Вы тут

Смеццеправод са зручнага абсталявання ператварыўся ў шкодны атрыбут?


Штогод адходы становяцца ўсё больш «мудрагелістыя» і небяспечныя па сваім складзе. Калі яшчэ паўстагоддзя таму дастаткова было вывезці іх на палігон, то цяпер жыццёва неабходна перапрацоўваць, каб зменшыць рызыку іх шкоды для асяроддзя. Раздзельны збор смецця ў большасці краін свету стаў стратэгічнай задачай, а вось смеццеправоды ў дамах — пэўным абмежаваннем на гэтым шляху.


Не трапляла на вочы — стала лезці ў нос

Першыя адзінкавыя смеццеправоды з'явіліся ў СССР яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, а масава ўкараніліся ў жыллёвы фонд у 60-я, падчас будаўніцтва шматпавярховікаў тыпавых серый. Смеццеправод тады стаў адным з асноўных атрыбутаў інжынернага абсталявання дома.

Першапачаткова гэтае санітарнае збудаванне мела шмат плюсоў. Гэта было зручна і для жыхароў шматкватэрных дамоў, якія выкідвалі смецце, што называецца, за тры крокі ад кватэры, і для архітэктараў і планіроўшчыкаў, якім не трэба з'яўлялася праектаваць спецыяльныя пляцоўкі для збору смецця. Смецце — праблема, якая суправаджае чалавека ўсё жыццё, — была «схавана» ўнутры жылога дома і не трапляла на вочы чалавеку.

— Напачатку свайго з'яўлення смеццеправоды сталі цывільным прагрэсіўным рашэннем для абыходжання з адходамі. Галоўнай задачай на той момант было сабраць усё смецце і бяспечна для чалавека вывезці яго з жылля, — расказала Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Тады практычна ўсе напоі разліваліся ў шкляную тару, якая была шматабаротнай і ў смецце трапляла ў невялікай колькасці. Людзі збіралі адходы ад гатавання ежы ў асобныя ёмістасці — бачкі памерам літраў на 30 — і ачысткі не забруджвалі смеццеправод. Гэтыя бачкі стаялі спачатку па пляцоўках у пад'ездах паміж паверхамі, пасля іх вынеслі на вуліцу. Ну і, зразумела, самога смецця было значна менш, не існавала столькі пластыкавай упакоўкі, не карысталіся ПЭТ-бутэлькамі.

З канца 80-х сітуацыя са смеццеправодамі пачала мяняцца. Асабліва рэзка гэта стала заўважна на працягу апошніх 15 гадоў. На смеццеправоды лягла большая нагрузка, чым яны маглі вытрымаць.

Сюды стала трапляць арганіка, што адразу прывяло да бруду і непрыемнага паху, якія палезлі ў вочы і нос. У некаторых дамах праз гэта з'явіліся прусакі ды пацукі. Гукі, калі бутэлькі ляцелі праз дзевяць паверхаў уніз, таксама не дадавалі камфорту. А чысціць смеццеправоды часцей, з улікам павялічанага аб'ёму смецця і яго складу, не было магчымасці ды і не надта дапамагала. Ствол смеццеправода ўнутры часта забіваўся вялікімі пакетамі са смеццем... Усё гэта значна ўскладняла жыццё ў дамах, дзе знаходзіліся смеццеправоды.

Спакойна, грамадзяне!

Шэраг назапашаных праблем трэба было вырашаць. Гадоў пяць—шэсць таму на дзяржаўным узроўні было вырашана максімальна закрыць смеццеправоды, што знаходзяцца ў жыллёвым фондзе. Летась гэта пачынанне планавалася цалкам завяршыць. Аднак на практыцы прыйшлося сутыкнуцца з некаторымі пытаннямі. Ці то не хапала такой колькасці кантэйнераў для смецця, ці то немагчыма было знайсці месцы пад пляцоўкі, ці то самі жыхары абураліся, што робіцца замах на іх зручныя ўмовы жыцця.

— Адразу пазбавіцца ад усіх смеццеправодаў немагчыма. Перш за ўсё, праз стэрэатыпы паводзін чалавека. Яму яшчэ трэба прывыкнуць да думкі, што лепш не са смеццевым вядром у пад'езд выходзіць, а з пакетамі — на вуліцу. Яшчэ адзін момант — забудова жылых кварталаў, якія раней праектаваліся без разліку на стварэнне пляцовак для збору смецця каля дамоў. Трэба яшчэ пастарацца адшукаць месца для такой пляцоўкі, якое адпавядала б санітарным нормам, — адзначыла дырэктар. — Падыход да тэмы смеццеправодаў спакойны. Ніхто не разглядае гэтую ідэю як нейкую кампанію. Галоўная мэта — пераканаць людзей змяніць стэрэатыпную схему паводзін і заахвоціць карыстацца пляцоўкамі каля дома, а не смеццеправодамі.

Плануючы чарговую кансервацыю,эксплуатуючыя арганізацыі перш за ўсё абследуюць тэрыторыю на магчымасць стварэння пляцовак для кантэйнераў па-за межамі дома. Калі зрабіць гэта можна — арганізуюць сход і тлумачаць жыхарам, што мяркуецца зрабіць.

Большая частка жылля цяпер прыватызаваная, у тым ліку і смеццеправоды, якія з'яўляюцца агульнай маёмасцю жыхароў. Каб заварыць гэтае абсталяванне, патрэбна згода паловы ўласнікаў. Калі жыхары не аб'яднаны ў таварыства ўласнікаў, то рашэнне прымае ўпаўнаважаная юрыдычная асоба, якая кіруе домам. Смеццеправоды, якія праходзяць не праз пад'езд, а праз кухні ці санвузлы кватэр, таксама з'яўляюцца агульнай маёмасцю ўласнікаў, а не прыватнай уласнасцю, бо яны знаходзяцца па-за межамі кватэрных сцен. І падыход да закрыцця гэтага санітарнага абсталявання такі ж, як і да звычайных смеццеправодаў.

Усе пляцоўкі для кантэйнераў, дарэчы, робяцца за кошт арганізацыі, што адказвае за абыходжанне з адходамі.

— Арганізаваць пляцоўкі для кантэйнераў са смеццем можна не ўсюды. Забудова ў горадзе часта настолькі шчыльная, што, часам, немагчыма знайсці месца, якое адпавядала б і санітарным нормам для размяшчэння кантэйнераў для змешаных адходаў, і да таго ж было зручным для людзей і смеццявозаў, — падкрэсліў Анатоль ШАГУН, начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Летась пачаўся эксперымент па ўкараненні падземных кантэйнераў у Магілёве і Пінску. Адзінкавыя пілотныя праекты зроблены ў Брэсце і Мінску. Такія прылады прасцей усталяваць, бо санітарныя патрабаванні не такія жорсткія. Да таго ж падземны кантэйнер памерам пяць метраў кубічных займае месца ўглыбіню, што больш зручна, чым пяць звычайных кантэйнераў на пляцоўцы. Калі пабачым станоўчы вынік, то будзем і такі варыянт укараняць.

Старыя — кансервуюць, новыя — будуюць

Калі людзі адмаўляюцца ад заварвання смеццеправодаў у дамах, гэта падстава для далейшых размоў і тлумачэнняў. У дапамогу спецыялістам дзейнічае таксама палітыка тарыфнага рэгулявання жыллёва-камунальных паслуг з дыферэнцыяцыяй кошту іх у залежнасці ад якасці і колькасці.

Летась у сталіцы анансавалі, што за абыходжанне са смеццем у дамах са смеццеправодамі і без іх будуць браць розную плату.

Каб не проста закансерваваць смеццеправод, заварыўшы доступ да ўнутранасці трубы, а цалкам дэманціраваць гэтае абсталяванне, спатрэбяцца дадатковыя грошы. Таму здзяйсняемы варыянт — заварваць — цяпер найбольш аптымальны для эксплуатуючых арганізацый.

— Хоць, напэўна, лепш усё-такі ад іх канчаткова пазбавіцца, бо час ідзе, а смеццеправод сам па сабе старэе. Да таго ж, так ці інакш маюцца праблемы з яго абслугоўваннем, — мяркуе Анатоль Шагун. — Чысцячы смеццеправод, мы не вырашаем праблему непрыемнага паху і бруду, бо кожны дзень абсталяванне не памыеш. Хутчэй за ўсё такія работы па дэмантажы калі і будуць праводзіцца, то толькі падчас капрамонту.

Пакуль у краіне пазбаўляюцца ад старых смеццеправодаў, новыя дамы, якія будуюцца, працягваюць імі аснашчацца. Асабліва калі такое рашэнне прымаецца на сходзе ўласнікаў, якія не гатовы абысціся без гэтага атрыбуту жыцця.

Дзе-нідзе ў новабудоўлях самі ўласнікі кансервуюць смеццеправоды на некалькі гадоў, каб туды не выкідвалі будаўнічае смецце і не псавалі абсталяванне. А ўжо пасля таго, як навасёлы «нарамантуюцца», пачынаюць карыстацца гэтым санітарным прыстасаваннем.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Загаловак у газеце: Заварваць! Нельга пакінуць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.