Вы тут

Дэпутат Івянецкага пасялковага Савета: Мая «прывілея» — дапамагаць


Чаславу Лагун — дэпутата Івянецкага пасялковага Савета — муж і дзеці жартам называюць віртуальнай жонкай і бабуляй. Але ў кожным жарце, як кажуць, ёсць часцінка праўды. Часлава Мар'янаўна для жыхароў пасёлка лепшы дарадчык. Здараецца і так, што цэлы дзень у яе доме не змаўкае тэлефон. «Мой нумар увесь час даступны», — кажа яна. Хтосьці хоча даведацца, як палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, атрымаць ільготны крэдыт. Іншы цікавіцца, як стварыць кааператыў і правесці газ. Часлава Мар'янаўна кожнаму дасць параду, кансультацыю: якія дакументы для гэтага патрэбны, куды звяртацца.


Акрамя грамадскіх абавязкаў, у яе шмат хатніх клопатаў. Раней сям'я трымала фермерскую гаспадарку, але два гады таму закрыла справу. Дзеці ў свой час дапамагалі ўпраўляцца ў полі, даглядаць жывёлу. У Чаславы Мар'янаўны з мужам чатыры дачкі і двое сыноў. Выраслі дружнымі, працавітымі, атрымалі адукацыю, пабудавалі жыллё, стварылі сем'і. У бабулі з дзядулем падрастаюць дзевяць унукаў. Але яны ўпэўнены, што іх з цягам часу прыбавіцца.

Канешне, нялёгка быць узорнай маці, жонкай, бабуляй, гаспадыняй ды яшчэ і дэпутатам. Але Часлава Мар'янаўна прызвычаілася: у яе ўсё жыццё бягом.

Пачынала яна сваю кар'еру з простай афіцыянткі ў рэстаране, затым закончыла Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум. Працавала на адказных пасадах: дырэктарам гандлёвага цэнтра, начальнікам службы забеспячэння, участка сельскагаспадарчага прадпрыемства «Івянецкая крыніца». І на пенсіі не сядзіць склаўшы рукі: пайшла санітаркай у Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

Слухаем гэтую жвавую мілавідную жанчыну і разумеем, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны дэпутат: уменнем суперажываць людзям, разумець іх праблемы. Часлава Мар'янаўна ніколі не пакіне чалавека сам-насам са сваімі бедамі. У яе сям'і прынялі і даглядалі сваячку — родную цётку. Жанчына пражыла 101 год, хоць апошнія гады ўжо не паднімалася з ложка.

Да гэтага часу ў Івянцы помняць, колькі намаганняў прыклала народны абраннік, каб дапамагчы хлопцу, які застаўся сіратой. Туліўся ён у маленькай, нібыта хляўчук, бацькоўскай хаце, не прыдатнай для пражывання. Часлава Мар'янаўна дапамагла юнаку аформіць дакументы і ўзяць крэдыт на рамонт. Сама знайшла будаўнікоў, паклікала на падмогу суседзяў. Усёй талакой уладкавалі дом, расшырылі, уцяплілі... Дэпутат можа звярнуцца да любога кіраўніка арганізацыі, прадпрыемства ў Івянцы ці Валожыне. І, як сцвярджае, заўсёды знаходзіць падтрымку і паразуменне. Да яе ідуць з просьбамі нават з суседніх вёсак, хоць гэта ўжо іншая выбарчая акруга. Часлава, як прызналася, не можа нікому адмовіць, бо «гэта ж усе нашы людзі, землякі». Дэпутат дапамагла стварыць не адзін «газавы» кааператыў і правесці газ на вуліцы Івянца. Нядаўна падпісалі акты здачы газаправода ў вёсках Старынкі і Замасцяны. «А цяпер захацелі быць з «блакітным» палівам і жыхары вёсак Суднікі і Волма, — кажа Часлава Мар'янаўна, — зараз думаем, як гэтыя населеныя пункты лепш спалучыць у адзіны праект».

— Часлава Мар'янаўна, у вас як у дэпутата ёсць нейкія прывілеі? — пацікавілася ў яе.

— Ніякіх. Іх не было ніколі — ні раней, ні цяпер. Гэта грамадская нагрузка. Адзіная льгота — «прыстрашыць» каго з начальнікаў, калі той не хоча разумець праблему: я ж дэпутат, мяне людзі выбралі!.. Так што мая прывілея — ім служыць, працаваць, дапамагаць, — канстатуе Часлава Лагун.Вядома, ёсць пытанні, якія патрабуюць калегіяльнага рашэння. У прыватнасці, калі толькі пачалі даваць ільготныя крэдыты для будаўніцтва, было складана іх аформіць. Дэпутат раілася са старшынёй пасялковага Савета Тэрэсай Ліпніцкай, калегамі, раённымі інстанцыямі. А затым Часлава Мар'янаўна ўзяла ў выканкаме спісы тых, хто стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, і аб'ехала ўсіх, кожнаму расказала, куды трэба звяртацца, якія дакументы прадаставіць... За апошнія гады 20 маладых сем'яў пабудавалі свае дамы.

Праўда, мая суразмоўніца прызналася, што здароўя ёй дэпутацкія справы не прыбавілі. Даводзіцца браць на сябе людскія праблемы, непрыемнасці, а значыць, і адмоўную энергетыку. Ды і шмат сіл часам траціцца на тое, каб давесці да чалавека сваю думку, каб ён правільна цябе зразумеў. Бо, чаго граху таіць, бываюць наведвальнікі, якія прывыклі толькі прэтэнзіі выказваць і патрабаваць. Асабліва гэта ўласціва людзям старэйшага пакалення, якія нарадзіліся, выраслі і жылі ў былым Савецкім Саюзе. Яны прывыклі да таго, што за іх усё рабіла дзяржава, і не хочуць жыць інакш.

— А ці можна было б абысціся без дэпутатаў мясцовых Саветаў? — задаю Чаславе Мар'янаўне «правакацыйнае» пытанне.

Яна лічыць, што адназначна нельга. Выканкам жа не можа ахапіць усіх і кожнага. «Еду ці іду па вуліцах горада і адразу прыкмячаю, на што варта звярнуць увагу. Зазірну да старшыні і скажу, што, на мой погляд, трэба зрабіць. Такая грамадская структура, як дэпутацкі корпус, неабходная. У Івянцы па акругах — 15 пасялковых дэпутатаў. Ёсць медыкі, гаспадарнікі, усе іх ведаюць, давяраюць ім. Пра гэта сведчыць яўка на нашых выбарчых участках — менш за 80 % не бывае», — кажа Часлава Мар'янаўна.

А якім, на яе думку, павінен быць дэпутат?

— Мне падабаюцца сучасныя маладыя людзі: яны цяпер адукаваныя, прагрэсіўныя, валодаюць тэхналогіямі, магчыма, больш за нас бачаць і прадбачаць. Таму з грамадскімі абавязкамі справяцца, было б толькі жаданне. У нас таксама ёсць маладыя актыўныя дэпутаты. А наогул, павінен быць баланс, спалучэнне вопыту і маладосці. І, вядома, цярплівасць, каб выслухаць чалавека і пачуць.

З Закона «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў»

Формы дзейнасці дэпутата Савета ў выбарчай акрузе:

— разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, асабісты прыём грамадзян дэпутатам Савета;

— правядзенне дэпутатам сустрэч з грамадзянамі;

— удзел дэпутата ва ўстаноўленым парадку ў працы камісій па грамадскім абмеркаванні ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці;

— справаздачы дэпутата Савета перад выбаршчыкамі.

Дзейнасць дэпутата Савета ў выбарчай акрузе можа ажыццяўляцца таксама ў іншых формах.

Тэрэса Ліпніцкая, старшыня Івянецкага пасялковага Савета дэпутатаў:

— Мабыць, у Івянцы і ў найбліжэйшых населеных пунктах няма ніводнага чалавека, які б не ведаў Чаславу Мар'янаўну. У яе вялікая дружная сям'я, цудоўныя дзеці, унукі. Ні адно мерапрыемства ў гарадскім пасёлку не праходзіць без удзелу дэпутата. Яна не прапускае ніводнай сесіі, заўсёды падымае праблемныя пытанні. Не тое што ставіць камусьці задачы, а знаходзіць нейкія магчымасці іх рашыць, выказвае свае прапановы. Такіх бы актывістаў больш — і можна было б горы звярнуць.

З Закона «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў»

Справаздачы дэпутата Савета перад выбаршчыкамі.

Дэпутат Савета адказны перад выбаршчыкамі і ім падсправаздачны. Ён абавязаны перыядычна, але не радзей як два разы на год рабіць справаздачу перад выбаршчыкамі аб сваёй дзейнасці і ходзе выканання перадвыбарнай праграмы, аб працы Савета і яго органаў, у склад якіх ён выбраны або ўваходзіць па службе.

Справаздача дэпутата Савета можа быць заслухана таксама па пісьмовым патрабаванні групы выбаршчыкаў колькасцю, устаноўленай рэгламентам Савета.

Сход, на якім заслухоўваецца справаздача дэпутата Савета, можа прымаць рашэнне, якое змяшчае прапановы і заўвагі дэпутату Савета, якія даводзяцца да ведама грамадзян праз сродкі масавай інфармацыі або іншым шляхам.

З Закона «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў»

Разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, асабісты прыём дэпутатам Савета.

Дэпутат Савета:

— разглядае атрыманыя ім звароты грамадзян і юрыдычных асоб, прымае меры для іх поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду;

— рэгулярна, але не радзей за адзін раз у месяц, ажыццяўляе асабісты прыём;

— бярэ ўдзел у ажыццяўленні кантролю за выкананнем рашэнняў, прынятых па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб;

— вывучае прычыны, якія выклікалі зварот грамадзян і юрыдычных асоб, і накіроўвае прапановы, у тым ліку аб іх ліквідацыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Мая «прывілея» — дапамагаць»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.