кафэ, або можа ў іншым...

Гісторыя Марыны – тыповая. Працаваць на ферме, у полі лічылася непрэстыжным яшчэ тады, калі былі маладзенькімі бабулі цяперашніх сельскіх дзяўчат. І ў даяркі ішлі толькі тыя, хто з цяжкасцю адолеў восем класаў. Зрэшты, нават яны спрабавалі паступаць у ПТВ – вучыліся на маляроў і швачак, каб зачапіцца ў горадзе. Ну а тыя, што паступалі ў тэхнікумы, ВНУ, лічы, злавілі сваю жар-птушку ўдачы.

Пасля заканчэння вучобы ўсімі спосабамі спрабавалі “атрымаць прапіску”. Замужжа з гарадскiм хлопцам і нараджэнне дзіцяці было самым надзейным з гэтых спосабаў.

Так было 10, 20, 30 гадоў таму. Сёння сітуацыя не змянілася. Хіба што міграцыя ў горад стала больш масавай. І ў дворнікі ісці жадаючых стала менш. Вясковыя дзяўчаты – без прафесіі, жылля – шукаюць больш прэстыжныя варыянты, адваёўваючы сваё месца пад “гарадскім” сонцам.

Статыстычны партрэт міграцыі з вёскі ў горад выглядае прыкладна так. 

  • Самая вялікая ўзроставая група ў нашай краіне – маладыя людзі 25-30 гадоў. Іх амаль 1 мільён. Але толькі 17% з іх жывуць на вёсцы, астатнія 83% – у гарадах. 
  • Колькасць моладзі ў вёсках зменшылася за апошнія 10 гадоў амаль на 200 тысяч. 
  • Калі паглядзець у гістарычным разрэзе, то ў 1960-я з сельскай мясцовасці ў горад больш выязджала мужчын. З пачатку 2000-х пераважае жаночая ўнутраная міграцыя.
  • Штогод пераязджаюць з вёсак у гарады амаль 40 тысяч маладых людзей, большасць з іх – дзяўчаты. Далёка не ўсе яны атрымалi ў горадзе вартую работу, знайшлі тут сваё сямейнае шчасце. 
  • А хлопцы, што засталiся ў вёсцы, таксама не ствараюць сем'яў – нявест усім не хапае. Вось такое замкнёнае шлюбна-сямейнае кола атрымліваецца.

Сацыёлагі, дэмографы, эканамісты і культуролагі даўно шукаюць тлумачэнне фенамену гарачай “любові”  вясковай моладзі да горада. Сумеснымі намаганнямі прыйшлі да высновы, што ў горад едуць, па-першае, атрымаць адукацыю, рэалізаваць свае кар'ерныя амбіцыі. Па-другое, едуць за больш высокімі сацыяльнымі стандартамі – бытавыя ўмовы, ахова здароўя ў горадзе лепшыя, чым у вёсцы. Ды і гарадское жыццё больш разнастайнае і насычанае, яно дае чалавеку больш магчымасцяў развівацца.

Але пераехаць у горад з вёскі – гэта не проста памяняць месца жыхарства. Гэта – як купіць латарэйны білет. Для адных ён аказваецца шчаслівым: атрымліваюць адукацыю, робяць прафесійную кар'еру, ствараюць сям'ю, нараджаюць дзяцей. Для іншых у гэтай латарэі выпадае не самы ўдалы “выйгрыш”: з вучобай не атрымліваецца, вартай працы не знаходзяць, гадамі жывуць у інтэрнатах і на здымных кватэрах, сям'я не складваецца.

Гарадское культурнае асяроддзе – тэатры, канцэрты, выстаўкі – нярэдка застаецца нецікавым і незапатрабаваным для вяскоўцаў.

Увогуле, як гавораць сацыёлагі, адаптавацца ў гарадскім асяроддзі не атрымліваецца больш чым у паловы: адарваліся ад вёскі, але так і не знайшлі свайго месца, свайго шчасця ў горадзе…

Чаму ж не ўдаецца ўпісацца ў новыя гарадскія ўмовы? Калі маладыя людзі прыязджаюць у горад (нават на вучобу), адбываецца іх рэсацыялізацыя – пераўтварэнне сельскай асобы ў новую, гарадскую. Гэта няпросты, доўгі і даволі балючы працэс. Новае асяроддзе, выбар новых сяброў, іншыя статус і магчымасці самарэалізацыі – усё гэта адбываецца ўдалечыні ад роднага дому, бацькоў і знаёмай абстаноўкі. Людзей навокал шмат, але ўсе яны жывуць сваім жыццём, да “навабранцаў” асаблівай справы нікому няма. І сельскія маладзенькія дзяўчаты нярэдка адчуваюць адзіноту, стрэс, пачуццё небяспекі.

Дарэчы, адаптацыя – з'ява не толькі сацыяльная, але і біялагічная. Гэта працэс, які накіраваны на захаванне стабільнасці арганізма. А вымушаная актыўная адаптацыя ў горадзе проста “з'ядае” жыццёвыя рэсурсы чалавека. І ён нярэдка ламаецца.

Вядома, многае залежыць ад якасцяў самога перасяленца. Каб знайсці, а часцей адваяваць сваё месца пад “гарадскім” сонцам, трэба быць мэтанакіраваным, упартым, працаздольным, напорыстым, з валявым характарам. І, вядома, пажадана быць неардынарным, таленавітым. Такі набор якасцяў якраз і дапамагае рэсацыялiзавацца  з вясковай асобы ў гарадскую.

Але, на жаль, далёка не ўсе сельскія дзяўчаты валодаюць гэтымі якасцямі. А галоўнае, далёка не ўсе яны ў стане ацаніць свае магчымасці, перабіраючыся на ПМЖ у горад. Ад вёскі яны адрываюцца, але гарадскімі пры гэтым не становяцца. Туляцца адна да адной, выбіраючы сябровак, а ў рэшце рэшт, і мужчын са свайго звыклага вясковага асяроддзя. І проста пераносяць у горад свой сельскі ўклад жыцця. Для Мінска і іншых беларускіх гарадоў гэта асабліва характэрна.

У апошнія гады нямала робіцца, каб даць вясковай моладзі новыя перспектывы – пабудаваныя аграгарадкі, ствараюцца новыя працоўныя месцы, маладым спецыялістам прадастаўляюць ільготы, павышаюць заробкі. Здавалася б, можна атрымаць у горадзе адукацыю і вярнуцца назад у вёску, у звыклае роднае асяроддзе. Але гэты алгарытм увесь час дае збоі. Нават атрымаўшы адукацыю ў аграрных ВНУ, працаваць і жыць на вёсцы дзяўчаты не надта iмкнуцца. А дзяўчаты, якія скончылі толькi сярэднюю школу або каледж, звязваюць свае жыццёвыя планы толькі з горадам.

Вось так і застаюцца хлопцы на вёсцы без нявест. А многія сельскiя дзяўчаты ў горадзе так i не знаходзяць свайго сямейнага шчасця. Што думаеце на гэты конт вы, нашы дарагія чытачы? Якім вам бачыцца рашэнне праблемы “сельскіх нявест”?

Людмiла КУСЛІВАЯ    

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.