Вы тут

Агляд самых цікавых высокатэхналагічных навін банкаў


Пазыка з дастаўкай на дом і аддзяленні самаабслугоўвання, крэдыты «Іпатэка з намі» і розныя кабрэндынгавыя карткі...

Многія банкі пачалі 2018 год з высокатэхналагічных навін, задаючы тым самым трэнд на будучыню. Прадстаўляем вам агляд самых цікавых з іх.


Банк без касіраў

Пазычыць грошы цяпер можна праз інтэрнэт — гэта ўжо рэальнасць. Такую магчымасць рэалізаваў адзін айчынны банк. Усе дзеянні зводзяцца да некалькіх крокаў у інтэрнэт-банкінгу. Пасля таго як заяўка будзе адобрана, грошы можна атрымаць на свой рахунак або замовіць з дастаўкай на дом. Галоўнае, каб вы былі вядомы банку і мелі станоўчую крэдытную гісторыю.

Адразу некалькі высокатэхналагічных навінак прэзентаваў другі прыватны банк. Некаторыя яго аддзяленні абзавяліся пунктамі самаабслугоўвання. Там можна самому падключыць інтэрнэт-банкінг і ўжо потым скарыстацца нейкімі паслугамі (падаць заяўку на крэдыт, адкрыць уклад і гэтак далей). Можна лічыць, чарговы крок да банка без касіраў. Акрамя таго, банк пачаў кансультаваць кліентаў у WhаtsАрр, Vіbеr і Skуре.

Карысна для вашага кашалька

Нашы банкі ўжо добра навучыліся выкарыстоўваць любоў да лёгкіх грошай. На звычайныя прадукты «наважваюць» бонусы і тым самым прыцягваюць кліентаў. Нам такая бонусная «прынада» больш вядомая, як кабрэндынгавыя пластыкавыя карткі. Гэта выпуск сумесных пластыкавых картак паміж банкамі і якімі-небудзь арганізацыямі.

Прапановы ад банкаў па кабрэндынгавым пластыку разнастайныя: ад ужо вельмі раскручанай «Моцнай карткі» і да праекта з вядомай заправачнай сеткай. Звернем увагу, што гэтыя карткі з'яўляюцца не проста бонуснымі, а паўнавартаснымі дэбетовымі картамі. Вы можаце здымаць грашовыя сродкі, расплачвацца за звычайныя пакупкі і адначасова атрымліваць за гэта зніжкі (бонусы) ад банка або арганізацыі-партнёра. А часам кабрэнды могуць быць і крэдытнымі.

Самая распаўсюджаная — Белкарт-Прэміум «Моцная картка». Пластык выпускаецца на 3—5 гадоў да рахункаў у беларускіх рублях. Абслугоўванне — ад 5 да 7,5 рубля ў год. Па заробкавых праектах картка выпускаецца бясплатна.

Спецыяльныя прапановы партнёраў праграмы: зніжкі да 50 % у больш чым 3000 магазінаў. Пры аплаце пакупак карткай вы атрымаеце бонусныя балы (10 рублёў = 1 бал), якія можна абмяняць на дадатковыя зніжкі. Калі вы разлічваецеся «Моцнай карткай» у прадпрыемствах-удзельніках сумесных праектаў, працэнт ад сумы вашай пакупкі (ад 0,2 % да 1 %) будзе пералічаны ў дабрачынны фонд «Моцная картка» за кошт уласных сродкаў гэтых прадпрыемстваў.

«Моцныя карткі» ад некаторых банкаў даюць зніжкі ў многіх крамах горада, а таксама магчымасць удзельнічаць у бонуснай праграме, розыгрышы прызоў і акцыях.

Ёсць і пластык для эліты. Напрыклад Vіsа Glоbаl Саrd. Кошт абслугоўвання — 15 рублёў штогод. Картка прызначана для здзяйснення пакупак і экспрэс-афармлення чэкаў Tах Frее кампаніі Glоbаl Bluе. Яна таксама гарантуе вяртанне да 5 % ад сумы пакупак. Зняцце 1000 долараў ЗША ў месяц за мяжой без камісіі банка, браніраванне гатэляў на адпаведным інтэрнэт-партале і іншае.

А ёсць яшчэ картка «Vіsа Сlаssіс «Дынама—Мінск». Выпуск і абслугоўванне — бясплатныя. Калі ёсць абанемент або клубная карта хакейнага клуба «Дынама», можна атрымаць картку Vіsа Gоld, тэрмін дзеяння якой  — два гады. Уладальнік такой карткі можа атрымаць зніжку 10 % (ці 15 % для Vіsа Gоld) у фірмовых крамах ХК «Дынама» на ўсе тавары, уключаючы білеты і абанементы. Бясплатна можна падключыць інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг і sms-банкінг, па картах Vіsа Gоld — бясплатна падключыць sms-інфармаванне.

Зніжкі трэба зарабіць

Асобна хацеў бы спыніцца на плацежным пластыку «Моцная картка» — «Клопат». Яна афармляецца для пенсіянераў для залічэння пенсіі на тры гады. «Белкарт» выпускаецца бясплатна, MаstеrСаrd каштуе восем рублёў. Карткі прадугледжваюць падключэнне інтэрнэт-банкінгу і sms-апавяшчэнні, прадастаўленне зніжак у сетцы аптэк, разавую падпіску на адно з выданняў або грашовы падарунак ад банка, магчымасць адкрыцця ўкладу «Клопат».

Аформіла і мая матуля-пенсіянерка сабе такую картку. Пераканаў яе гэта зрабіць банкаўскі работнік. Што-небудзь змянілася? Не. Адзін раз у месяц ідзе яна да банкамата і здымае ўсе грошы наяўнымі. Сядзіць у хаце і чакае, перакананая, што ёй на картку грошы павінны «капаць». Мілая мама, каб атрымаць пэўную зніжку або вяртанне кэшбэка, трэба карткай гэтай разлічвацца...

Небюджэтная іпатэка

З 3 студзеня сёлета дадзены старт партнёрскаму праекту Беларусбанка і найбуйнейшай міжнароднай групы кампаній Dаnа Hоldіngs, — крэдыт «Іпатэка з намі».

Намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Святлана Кажэкіна ўпэўнена, што разам з гэтым крэдытам іх кліенты могуць рэалізаваць свае самыя смелыя планы. Справа ў тым, што працэнтная стаўка па крэдыце — гэта стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка краіны, а ў першыя тры гады працэнт па крэдыце зніжаны на 2,5 %.

Прадугледжана, што крэдытам магчыма аплаціць да 90 % кошту пакупкі ці будаўніцтва кватэры. «Акрамя таго, банк не прыспешвае з пагашэннем крэдыту, бо мы даём адтэрміноўку на пагашэнне асноўнага доўгу да 18 месяцаў з таго моманту, як вы сталі ўладальнікам сваёй мары», — тлумачыць Святлана Кажэкіна. Пры гэтым датэрміновае пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца ў любы час без збірання штрафных санкцый.

Няўжо кліентам банка проста пашанцавала? Паспрабуем разабрацца. Крэдыт «Іпатэка з намі» выдаецца для набыцця або будаўніцтва кватэры (у парадку долевага ўдзелу або шляхам набыцця жыллёвых аблігацый) і прадастаўляецца фізічным асобам, якія заключылі дагаворы з арганізацыямі-забудоўшчыкамі, што працуюць пад адзінай гандлёвай маркай. Партнёрскі праект дапаможа кліентам Беларусбанка стаць уладальнікам уласнай кватэры ў самых сучасных жылых кварталах Мінска, якія ўзводзяць гэтыя забудоўшчыкі. Вось яно што. Крэдыты можна браць пад жыллё пэўнага, зусім не таннага забудоўшчыка.

Вядома, што Беларусбанк проста так бонусы па крэдыце не зробіць. Страты яму кампенсуе партнёр забудоўшчык. А арганізатару будаўніцтва застанецца толькі падняць цэны... Тут сутнасць кабрэндынгу заключаецца ў аб'яднанні двух і больш брэндаў у адным праекце з мэтай павышэння продажаў кожнага з іх.

Жоўтыя далоні

Ваша дзіця даўно просіць сваю картку? Вучыце яго фінансаваму планаванню? Тады варта паспрабаваць аформіць «Дзіцячую картку» БЕЛКАРТ-Стандарт у вашым банку. Пераваг «Дзіцячай карткі» вельмі шмат. Напрыклад, вы адправілі дзіця на вучобу ў іншы горад, і ў вас няма магчымасці часта перадаваць яму грошы. Магчыма, вы баіцеся, што ён раптоўна можа выдаткаваць усю перададзеную вамі суму кішэнных грошай. Нярэдкія таксама выпадкі крадзяжу наяўных сродкаў. Каб пазбегнуць такіх сітуацый, мэтазгодна адкрыць картку на імя дзіцяці.

«Дзіцячая картка» выпускаецца спецыяльна для непаўналетніх ва ўзросце ад шасці гадоў і афармляецца ў якасці дадатковай да рахунку аднаго з законных прадстаўнікоў (бацькоў, усынавіцеляў або апекуноў). Картка афармляецца толькі да рахунку ў беларускіх рублях і дапускае здзяйсненне аперацый (атрыманне наяўных, разлікі ў прадпрыемствах гандлю або сэрвісу) толькі на тэрыторыі Беларусі. Валютна-абменныя аперацыі з гэтай карткай забароненыя. Такая картка — гэта добрая магчымасць для дзяцей навучыцца планаваць свае выдаткі і карыстацца банкаўскімі паслугамі.

Кіраванне рахункам ажыццяўляюць бацькі. Яны ўносяць грошы на рахунак, кантралююць усе аперацыі і могуць у рэжыме рэальнага часу даведвацца аб стане і балансе рахунку. Усё гэта можна рабіць з дапамогай сэрвісаў «Інтэрнэт-Банк» і «sms-апавяшчэнне». Аб любой расходнай аперацыі па рахунку ўладальнік асноўнай карткі можа быць праінфармаваны з дапамогай паслугі «sms-апавяшчэнне». У выпадку страты карткі банк па званку бацькоў адразу ж яе заблакуе. А яшчэ адзін з банкаў распрацаваў тры варыянты дызайну «Дзіцячай карткі», з якіх маленькі кліент можа выбраць самы прывабны для сябе. Гэты банк выпускае пластык з намаляванымі на ім жоўтымі далонямі бясплатна.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Пластык» з бонусамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?