Вы тут

Людміла Лабкова: “Мы ў выдатнай форме!”


Да XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў засталіся лічаныя дні. На святочным адкрыцці Алімпіяды нашы спартоўцы будуць у каларытных касцюмах на нацыянальную тэматыку. "Алеся" гутарыць з дызайнерам Людмілай ЛАБКОВАЙ, распрацоўшчыцай параднай алімпійскай формы, аб вышыванках-абярэгах, міланскіх і беларускіх тыднях моды, а таксама пра гісторыю ўласнага брэнда.


– Людміла, памятаеце, як на летняй Алімпіядзе-2016 у Рыа форма беларусаў выклікалі фурор. Каманда трапіла ў спіс самых модных па версіі амерыканскага выдання USA Today. Зараз паўторым поспех?

– Спадзяюся. Мы з камандай дызайнераў канцэрна “Беллегпрам” працавалі над формай днём і ноччу ў рэжыме нон-стоп. Дарэчы, ад распрацоўкі эскізаў да пашыву прайшоў усяго тыдзень – рэкордны тэрмін! Але ж мы справіліся. Ацэньваў нашу працу ў тым ліку і беларускі Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Больш за ўсё яму спадабаліся футболкі. І, што асабліва парадавала, заўваг амаль не было.

– На касцюмах змешчаны беларускі арнамент. Даніна модзе?

– Народныя ўзоры – не проста ўпрыгажэнне. Нашыя продкі надзялялі арнамент сакральным сэнсам. Маленькія ромбікі сплеценыя ў адзін малюнак, які нагадвае сняжынку, – гэта сімвалы поспеху і ўрадлівасці. Жадаем, каб будучая Алімпіяда стала “ўраджайнай” для нашых спартсменаў на медалі і рэкорды! Месца размяшчэння арнаменту – на таліі і плячах – таксама выбрана невыпадкова. Нашыя продкі верылі, што варта класці ўзоры на “слабыя месцы”, каб засцерагаць не толькі ад  холаду, ветру, але і ад нячысціка, які, паводле паданняў, мог прычапіцца да чалавека. Каб засцерагчы сябе і блізкіх ад бяды, майстрыхі вышывалі арнамент на рукавах, падоле, каўняры.

Я доўга падбірала патрэбны малюнак. Тут якраз і спатрэбіліся веды, атрыманыя ў гады студэнцтва, – падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў  нас знаёмілі з беларускімі народнымі строямі і таямніцамі арнаментаў.

– Аднак наконт формы алімпійцаў кіпяць спрэчкі: адныя ў захапленні, іншыя абураюцца колерам, фактурай. Вам не крыўдна?

– Схітру, калі скажу, што не звяртаю ўвагі, што словы, бы птушкі, пралятаюць міма. Безумоўна, мне непрыемна, але я разумею: кожнаму не дагодзіш. Сказаць можна што заўгодна, асабліва ў інтэрнэце. Але ж дзе альтэрнатыўныя прапановы? Тут пануе цішыня…

Шэры колер – класіка. Спакойная, вытрыманая гама падкрэслівае менталітэт беларусаў. Прагуляйцеся па нашых вуліцах – вы ўбачыце, што яркіх, крыклівых рэчаў на нашых суайчынніках мінімум. Дык навошта ствараць дыскамфорт для спартсменаў напярэдадні важных стартаў? Акцэнтным з’яўляецца чырвоны колер. Сімвал жыцця, сонца, алімпійскага агню. Ён дамінуе і ў беларускай традыцыйнай сімволіцы. У дабавак, спалучэнне шэрага і чырвонага колераў – трэнд гэтага сезону.

У нашай форме ўсё прадумана да дробязяў: гузікі і падкладка – насычанага пунсовага колеру, па баках тонкімі змейкамі ўюцца цёмна-шэрыя лампасы. Узоры на жакеце пераклікаюцца з прынтам на эластычнай майцы (якая не скоўвае рухаў). Дапаўняюць камплект адзення аксэсуары: туфлі, заплечнік, рэмень. Усё вытрымана ў адной каляровай гаме. Жакет увогуле ўніверсальная рэч, аднолькава цікава з ім будуць глядзецца футболка, вадалазка і кашуля.

– Што падштурхнула вас да ўдзелу ў праекце?

– Цікавая прапанова, новы вопыт. Пад сваім крылом за некалькі дзён я аб’яднала дызайнераў “Беллегпрама”. Гэта не было для мяне ў навіну:  неаднойчы курыравала праект “Мельница моды”, дзе збірала  дызайнераў у адну каманду. Акрамя таго, лінейка адзення майго ўласнага брэнду адшываецца на прадпрыемствах “Беллегпрама”, таму я ведаю яго вытворчыя магчымасці, асартымент, тэхналогіі.

– Майстраваць, бачыць вобраз, распрацоўваць дэталі – да гэтага павінна ляжаць душа. Як вы прыйшлі ў прафесію?

– Усё пачалося з дзяцінства: я расла пад стракатанне швейнай машынкі. Шматочкі тканіны былі для мяне лепшымі цацкамі, з іх я прыдумляла і шыла незвычайныя сукенкі сваім лялькам. Іх гардэробу можна пазайздросціць! (Смяецца).

Мая мачыха працавала ў швейным атэлье. Вядома, швейная машынка была і дома. Як зачараваная, сачыла я за кожным этапам нараджэння новай рэчы: ад кройкі да шыцця. Працэс мне вельмі падабаўся. Таму ніякіх сумневаў наконт маёй прафесіі не было. Станаўленню мяне як майстра дапамагалі настаўнікі ў мастацкай школе, педагогі вучылішча і Акадэміі мастацтваў.

– LUDMILA LABKOVA – брэнд добра вядомы і ў нас, і ў замежжы. А якія яны, вашыя кліенткі? Як вы іх уяўляеце?

– Гэта ўпэўненыя ў сабе, адукаваныя, паспяховыя жанчыны. Яны не любяць агульнапрынятых стандартаў, будзённасці, не баяцца смелых эксперыментаў.

Заўважыла, што адзенне можа доўга чакаць сваю сапраўдную гаспадыню. У мяне ёсць дамы, з якімі я працую і сябрую шмат гадоў. Яны не толькі носяць самыя смелыя і раскошныя ўборы, але і натхняюць мяне на стварэнне крэатыўных вобразаў.

Ведаць густ і прыярытэты, адчуць настрой кліента, зразумець яго цяперашняе жаданне – гэта вельмі важна! Заказчыкы заўсёды дзеляцца са мной, як яны адчуваюць сябе ў той ці іншай абноўцы. Гэта дазваляе мне ўдасканальвацца і ствараць рэчы адметныя, з індывідуальнымі рысамі.

Да мяне прыходзяць не толькі паасобку, але і сем’ямі. Мамы з дачушкамі могуць заказаць сабе такі папулярны сёння “family look”, або сямейны вобраз, адзіны для ўсёй сям’і стыль. Маёй дачцэ Сафіі шэсць з паловай гадоў, яна мая галоўная мадэль. Мне вельмі падабаецца сёння прыдумляць і распрацоўваць сямейныя і дзіцячыя капсулы – яны нібы распраўляюць  мне крылы фантазіі. Сёння ў мяне ёсць занятак, што прыносіць не толькі задавальненне, але і прыбытак. Побач – любімая сям’я. З упэўненасцю скажу: я шчаслівая.

– Людміла, вы – ганаровая госця Міланскіх тыдняў моды. Многія дызайнеры пра гэта мараць…

– Аднойчы зразумела: мне цесна на нашых прасторах. Чаму б са сваімі калекцыямі не выпрабаваць лёсу на міжнародных подыумах? Усё атрымалася!

У гэтым сезоне мы прадстаўлялі ў сталіцы сусветнай моды калекцыю па матывах італьянскіх шэдэўраў архітэктуры. Натхніліся міланскім саборам Санта-Марыя-дэла-Грацыя. На мурах дамініканскага манастыра  знаходзіцца адна з самых славутых у свеце фрэсак – “Тайная вячэра” Леанарда да Вінчы. Гэтыя таямнічасць і сакральнасць, строгія геаметрычныя лініі, чыстыя колеры фарбаў знайшлі адлюстраванне ў нашых прынтах. Асаблівым попытам карысталіся велюравыя сукенкі з аплікацыямі (велюр – хіт сезона).

У лютым прэзентуем у Дюсельдорфе новую калекцыю “Восень-зіма-2019”. Беларусь знаходзіцца ў сэрцы Еўропы, таму многія рэчы, якія мы ствараем, нясуць у сабе, акрамя нацыянальнага каларыту, яшчэ і сучасныя трэндавыя павевы. У нашай краіне сёння шмат маладых крэатыўных дызайнераў. Добрай пляцоўкай для папулярызацыі нашых брэндаў выступае Беларускі тыдзень моды. Для пачынаючых – выдатны старт, а для тых, хто ўжо дабіўся поспеху ў моднай індустрыі, гэта стымул ствараць новае, рухацца далей.

– Што носіць дызайнер Людміла Лабкова?

– Мне падабаюцца яркія рэчы. Хочацца, каб мяне прыкмячалі здалёк. Мой фаварыт – белы. Багаты, арыстакратычны колер. Многія яго баяцца: маўляў, пэцкаецца хутка. Але не я.

Нярэдка набываю адзенне ў сваіх калег. У дызайнерскіх рэчах заўсёды  адчуваецца цеплыня і душэўнасць. Асабліва падабаюцца ўборы віцебскага дызайнера Таццяны Яфрэмавай.

Хадзіць па магазінах, як і многія жанчыны, люблю. Але шопінг усё ж выбіраю замежны. Як толькі пераступаеш парог крамы, да цябе з усмешкай падыходзяць прадаўцы, ты адчуваеш іх добрае веданне спажывецкай псіхалогіі. Як дызайнер, разумею: стварыць рэч – толькі вяршыня айсберга. Трэба ўмець яе прэзентаваць, каб умела прадаць. Для свайго персаналу я заўсёды арганізую адмысловыя трэнінгі, семінары. Творца ў сваю рэч закладае шмат сэнсу. Данесці яго да кліента – вельмі важная  задача.

Хрысціна ХІЛЬКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.