Вы тут

Міхаіл Мясніковіч аб развіцці бізнесу, навукі і ЖКГ


Калі завяршаецца год, прынята падводзіць вынікі — палітычныя, эканамічныя, навуковыя. Аб значных падзеях 2017-га і важных задачах на бягучы год у інтэрв'ю БЕЛТА расказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.


— Міхаіл Уладзіміравіч, 2017 год для Беларусі без перабольшання можна назваць прарыўным. Прэзідэнт падпісаў адразу два найважнейшыя дакументы: дэкрэт аб развіцці прадпрымальніцтва і дэкрэт аб лічбавай эканоміцы. Якія задачы ў сувязі з гэтым стаяць перад парламентарыямі шостага склікання на чацвёртую сесію ў частцы мадэрнізацыі заканадаўства?

— Паляпшэнне ўмоў для вядзення бізнесу прадугледжана Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і шэрагам іншых нарматыўных прававых актаў. Парламент чакае сур'ёзная праца па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтымі, а таксама іншымі дакументамі і даручэннямі кіраўніка дзяржавы. У першую чаргу гэта кодэксы Рэспублікі Беларусь. Таксама трэба будзе прыняць Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Карэкціроўцы падлягаюць і некаторыя іншыя законы. У цэлым жа для рэалізацыі даручэнняў, якія ўтрымліваюцца ў названых дэкрэтах, і даручэнняў Прэзідэнта Беларусі, змяненняў і дапаўненняў патрабуюць каля трох дзясяткаў заканадаўчых актаў.

З падпісаннем Дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі» Беларусь становіцца ў ІТ-сферы свайго роду аналагам Сінгапура, які адыгрывае вялікую ролю ў глабальных фінансах. Ствараюцца беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця ІТ-індустрыі, прыцягнення ў нашу краіну найбуйнейшых міжнародных карпарацый. Мы разлічваем на фарміраванне трывалага даверу нашых патэнцыйных партнёраў, значны рост іх цікавасці да работы ў Беларусі.

Упэўнены, што эфект ад падпісаных дэкрэтаў будзе важкі і, самае галоўнае, адчувальны для нашай эканомікі, у цэлым для кожнага беларуса. Бо пашырэнне спектру і аб'ёмаў работ у ІТ-сферы — гэта дадатковая валютная выручка, новыя высокаінтэлектуальныя працоўныя месцы з высокай дабаўленай вартасцю, развіццё сферы паслуг з нізкай матэрыяла- і энергаёмістасцю.

Лічбавізацыя накіравана на ўсе сферы нашай дзейнасці: прамысловасць, банкаўскі сектар, медыцыну, адукацыю, навуку і іншыя. Цяпер усё часцей кажуць аб ужыванні тэхналогіі «блокчэйн». Не выключана, што ў сярэднетэрміновай перспектыве яе можна будзе выкарыстоўваць і ў заканадаўстве. На першым этапе — для аўтаматычнага аналізу заканадаўчай базы і выключэння дубліравання асобных нормаў, а ў далейшым — для таго, каб аўтаматызаваць і сам працэс выканання законаў. Такія падыходы сёння актыўна абмяркоўваюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, напрыклад у Расіі. Гаворка ідзе аб выкананні нормаў заканадаўства без умяшання чалавека, аўтаматычна — з дапамогай спецыфічных смарт- і іншых «разумных» кантрактаў. Усё гэта значна спросціць работу з законамі, зробіць гэты працэс адкрытым і празрыстым. Пры гэтым мінімізуюцца чалавечы фактар, злоўжыванні і г. д. Пакуль гэта яшчэ ідэі, над якімі неабходна сур'ёзна працаваць і не ўпадаць у ілюзію, што ўсё ўжо вырашана і заўтра будзе «светлая будучыня». Тут неабходна велізарная мэтанакіраваная і шмат у чым невядомая работа.

— У Беларусі на ІІ з'ездзе вучоных абмяркоўвалася стратэгія развіцця навукі і тэхналогій да 2040 года. Як вы ацэньваеце магчымасці павышэння ролі беларускай навукі для эканомікі і грамадства з улікам таго, што раней кіравалі Нацыянальнай акадэміяй навук?

— Я глыбока перакананы ў тым, што беларускія навукоўцы здольныя генерыраваць прарыўныя праекты з адчувальным эканамічным эфектам. Для гэтага Беларусь валодае неабходным кадравым патэнцыялам. У нас паспяхова развіваюцца ўласныя навуковыя школы на чале з вопытнымі, таленавітымі кіраўнікамі, праца якіх захапляе і маладых даследчыкаў. Распрацоўцы перспектыўных праектаў спрыяе і абноўленая структура Нацыянальнай акадэміі навук, у якой былі створаны і ўжо адбыліся сучасныя навукова-практычныя цэнтры і кластары, якія аб'ядналі навуку і вытворчасць.

Сёння важна сканцэнтраваць намаганні на разумнай пастаноўцы канкрэтных навуковых задач невялікага ліку прыярытэтаў, дзе ёсць навуковы патэнцыял, адпаведныя напрацоўкі і вопытныя вытворчасці. Мне ўяўляюцца такімі нана- і біятэхналогіі, хімічныя, касмічныя тэхналогіі і іншыя. Неабходны сур'ёзны маніторынг таго, што робяць у згаданых сферах калегі ў замежных краінах, трэба ўмела адаптаваць і пераймаць усё найлепшае, што зроблена замежнікамі. Распрацоўка і вытворчасць — важная справа, але галоўнае — эфектыўныя продажы. Свет сёння нічым ужо асабліва не здзівіш, але нішы ёсць, і трэба замацоўвацца на гэтых рынках за кошт навізны, якасці і выгадных цэн.

Галоўным у працы кожнага навукоўца павінна быць арыентацыя на вынік навуковы, прамысловы. Гэтага патрабуе ад акадэмічнай, галіновай і ўніверсітэцкай навукі наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Гэта правільны падыход.

Задача парламентарыяў — садзейнічаць фарміраванню нарматыўнай прававой базы, якая комплексна рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры ажыццяўленні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Гэтыя пытанні цесна ўзаемазвязаны з развіццём адукацыі, умацаваннем яе ўзаемадзеяння з вытворчасцю.

На парадку дня — далейшая праца па ўдасканаленні механізмаў фінансавання навуковых праектаў, больш актыўнага выкарыстання магчымасцяў рэспубліканскага і мясцовых інавацыйных фондаў, уваходжанне ў буйныя транснацыянальныя навуковыя праекты і іншае.

Падчас грамадскага абмеркавання праекта стратэгіі развіцця навукі і тэхналогій Беларусі да 2040 года і на ІІ З'ездзе вучоных было агучана шмат смелых і цікавых ідэй па ўдасканаленні навуковай сферы, павышэнні прэстыжу вучонага ў грамадстве. Усе гэтыя прапановы сабраны і абагульнены міжведамаснай рабочай групай, кіраўніком якой я быў прызначаны. Многія ідэі цяпер прапрацоўваюцца.

— Закрываючы трэцюю сесію, вы арыентавалі сенатараў на ўсебаковую дапамогу звычайным людзям. Традыцыйна пытанні па рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі — у ліку самых частых і набалелых. Якое ваша бачанне іх вырашэння?

— Сапраўды, у большасці галін жыллёва-камунальнай гаспадаркі захоўваецца шэраг праблемных пытанняў, і вырашаюцца яны павольна. Менавіта гэтая тэма была прадметам сур'ёзнага разгляду на рэспубліканскім семінары, які прайшоў у кастрычніку 2017 года пад кіраўніцтвам Прэзідэнта краіны. Падрыхтаваны шэраг праектаў прававых актаў, якія накіраваны на ўдасканаленне работы галіны, у тым ліку распрацоўваецца новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса.

На сумесным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі прыняты шэраг канкрэтных рашэнняў па ўдасканаленні прававых, арганізацыйных і эканамічных асноў развіцця і дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія мы перадалі ўраду.

Вывучэнне пытанняў ЖКГ у Савеце Рэспублікі выявіла цэлы шэраг і іншых задач, якія патрабуюць вырашэння. Гэта ў першую чаргу водная гаспадарка і капітальны рамонт жылога фонду. Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, безумоўна, справа важная, але па іх ёсць рашэнні кіраўніка дзяржавы. Што датычыцца воднай гаспадаркі, то, лічу, што прэсная вада — гэта наш велізарны нацыянальны здабытак. Як і лясныя рэсурсы, і калійныя солі. Ёй трэба ўдзяляць больш увагі. У апошнія гады па гэтых праблемах сур'ёзных навуковых даследаванняў не вядзецца, няма адзінай сістэмы кіравання. Праз гэта шмат у чым пачасціліся факты нерацыянальнага водакарыстання, забруджвання ваданосных гарызонтаў, прымітыўнага воднага рэгулявання. Не варта ў адрыве ад гэтых пытанняў разглядаць меліярацыю і гідраэнергетыку. Яшчэ нядаўна, каб зрабіць свідравіну на ваду, трэба было прадставіць сур'ёзныя абгрунтаванні, заключэнне спецыялістаў, атрымаць неабходныя дазволы. Чаму? Не толькі таму, што змяншаюцца запасы. Галоўнае — каб забруджванне не патрапіла ў падземныя крыніцы.

Дзяржрэгуляванне, вядзенне і маніторынг балансаў водных рэсурсаў, навукова-тэхнічную водную палітыку мэтазгодна праводзіць з адзінага рэспубліканскага цэнтра. На маю думку, у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павінен быць такі навукова-практычны цэнтр воднай гаспадаркі.

Капітальны рамонт жыллёвага фонду — найважнейшая дзяржаўная задача. Пакуль сітуацыя некрытычная, таму што жыллё адносна новае. Але што будзе заўтра? Прэзідэнт краіны на семінары па пытаннях ЖКГ выразна паставіў задачу па замене і рамонце ліфтаў. Такой жа ўвагі патрабуюць інжынерныя сістэмы і апорныя канструкцыі жылых дамоў. Пабяліць, пафарбаваць — у нас праблемы няма. А вось сур'ёзнымі інжынернымі справамі Мінжылкамгасу трэба займацца больш прадметна. Прапановы па капітальным рамонце жылля Саветам Рэспублікі ва ўрад накіраваны.

Загаловак у газеце: Арыентацыя — на прамысловы вынік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».