Вы тут

Ідэйнасць пейзажаў Валерыя Шкарубы


За некалькі дзён да Новага года ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося маштабнае адкрыццё выстаўкі жывапісу беларускага мастака Валерыя Шкарубы. Праект стаў сапраўдным падарункам для аматараў мастацтва: творца прадставіў больш за паўсотню твораў — як новых, так і работ з калекцыі музеяў. Вернісаж прымеркаваны да 60-годдзя майстра. Сам аўтар кажа пра сябе, што ён мастак нешматслоўны, а ідэйны.


«Абуджэнне», 2015 г.

Не любіць расказваць пра творы, яму больш падабаецца разважаць з дапамогай колераў. Почырк мастака не зблытаеш ні з чым. Пад яго пільным позіркам усё становіцца важным, набывае свой адмысловы сэнс. Гэта могуць быць цалкам звычайныя, бачаныя намі сотні раз куткі прыроды, дзе мастак знаходзіць штосьці такое, што аказвае магічнае ўздзеянне, выклікае хвалю эмоцый і асацыяцый. У дадзеным выпадку мае значэнне не проста натуралістычная канстатацыя факта існавання самога краявіду, а яго індывідуальнае, паэтычнае пераўвасабленне.

 Складана нават уявіць, што гэты мастак можа маляваць нешта іншае. Для яго пейзаж — не толькі прырода, але і паветра, гукі, эмацыянальны стан таго, што навокал.

Аўтар адзначае, што яго карціны немагчыма ўспрымаць у натоўпе. Яму падабаецца, калі глядач застаецца з імі сам-насам: адбываецца яднанне. Што цікава, аўтар імкнецца перадаць не той пейзаж, што бачыць перад сабой, а той, што ўсплывае ў яго ўяўленні. Мастацтвазнаўцы падкрэсліваюць, што Валерый Шкаруба ў традыцыйным жанры змог знайсці індывідуальны аўтарскі падыход, змог атрымаць развіццё і стаць запатрабаваным.

Кожны яго твор працяты адчуваннем лёгкага суму, задуменнасцю, унутраным напружаннем і трывогай. У трактоўцы прасторы творца падкрэслівае яе рэальную глыбіню, нявызначанасць і бязмежную працягласць. Важнае месца ў яго творах займае матыў дарогі. Яна можа выклікаць пачуццё хвалявання і адчуванне чагосьці няўлоўнага, адчуванні страху і таямнічасці, цяжкасці выбару сярод беспрытульнасці быцця.

Прадстаўленая экспазіцыя дазволіла творцу збоку паглядзець на тое, што зроблена было і што зрабіць яшчэ хацелася б.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Без слоў....

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».