Вы тут

Ташкенцкае знаёмства Якуба Коласа


Жыццяпіс любога знакавага творцы, а тым больш — класіка літаратуры, Песняра беларускага народа Якуба Коласа не можа быць поўным без уважлівага вывучэння яго акружэння. Пры гэтым ёсць часавыя адрэзкі жыцця Якуба Коласа з белымі плямамі, што яшчэ чакаюць свайго адкрыцця. Няпростым жыццёвым этапам Якуба Коласа і найменш вывучаным для даследчыкаў з’яўляецца так званы Ташкенцкі перыяд, звязаны з трагічнымі падзеямі Другой сусветнай вайны ў лёсе народнага пісьменніка і краіны.

На трэці дзень з пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям’я Міцкевічаў выязджае з Мінска і толькі праз амаль двухтыднёвае качаванне дабіраецца да Клязьмы, дзе жыў родны брат жонкі класіка Марыі Дзмітраўны Міхаіл. Трывожныя падзеі на франтах вайны вымусілі ў хуткім часе Якуба Коласа з жонкай і двума сынамі выехаць у далёкі Ташкент, у які эвакуявалася і Акадэмія навук БССР. Ужо 7 жніўня 1941 г. Канстанцін Міхайлавіч з сям’ёй выязджае з Масквы і праз тыдзень апынаецца ў Ташкенце, дзе жыве да жніўня 1943 года. У той драматычны для Коласа час ён шмат працуе, а ў акружэнні паэта — творчыя людзі і славутыя імёны з усяго Савецкага Саюза. Аднак пра некаторыя знаёмствы Якуба Коласа амаль нічога не было вядома. Падобным прыкладам з’яўляюцца стасункі з чэхаславацкім пісьменнікам Ондрай Лысагорскім. У фондах музея Якуба Коласа ёсць кніга Ондры «Песни о солнце и земле» з асабістай бібліятэкі Якуба Коласа з дарчым надпісам беларускаму класіку:

«Дорогому Якубу Коласу, на добрую память о годах в Ташкенце».

Ондра Лысогорский. Москва, октябрь 1945 г.

Чым цікавая асоба Лысагорскага і якім чынам пісьменнікі маглі пазнаёміцца ў Ташкенце? Ондра Лысагорскі (сапраўднае імя Эрвін Гой) нарадзіўся 6 чэрвеня 1905 года ў прамысловым рэгіёне ў ваколіцах Лысай гары, што ўваходзіла ў горны масіў Мараўска-сілезскіх Бескідаў (сённяшняя Чэхія). Пасля атрымання нямецкамоўнай гімназічнай адукацыі Э. Гой вучыцца 4 гады (1924 — 1928 гг.) у Карлавым універсітэце ў Празе, дзе становіцца доктарам філасофіі. Доўгі час (1931—1935; 1937—1938) выкладае ў нямецкай гімназіі ў Браціславе, а таксама ў гімназіях Крэмніцы, Остравы і Трнавы. Але ўвайшоў у гісторыю О. Лысагорскі як стваральнік ляшскай літаратурнай мовы (ляшціны).

У сваім лінгвістычным праекце Лысагорскі ўзяў за аснову вернеастравіцкія гаворкі чэшскай Сілезіі і скарыстаўся невыразнай этнамоўнай прыналежнасцю насельніцтва. Стварыўшы новую мову ў пачатку 1930-х гг., Лысагорскі скарыстоўваў яе ў паэтычных творах, прадмовах і пасляслоўях уласных кніг, часткова ў асабістай перапісцы. А ў сваім першым ляшскім зборніку «Spiwajuco piasc» (1934 г.) ім была абвешчана ідэя аб двухмільённым ляшскім народзе, што жыве на тэрыторыі Чэхіі і Польшчы. Ідэі Лысагорскага былі ўспрыняты як сепаратысцкія, і толькі адзінкі сярод чэшскай інтэлігенцыі сталі яе прыхільнікамі. Цікава, што пры частых абвінавачваннях Лысагорскага ў штучнасці і кабінетнасці яго моўнага праекта на сёння даследчыкі ўсё ж лічаць ляшціну паўнавартаснай літаратурнай мовай з усімі яе прыкметамі (графіка і арфаграфія, сінтаксічныя і марфалагічныя нормы і г. д.). Нягледзячы на тое, што О. Лысагорскага лічылі мясцовым сепаратыстам у Чэхіі і Польшчы, у СССР падчас вайны ён меў высокі статус, а яго кнігі перакладаліся і друкаваліся. Перакладчыкамі твораў О. Лысагорскага, між іншым, сталі вядомыя рускія літаратары: Ганна Ахматава, Барыс Пастарнак, Марына Цвятаева, Самуіл Маршак і інш.

З пачаткам Другой сусветнай вайны О. Лысагорскі спярша эмігрыруе ў Польшчу, а пасля разам з чэхаславацкім легіёнам апынаецца ў СССР, дзе 9 месяцаў праводзіць у лагеры для інтэрнаваных. З 1940 г. пачаў выкладаць чэшскую і нямецкую мовы ў Маскоўскім педагагічным універсітэце, а калі ў кастрычніку 1941 года эвакуіруецца ў Ташкент, то працуе ў мясцовым педагагічным універсітэце. Менавіта ў Ташкенце адбываецца знаёмства беларускага Песняра Я. Коласа і заснавальніка літаратурнай ляшскай мовы О. Лысагорскага, як сведчыць дарчы надпіс з фондаў літаратурна-мемарыяльнага музея.

Варта адзначыць, што кніга О. Лысагорскага была падаравана аўтарам Я. Коласу, калі той прыязджаў у Маскву, каб праведаць свайго малодшага сына Міхася, які тады навучаўся ў Маскоўскім авіяцыйным інстытуце. Пра паездку К. Міцкевіча ў Маскву ў кастрычніку 1945 года сведчаць два лісты, адзін з якіх быў напісаны да сябра Сяргея Гарадзецкага, а другі — да свайго дзядзькі Ігната Міцкевіча і яго жонкі. Яшчэ адно непасрэднае сведчанне творчых і асабістых стасункаў Я. Коласа і О. Лысагорскага падчас жыцця ў Ташкенце — актыўны ўдзел у друку літаратурных часопісаў «Ташкенцкага альманаха» і «Залп», у якіх прысутнічаюць вершы абодвух паэтаў у перакладзе на рускую мову. Згаданыя часопісы знаходзяцца ў фондах музея і былі прывезены з эвакуацыі Я. Коласам, што пэўна паказвае на іх важнасць, бо ў пасляваенны Мінск Я. Колас прывёз з сабой самыя значныя кнігі і іх колькасць была невялікая. Такім чынам, пісьменнікі былі ў цэнтры літаратурна-творчага і культурнага жыцця ўзбекскай сталіцы.

Акрамя таго, жыццёвыя шляхі Я. Коласа і О. Лысагорскага перасякаліся не толькі ў Ташкенце, бо абодва творцы былі актыўнымі ўдзельнікамі Усеславянскага камітэта. Менавіта на трэцім Усеславянскім мітынгу, што адбыўся ў Маскве 9 мая 1943 года чарговы раз сустрэліся Я. Колас і О. Лысагорскі. Праўда, калі Я. Колас выступаў з прамовай на мітынгу, то О. Лысагорскі быў проста ўдзельнікам мерапрыемства, што падпісаўся пад зваротам да прыгнечаных славянскіх народаў гітлераўскімі войскамі, разам з іншымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі розных славянскіх краін. Да таго ж Я. Колас быў членам прэзідыума Усеславянскага камітэта, у сваю чаргу О. Лысагорскі быў проста членам арганізацыі. Матэрыял пра трэці Усеславянскі мітынг не абмінула цэнтральная савецкая прэса (як, напрыклад, газета «Красная звезда», у якой быў надрукаваны зварот мітынгу). Кніга з тэкстамі выступаў на мітынгу і вітанняў да яго з розных краін свету, гэтаксама як і запрашэнне на ўдзел, праграма канцэрта захоўваюцца ў фондах музея і былі падпісаны на імя Якуба Коласа. Ускосным пацвярджэннем яго знаходжання на згаданым мерапрыемстве могуць служыць пісьмы, якія былі напісаны малодшаму сыну Міхасю і сябру Сяргею Гарадзецкаму ў Ташкент (датуюцца 11 і 12 мая і дасылаліся з Масквы).

Такім чынам, Я. Колас і О. Лысагорскі неаднаразова сутыкаліся паміж сабой і дакладна ведалі адзін аднаго. Трэба адзначыць, што прамых згадак пра ўзаемаадносіны Я. Коласа і О. Лысагорскага ў эпісталярнай спадчыне (у Ташкенцкім дзённіку, пісьмах ваеннага перыяду) класіка беларускай літаратуры няма.

Прасочваюцца пэўныя паралелі ў творчасці і псеўданімах двух славянскіх творцаў, што былі звязаны з месцам нараджэння паэтаў. Канстанцін Міцкевіч карыстаўся на працягу ўсёй творчасці псеўданімам Якуб Колас, аднак у ранні перыяд творчай дзейнасці браў і шматлікія іншыя псеўданімы, у тым ліку і тыя, што адлюстроўвалі спецыфіку паходжання нацыянальнага паэта і яго тэрытарыяльную прыналежнасць. Нездарма ўзніклі К. Альбуцкі, К. Наднёманец, Мікалаевец ці Дзям’янаў гуз, якімі К. Міцкевіч паспісваў творы дакастрычніцкага перыяду. Эрвін Гой абраў псеўданім Ондра Лысагорскі, што паходзіць ад імя вядомага ў чэшскіх краях паўстанца супраць нямецкіх баронаў Ондраша, аднак другая частка псеўданіма таксама адлюстроўвае месца нараджэння аўтара — ваколіцы Лысай гары горнага масіву Бескідаў і цесна звязана з ідэйным сэнсам значнай часткі твораў Э. Гоя.

Паралелі можна знайсці і ў творчасці двух нацыянальных пісьменнікаў. Цікавае і невыпадковае супадзенне — назва зборніка вершаў Я. Коласа ваеннага перыяду «Голас зямлі» (1942 г.) і нізка вершаў О. Лысагорскага з ідэнтычнай назвай «Hłos hrudy» (Głos ziemi), што выйшла з пад пяра аўтара ў 1935 годзе.

Аляксандр КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?