Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


«Крыху не ў сабе»

МІР, 22-23 студзеня

Гэта 12-серыйная лірычная камедыя знята паводле сцэнарыя аўтараў-жанчын рэжысёрам-жанчынай — і найперш для жанчын.

Пілот грамадзянскай авіяцыі Міхаіл Нерэсаў вядзе двайное жыццё: з аднаго боку, ён узорны сем'янін, якога чакаюць з рэйсаў жонка Людміла і сын, з другога — палюбоўнік прыгажуні-сцюардэсы Ірыны. Аднойчы, калі такі стан перастае задавальняць Ірыну, яна вырашае пазмагацца за асабістае шчасце і пагаварыць з жонкай Міхаіла пра далейшую будучыню. Жанчыны сустракаюцца і дамаўляюцца спытаць у лётчыка адкрыта, каго з іх ён насамрэч кахае, але... Па дарозе ў аэрапорт здараецца аварыя, і жанчыны нейкім чынам мяняюцца целамі. Цяпер кожнай з іх давядзецца паглядзець на сябе збоку, прымерыць ролю ненавіснай саперніцы не толькі ў рамантычных стасунках, але і ў паўсядзённым жыцці і працы, і прайсці шэраг няпростых выпрабаванняў, каб у рэшце рэшт паспрабаваць вярнуць усё на нармальныя рэйкі.


«Уладзімір Высоцкі. Апошні год»

АНТ, 27 студзеня

За год да смерці, 25 ліпеня 1979 года, Уладзімір Высоцкі на гастролях ва Узбекістане перажыў клінічную смерць. Як гэта насамрэч адбывалася і які быў апошні год знакамітага артыста? Аўтары дакументальнага фільма сустрэліся са сведкамі тых далёкіх падзей, якія ў дэталях расказалі хроніку гастроляў, спектакляў, лячэння ад наркатычнай залежнасці і зрываў Высоцкага.

Так, дырэктар і сябар артыста Валерый Янкловіч, які заставаўся з Высоцкім да апошняй хвіліны, прыгадаў, як выратоўвалі амаль нежывога акцёра ў Бухары. Калега па тэатральных падмостках Веніямін Смехаў расказаў, як смяротна хворы сябар, пакуль толькі мог стаяць на нагах і прамаўляць тэкст, адыгрываў свайго Гамлета — і ніхто з гледачоў не здагадваўся, што за кулісамі ўвесь час дзяжурыць брыгада хуткай дапамогі. А работніца міжнароднай тэлефоннай станцыі Вольга Лучко, якая шмат гадоў злучала Высоцкага з яго жонкай Марынай Уладзі, стала для іх за гэты час практычна членам сям'і і захавала ў памяці мноства вельмі асабістых размоў двух блізкіх людзей...


«Дванаццаць цудаў»

«Беларусь 1», 27 студзеня

Правінцыйная настаўніца матэматыкі Наташа, насуперак лагічнай прафесіі, марыць пра цуды. І аднойчы нешта падобнае з ёй адбываецца: выпадковы спадарожнік у цягніку Максім запрашае яе працаваць гувернанткай сваёй дачкі.

Як хутка высвятляецца, маленькая вучаніца мае цяжкі характар і крыўдуе на лёс за тое, што ў яе з татам жыцці з'явілася мачаха Ірына. Але нехта расказвае дзяўчынцы легенду: калі зрабіць 12 добрых спраў, то здарыцца цуд і спраўдзіцца запаветнае жаданне. І дзяўчынка, якая больш за ўсё хоча, каб мачаха куды-небудзь знікла, заключае дамову з гувернанткай: яна будзе слухацца і старанна займацца матэматыкай, калі Наташа дапаможа ёй здзейсніць тузін добрых спраў...

Загаловак у газеце: Пра веру і цуды

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.