Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


На пачатку студзеня адзначылі сваё прафесійнае свята сацыяльныя работнікі

Карэспандэнт газеты «Добрушскі край» праехалася разам з сацыяльным работнікам Алесяй Самусік па адрасах, дзе яе чакаюць падапечныя. Пенсіянерка Тамара Музыкіна амаль 40 гадоў працавала выхавальнікам-медсястрой у дзіцячым садзе. Зараз ёй ужо 81 год. Два апошнія яна карыстаецца дапамогай сацработніка. «Алеся і прыбярэ, і прадукты, лекі прынясе, пагаворыць і выслухае», — расказвае пенсіянерка.

Сама ж Алеся калісьці працавала прадаўцом, але пасля дэкрэтнага адпачынку вырашыла змяніць абстаноўку і на сёння мае амаль дзесяцігадовы стаж сацработніка. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна такіх спецыялістаў 49. У 48 з іх — свой участак. А калі патрабуецца выканаць цяжкую фізічную працу, на дапамогу прыходзіць работнік аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. Ён і дроў наколе, і плот паправіць. На надомным абслугоўванні ў раёне знаходзіцца больш за 400 чалавек. І для некаторых прадстаўнікі сацслужбы, мабыць, — адзіная сувязь са знешнім светам.


Падвялі вынікі конкурсу рукадзелля

Да 14 студзеня ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў сталіцы праходзіць выстава «Лёд. Кветкі. Фантазія». Туды трапілі фларыстычныя работы з усіх куткоў Беларусі. На вочным этапе аднайменнага конкурсу два дыпломы заваявалі выкладчыкі і выхаванцы Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, паведамляе газета «Зара над Нёманам». Яшчэ адну ўзнагароду мастаўчане ўзялі па выніках завочнай намінацыі.

У журы ўвайшлі такія знакамітыя фларысты, як чэмпіёнка Беларусі Лора Белабровік і майстар міжнароднага класа Мікалай Даніловіч. Лепшых фларыстаў абіралі ў намінацыях «Падаў белы снег» і «На мяжы зімы». Першая для вучняў, другая — для педагогаў.

Анастасія Стэмплеўская, вучаніца 9-га класа Правамастоўскай сярэдняй школы і выхаванка студыі «Флора-арт», не толькі атрымала дыплом першай ступені, але і была запрошана на нацыянальны адборачны этап міжнароднага конкурсу WordSkіlls. Яе выкладчыца Наталля Бортнік на конкурс выставіла інтэр'ерную кампазіцыю: калядны вянок з выкарыстаннем гаршковых раслін, дэкаратыўных элементаў ручной работы з прыродных матэрыялаў. Каркас выраблены з лямцу і вязаных элементаў. Яе работа атрымала дыплом другой ступені.


Ратавальнікі папярэджваюць аб небяспецы

У Уздзенскім раёне правялі прафілактычную работу па папярэджванні пажараў і гібелі людзей. Падчас абходу работнікі службы ратавання асаблівую ўвагу ўдзялілі домаўладанням, дзе паляць печы, выхоўваюць малых дзяцей, дзе жывуць людзі састарэлага ўзросту. Газета «Чырвоная Зорка» Уздзенскага раёна расказала, на што трэба звярнуць увагу, каб не здарылася бяды.

«Навучыць кожнага земляка правілам пажарнай бяспекі ў побыце — наша галоўная задача. Але ёсць і задачы спадарожныя: матываваць кожнага шанаваць сваё жыццё і жыццё блізкіх, падтрымліваць пажарабяспечны стан кватэры або дома пастаянна, а не, устараніўшы выяўленыя намі магчымыя прычыны пажараў, чакаць наступнага візіту ратавальнікаў. Да таго ж мы рэгулярна абнаўляем тэмы прафілактычных гутарак дома — у залежнасці ад сезона», — тлумачыць начальнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі Уздзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Каравацкі.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».