Вы тут

Недапечаныя булкі ды іншае


У чым сэнс кожнага падарожжа? У знойдзеных прычынах, пройдзеных гарадах, сустрэтых людзях? «Бэзавы бамжак» Інэсы Кур’ян («Янушкевіч», 2017; электронная кніга) якраз пра гэта: пра тое, чаму бяздомныя так моцна любяць бэз пад акном, пра Мінск і яго жыхароў. Але таксама пра нешта большае...


Названы гарадскім рамансам твор распавядае пра мінчанку Шыншылу нявызначанага ўзросту і яе падарожжа па Мінску ў пошуках «Жадання пад Бэз». А больш канкрэтна, жаданне справіць пад ім патрэбу. З відавочных прычын такая завязка можа адштурхнуць патэнцыйнага чытача, у прыватнасці таго, хто ўгледзіць словы «гарадскі» і «раманс» і не звяжа іх у галаве. Хай твор Інэсы Кур’ян і не прызначаны для музычнага выканання, але жанр усё-ткі кажа сам за сябе. Бытавуха, дэталізацыя будняў галоўнай гераіні, зварот да тэмаў калі не адкрыта непрыглядных, то сумніўных. Бамжы, мёртвыя яўрэйскія ногі (менавіта ногі), замагільныя соймікі ў моргу, галовы (хай і псеўдамармуровыя) архітэктараў. Усяго многа, усё смакуецца. І ўсё ўплецена ў тэкст усвядомлена.

Кожная частка кнігі прысвечана асобнаму кавалачку Мінска ў прыватнасці, Беларусі — у цэлым. Сюррэалістычныя эпізоды змяняюць адзін аднаго, і кожны млява ўздыхае, а ў гэтых уздыхах: «Вы заўважылі, які я дзіўны? А гэта нездарма! Гэта сімвал. Гэта адсылка. Гэта ў сэрцы. Гэта іронія». Само па сабе нядрэнна — іншая рэч, што дзясяткі старонак «утоенага» чытаць утомна. Пачынаеш думаць, што аўтар не можа інакш.

Тэкст літаральна сочыцца метафарамі і аўтарскімі гульнямі са словамі. Гульняў так многа, што калі іх выразаць, ад кнігі застанецца сумны кавалак не вельмі цікавых, слаба звязаных паміж сабой падзей. Уласна, «Бэзавы бамжак» і трымаецца на лінгвістычных дзіўнасцях і сюжэтным абсурдзе. Аўтар какетліва называе кнігу «гарадскім рамансам», але гэта хутчэй гарадская містэрыя. Коціцца па праспекце галава Лангбарда, рэчы і людзі знікаюць (каб з’явіцца ці не з’явіцца зноў), ладзяцца парады недапечаных булак, а гараджане, што пакутуюць ад адзіноты, вучацца любові разам з калонамі Акадэміі навук.

Калі б «Бэзавы бамжак» быў зборнікам невялікіх навел, аб’яднаных гарадской тэмай, гэтыя дзіўныя элементы глядзеліся б значна больш гарманічна. Але замест дасціпных гісторый, якія іншасказальна ілюструюць мінулае і сучаснае горада, на выхадзе мы маем набор ідэй і вобразаў, якія звязаныя паміж сабой толькі тым, што ў канцы кожнага эпізоду галоўная гераіня атрымлівае накіраванне: ідзі туды, спытайся ў таго. Няма развіцця. Ні сюжэтнай інтрыгі, ні гераіні. Яе адносіны з іншымі персанажамі, нават глыбока асабістыя, прапісаны павярхоўна, умоўна, як даніна нейкай найвышэйшай думцы (напрыклад, што «гэта вычварэнства — кахаць радзіму больш за мужчыну»). Героям не суперажываеш, у іх не ўлюбляешся. Яны таксама проста ідэі.

Час у творы ідзе нераўнамерна і невытлумачальна, і частка за часткай — год за годам — Шыншыла непрыкметна сталее на восем гадоў. Гады гэтыя сімвалічныя, не адлюстроўваюць рэальных зменаў у жыцці гераіні ці горада. Як яшчэ адна эстэтычная дэталь, якая не ўплывае ні на што, але нясе нейкі асаблівы сэнс.

«Я прапаноўваю Вам бала-муць! Трохі балю, трохі муці — і гэта будзе добра праведзены час».

Пацешных фраз, удалых вобразаў, што ўпіваюцца ў свядомасць, у кнізе багата. Але яны патанаюць у моры іншых фраз і вобразаў. З эфектнага спосабу ўздзейнічаць на чытача, прымусіць яго думаць або адчуваць яны пераўтвараюцца ў проста тэкст. Цэлая глава кнігі прысвечана «моўнай трансфармацыі адмоўнай рэчаіснасці»: проста замяні любое слова на «інакшы», і ўсё адразу заззяе сваёй таямнічай інакшасцю. Просты, але гаваркі эпізод. Як і сцэна, дзе галава Лангбарда ў перадсмяротным уздыху натхнёна кажа пра архітэктуру, а мясцовая перакладчыца з вёскі толькі і можа, што мармытаць пра льняныя рулькі. Смешна, так, але «мае сэнс у кантэксце».

«Можа, я і не пісьменніца па паходжанні… Можа, я іншы гонар айчыны? Не літаратарка, а які-небудзь апошні прысяглы справядлівага выроку. Мне трэба скласці не твор, а вердыкт. Вердыкт паху булак з хлебазаводу, што запавольвае грамадскую дзейнасць».

«Бэзавы бамжак» не для шырокай чытацкай аўдыторыі, якая можа зацікавіцца містычным дэтэктывам ці рамантычнай прыгодай з мінскім каларытам, ды ён («Бамжак») і не прыкідваецца лёгкім чытвом. Вось адданым мінчанам і прыхільнікам рознага роду гарадскіх легенд і таямніц твор Інэсы Кур’ян спадабаецца: калі чытаць павольна, смакуючы кожны вобраз і адзначаючы чарговую адсылку да гісторыі і побыту горада, можна атрымаць вялікае задавальненне. Можна не згаджацца з аўтарам, ставіць пад сумненне мастацкія прыёмы, але нельга не заўважыць і каштоўнасці твора, дзе гаварлівую котку клічуць Вольная Яўропа, пах булак уплывае на жыццё грамадзян... «Бэзавы бамжак» — цікавы прыклад беларускага постмадэрнісцкага тэксту.

Валерыя ДЗЯТКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?