Вы тут

Гіпнатычны Заір Азгур


 

Ці любяць сёння Заіра Азгура? Гэтага самага папулярнага беларускага скульптара савецкай эпохі, з дня нараджэння якога спаўняецца ў студзені 110 гадоў? Нехта не можа яму дараваць шматлікіх мармуровых, гіпсавых і гранітных Ленінаў, Сталінаў, Марксаў ды іншых Энгельсаў з Будзёнымі, якімі былі аздоблены ці не ўсе плошчы, вуліцы, паркі Беларусі. Цень ад створаных Азгурам афіцыёзных скульптур такі вялікі, што закрывае сабой ІНШАЕ, што зрабіў гэты чалавек...


Ілюстрацыя да зборніка апавяданняў Кузьмы Чорнага.

1.

У дзяцінстве ён заблукаў у лесе, калі збіраў грыбы, і быў адначасова напалоханы, узрушаны і захоплены, калі раптам убачыў на палянцы выразаных з дрэва аграмадных паганскіх ідалаў. Праз шмат гадоў, ствараючы ўжо савецкіх ідалаў, ён імкнуўся выклікаць сваімі работамі такія ж пачуцці, якія перажыў тады на паляне.

Заір Ісакавіч марыў, каб яго скульптуры мелі гіпнатычнае ўздзеянне. Тут паўплывала і тагачаснае кіно. У 1920-я гады адным з самых папулярных замежных фільмаў у СССР быў крымінальны баявік Фрыца Ланга «Доктар Мабузэ — ігрок». Галоўны герой — геній злачыннага свету, дамагаўся сусветнага панавання шляхам гіпнозу. Юнага Заіра настолькі захапіў гэты персанаж, што ён пачаў самастойна вывучаць гіпноз і... дасягнуў поспеху! Некаторыя сябры пад яго ўздзеяннем засыналі, уваходзілі ў транс. Але амбітны скульптар хацеў не толькі сам уплываць на свядомасць, але і каб падобны эфект маглі выклікаць яго работы. І часам гэта ўдавалася. Вось, як ён пра гэта згадваў: «...я вылепіў бюст /.../ неўрапатолага, які лячыў сваіх пацыентаў гіпнозам, Кандрата Манахава. /.../ Калі бюст быў ужо адліты, я аддаў яго на выстаўку. Аднойчы мяне тэрмінова выклікалі туды з майстэрні. Я прыехаў і ўбачыў, што дзве жанчыны ляжаць на падлозе і спяць перад бюстам Манахава. Тут мне расказалі, як гэта адбылося. Гэтыя жанчыны аглядалі выстаўку, а калі падышлі да бюста і ўважліва прыгледзеліся, дык пахіснуліся і пачалі падаць...»

Калі Азгур стварыў знакамітую кампазіцыю, дзе Якуб Колас сядзіць у атачэнні герояў сваіх твораў, то мастака папракалі ў празмернай грувасткасці, статычнасці, дзе няма нават намёку на лёгкасць і палёт. «Там жа выяўлены Сымон-музыка са сваёй каханай! Ды ў іх эмоцыі як у аглушанай рыбы! А Якуб Колас урос у зямлю, бы нейкі валун! Я заўсёды абыходжу яго і гляджу, ці не з’явіўся на ім мох», — абураўся адзін калега. Азгур смяяўся, а ў размове з Янкам Брылём казаў: «Дурні!.. Яны нічога не зразумелі! Героі Коласа таму і выглядаюць такімі застыглымі, бо... загіпнатызаваны сваім стваральнікам...». « — А сам Колас, абапёршыся на руку, гіпнатызуе?» — пытаўся іранічны Брыль. «Уводзіць сам сябе ў стан гіпнозу, каб не засмучацца ад таго, што яго суайчыннікі з большай радасцю бягуць у ЦУМ, чым у кніжную краму па беларускую кнігу», — адказаў Азгур.

Можна сказаць, што амаль усе скульптурныя героі Заіра Ісакавіча альбо імкнуліся гіпнатызаваць (як тут не згадаць і «Рабіндраната Тагора», за якога Азгур атрымаў у Бруселі срэбны медаль), альбо знаходзіліся ў стане летаргічнага сну. Часам здаецца, што ўнутры многіх вонкава аморфных і нават аднатыпных фігур і бюстаў схавана нейкая невытлумачальная ўнутраная сіла, якая чакае толькі сігналу, каб прачнуцца, выбухнуць, узарваць гэтую гіпсавую альбо мармуровую абалонку, у якой толькі знаходзіцца часова, і здзівіць сваёй праўдзівай сутнасцю.

2.

Настаўнікам Заіра Азгура быў, як вядома, Юдэль Пэн, геній наіўна-рэалістычнага жывапісу, па-дзіцячы непасрэдны бытапісальнік жыцця яўрэйскіх рамеснікаў, музыкаў, талмудыстаў, гандляроў. Кожны з яго персанажаў сядзеў у сваёй крамцы, дзе на стале былі шчодра рассыпаныя гузікі, цвікі, механізмы ад гадзіннікаў ды іншае прафесійнае начынне. Але героі летуценна глядзелі ў неба, не звяртаючы ўвагі на гэты дакладна прамаляваны нацюрморт. Яго вучань Марк Шагал, натхніўшыся падобнай паэтычнай непасрэднасцю, здзейсніў іх мару, пазбавіўшы гэтых персанажаў законаў прыцягнення. Ён стварыў дзівосны жывапісна-музычны карнавал, у якім Віцебск плаўна пераходзіць у Парыж, а рамантычныя крамнікі Пэна, ператвораныя ў цыркачоў, лунаюць у небе.

Заір Азгур гэтаксама любіў карнавал, прыгадваў, якім гэта было шчасцем, калі Юдэль Пэн вадзіў яго ў цырк, хацеў стаць ёгам, марыў навучыцца лётаць і прывучаў сябе да скокаў з вялікай вышыні. Але калі цыркавыя блазны, каровы і козы Шагала палюбілі неба, то сваіх герояў Азгур намёртва прывязаў да зямлі. Янка Брыль успамінаў, што Заір Ісакавіч (які, дарэчы, мала ведаў творчасць Багдановіча), перад тым, як пачаць свой чарговы твор, з вялікім імпэтам дэкламаваў: «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя...»

Нездарма ён палюбіў «Новую зямлю» Якуба Коласа настолькі, што вывучыў яе на памяць: «Шагал стварыў ідэальны свет, іншымі словамі рай на небе, але ж гэта банальна! — любіў казаць Азгур. — Якуб Колас сваім раманам у вершах паказаў, што гэты рай існуе на зямлі, толькі яго трэба адшукаць. А гэта ўжо куды цікавей, чым казкі Шагала».

Нездарма Заір Ісакавіч пасля таго, як прачытаў раман «Зямля», літаральна закахаўся ў творчасць Кузьмы Чорнага. Азгура зачароўвала самнамбулічная няспешнасць яго прозы, падкрэсленая медытатыўнасць. «Ты робіш са мной тое, што і доктар Мабузэ: падпарадкоўваеш сваёй волі!» — усклікаў скульптар пасля прачытання «Сястры», «Сценаў» альбо «Парфіра Кіяцкага». Кузьма Чорны толькі ўсміхаўся, а затым ненавязліва працягваў творчыя эксперыменты над сваім сябрам. Сам Азгур пра іх успамінаў так: «Кузьма Чорны /.../ пачынаў спрэчку са мной. Рабіў з мяне то аднаго героя, то другога. Я спачатку не заўважаў гэтага і проста адказваў. Але ўвесь час здзіўляўся, чаму ён гаворыць нейкія недарэчнасці. Аказваецца, ён стараўся адказваць так, як адказваў бы Лявон Бушмар ці Леапольд Гушка. Гэтая манера /.../ мне вельмі не спадабалася. Я сказаў: «Ведаеш, Кузьма, я табе не люстра і не натуршчык. Не псуй маю нервовую сістэму, інакш я або не буду цябе ляпіць, або зраблю з цябе ксяндза».

Дарэчы, паглядзеўшы на пасляваенны скульптурны партрэт пісьменніка, які зрабіў Азгур, трэба прызнаць, што сваю іранічную «пагрозу» ён выканаў: Кузьма Чорны тут вельмі падобны да ксяндза.

3.

Скульптар Міхаіл Керзін у майстэрні Заіра Азгура падчас працы над партрэтам доктара Манахава

У 1932 годзе Заіру Азгуру прапанавалі стаць мастаком новай кнігі Кузьмы Чорнага «Брыгадзіравы апавяданні». Скульптар напалохаўся. Ён ніколі не ставіўся да сябе як да добрага малявальшчыка, а некалькі ілюстрацый, зробленых для часопіса «Чырвоная Беларусь», сур’ёзнай работай не лічыў. «Чаму я?» — запытаўся ў выдавецтве. «Так хоча аўтар», — адказалі. «Кузьма, вазьмі каго больш вартага: Волкава, Тычыну, Гуткоўскага, Ахрэмчыка, — папрасіў Азгур. — Ці гэта ізноў твой эксперымент?» «Нашто хвалюешся? — запытаў Кузьма Чорны. — Ты ніколі не афармляў кнігі, я — не пісаў вытворчую прозу пра завадскіх ударнікаў — у нас павінна атрымацца нешта цікавае і, спадзяюся, не настолькі банальнае, як чакаюць нашыя сябры».

Гэтыя апавяданні ў Кузьмы Чорнага і сапраўды вонкава былі ідэалагічна «правільнымі», але ж захавалі ўсю яго паэзію, тое дзіўнае пачуццё, калі захапляешся не прымітыўным сюжэтам (а тут усе гісторыі падманліва-прымітыўныя), а інтанацыяй, імправізацыяй эмоцыі, якая ўрэшце перамагае ў сваім незвычайным танцы лагічную развагу.

Але як гэта ўхапіць і выявіць у малюнку?

«Табе дапаможа... джаз!» — нечакана прыйшоў на дапамогу вялікі прыхільнік гэтай музыкі Цішка Гартны.

Кожны вечар Азгур слухаў у яго на кватэры (кажучы словамі Цішкі Гартнага) «дзесяткі рэзкіх зыкаў, што адбіваюць галасы і шолах тропічнага лесу, плескат мора, шэлест тросьніку паўдзённа-амэрыканскіх стэпаў. /.../ і ўсё гэта як быццам бы наэлектрызавана, ляціць, імчыцца ў нейкай завірусе, у шалелым палёце».

А якія незвычайныя мастацкія альбомы паказваў Гартны падчас музычных сеансаў! Аматар нямецкага мастацтва, ён здзіўляў Азгура прывезенымі з Берліна рэпрадукцыямі экспрэсіяністаў з суполак «Мост» і «Блакітны вершнік», жорсткай графікай мастакоў «Новай рэчаінасці».

Заір ніколі не мог сабе дазволіць у скульптуры хоць якую рэзкасць ці надламанасць. Ён зайздросціў свайму калегу Абраму Бразеру, які чхаў на ўсялякія сацрэалістычныя ўстаноўкі і ляпіў як жадалася. Але зараз, натхнёны нямецкім мастацтвам і джазам, Азгур зразумеў, што хацеў ад яго Кузьма Чорны, на што падбіваў Цішка Гартны. Прыслухацца да сябе, забыцца на ўмоўнасці і намаляваць так, як адчуваеш, быццам першы раз, быццам нідзе не вучыўся. Паддацца і даверыцца сваёй эмоцыі! І няхай яна нават будзе па-дзіцячы наіўнай (школа Пэна!), тым лепей.

 Азгур не ведае гэтых герояў-ударнікаў з кнігі Чорнага. Сорамна прызнацца, але яго палохаў пралетарыят. Ну дык і выдатна. Тады трэба іх зрабіць грубымі каржакаватымі чорнымі плямамі, як быццам гэта выразаныя з дрэва фігуркі-татэмы, персанажы з наскальнага жывапісу. Ніякай канкрэтыкі і ў абмалёўцы завода: грубыя вертыкалі і гарызанталі, нейкія невыразныя канструкцыі-клеткі — гэтага дастаткова, каб паказаць залежнасць герояў ад свайго месца працы, падкрэсліць трагічную знітаванасць рабочых і завода. Ён, як жывая істота, зацягвае, засмоктвае ў сябе, і бедныя ўдарнікі ўжо нікуды не падзенуцца, застануцца ў ім навечна, нават калі цяжка захварэе родны бацька Броні Казакевіча (у аднайменным апавяданні), няшчасны сын не зможа вырвацца з абдымкаў завода і не паспее развітацца з татам.

У гэтых малюнках Азгур ізноў вярнуўся да сваёй любімай тэмы — гіпнозу. Завод, можна сказаць, падпарадкоўваў рабочых сваёй волі, яны гублялі адметнасць (адсюль і чорныя плямы замест твараў), пачыналі знаходзіцца ў своеасаблівым трансе не толькі да канца змены, але і да канца жыцця.

4.

Гэта быў незвычайны і дастаткова смелы графічны эксперымент. Ніколі пасля Заір Азгур не дазваляў сабе, як мастак, падобнага, але, магчыма, чакаў, калі які-небудзь сябра-пісьменнік прапануе новую творчую незвычайнасць.

 У канцы 1950-х гадоў Янка Брыль спакусіў Заіра Ісакавіча напісаць кнігу «Незабыўнае».

І перад намі адкрыўся новы Азгур.

Парадаксальны, іранічны, нечаканы ў апісанні таго ці іншага класіка беларускай літаратуры. Тое, што ён не дазваляў сабе ў скульптуры і не да канца здзейсніў у графіцы, ён выявіў у прозе. Якуб Колас — падобны да мушкецёра; Янка Купала — насмешлівы, як Арлекін з камедыі дэль артэ; Эдуард Самуйлёнак — нагадвае падлетка са схільнасцямі да піраманіі. Кожны партрэт унікальны ды эмацыянальна-праўдзівы.

5.

Як разьбяр, ён імкнуўся ствараць ідэальных герояў. Яны павінны былі адным толькі позіркам уводзіць савецкіх гледачоў у прыемны сон, ствараць ілюзію, што мы жывём у казцы; у графіцы даваў волю сваім страхам і комплексам, самым вострым пачуццям і думкам, якія гэтую казку разбуралі; а ў літаратуры стварыў узор таго, як трэба пісаць на Беларусі сапраўдныя ўспаміны: паказаў прыклад лёгкасці і артыстызму, як быццам ты не пішаш уласны жыццяпіс, а танцуеш захапляльнае, поўнае жарсці танга.

Ці любяць сёння Заіра Азгура?

Калі не, то дарма. Гэты чалавек варты нашага захаплення.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».