Вы тут

Пяць «але», якія перашкаджаюць кругавароту адходаў


Гарбата ў трох упакоўках, малако ў пластыкавай бутэльцы, сыр у плёнцы — скажыце, калі вы апошні раз прыходзілі з крамы без смецця? Упакоўка так паглынула нас, што мы кладзём у асобны пакет нават бананы і сыркі. А ці шмат людзей задумваюцца, куды потым трапляюць усе гэтыя адходы? Лічбы гавораць, што не. Уявіце, летась было сабрана 600 тыс. тон другаснай сыравіны, а гэта толькі 16 % ад агульнай колькасці смецця. Астатнія 3 млн тон проста адправіліся на палігон. Але ёсць і добрая навіна: з кожным годам працэнт збору другаснай сыравіны расце, хоць і не вельмі хутка. Для параўнання: у 2012 годзе ён складаў 10 %. Што перашкаджае беларусам правільна сартаваць смецце і як вырашаюцца гэтыя праблемы, даведаўся карэспандэнт «Мясцовага самакіравання».


Раздзельны збор і перапрацоўка адходаў — параўнальна новыя паняцці для нашай краіны. Яшчэ некалькі гадоў таму ўсё смецце згружалася ў адзін бак. Сёння ж беларусы паступова вучацца сартаваць усё, што ёсць у сметніцы, па чатырох кантэйнерах. Здаецца, няма нічога складанага ў тым, каб выкінуць пластык у жоўты кантэйнер, шкло — у сіні, паперу — у зялёны, а змешанае смецце — у шэры. Пасля чаго перапрацоўшчыкам застаецца забраць пэўны від адходаў, а вытворцам — зрабіць новыя рэчы з другаснай сыравіны. Аднак ёсць шмат «але», якія перашкаджаюць гэтаму кругавароту адходаў.

Усё яшчэ нізкая дасведчанасць насельніцтва

Ужо, мабыць, не засталося выдання, якое б не пісала пра важнасць сартавання смецця. Пра гэта гавораць па тэлебачанні і радыё. А два гады таму дзяржаўнай установай «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» быў запушчаны праект «Мэта-99». І сёння ўсім вядомыя яноты распавядаюць беларусам, навошта сартаваць смецце і як правільна гэта рабіць.

— У нашай краіне больш за 100 ліній сарціроўкі, з іх 37 уведзены ў эксплуатацыю пры фінансавай падтрымцы «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў», — расказвае галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце ўстановы Ніна Кульбеда. — Таксама ў нас функцыянуюць 13 перапрацоўшчыкаў паперы і кардону, 8 — шкла, 9 — зношаных шын і каля 100 — пластмас. Кожны з перапрацоўшчыкаў спецыялізуецца на пэўным тыпе сыравіны (асабліва гэта датычыцца пластыка). Таму яны супрацоўнічаюць з лініямі сарціроўкі — пастаўшчыкамі неабходных другасных рэсурсаў.

Атрымліваецца, перапрацоўваць сыравіну ёсць каму, праблема ў іншым. Шмат беларусаў да гэтага часу не разумеюць, навошта ім сартаваць смецце? Маўляў, навошта я буду выконваць чужую працу?

Установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў» правяла даследаванне пад назвай «Развіццё экалагічнай дружалюбнасці ў Беларусі ў 1990—2015 гадах». Яго вынікі сведчаць аб тым, што толькі 29 % апытаных беларусаў сартуюць адходы, 49 % кожны раз бяруць новы поліэтыленавы пакет у краме, 22 % аддаюць перавагу аднаразовым таварам. Адсюль выцякае і наступная праблема.

Адсутнасць матывацыі

Здаецца, большая частка нашых грамадзян думае, што сартаваць смецце за іх павінен нехта іншы. У той час як у многіх еўрапейскіх краінах людзі яшчэ і плацяць за збор другаснай сыравіны. Мабыць, у Беларусі трэба ісці гэтым жа шляхам? Пакуль такія меры не прадугледжаны, але матываваць нашых людзей плануецца.

— Асноўныя шляхі развіцця сістэмы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР) на найбліжэйшыя гады вызначаны ў Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Беларусі на перыяд да 2035 года. Яна прадугледжвае не толькі паляпшэнне якасці збору адходаў, але і пошук іх альтэрнатыўнага прымянення. Так, плануецца ўкараніць залогавую сістэму збору бутэлек з-пад напояў і тэхналогіі кампаставання арганікі, а таксама выкарыстоўваць энергетычны патэнцыял адходаў, гэта значыць атрымліваць з іх паліва, — падзялілася начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава.

Недахоп кантэйнераў і неналаджаны збор

Самае страшнае для чалавека, які старанна сартуе адходы, убачыць, як іх... згружаюць у адзін бак. Ці застанецца пасля такога жаданне працягваць сартаванне? Але змешваць адходы з рознакаляровых бакаў — не парушэнне.

— На жаль, такое практыкуецца ў Мінску і аргументуецца зніжэннем выдаткаў на транспарціроўку. Мы спадзяёмся, што хутка гэты пункт будзе перагледжаны, — падкрэсліла Ніна Кульбеда. — У абласных і раённых цэнтрах, дарэчы, такой праблемы няма.

Дырэктар магілёўскага ўнітарнага прадпрыемства «РэПлас-М» Дзяніс Католікаў лічыць: наша сістэма збору другаснай сыравіны толькі адпужвае людзей ад сартавання смецця.

— На мой погляд, выкідваць усё, што падобна на пластык, у жоўты кантэйнер, згружаць смецце з трох бакаў у адну машыну, а затым сартаваць яго — гэта няправільна, — сказаў спецыяліст. — Па-першае, калі чалавек бачыць, што ў кантэйнеры для пластыку толькі бутэлькі, пытанняў не ўзнікае. Але калі там поўна іншага смецця, то туды аўтаматычна выкідваецца ўсё агулам. Па-другое, людзі перастаюць сартаваць смецце, калі бачаць, што потым усё грузіцца ў адну машыну. Бо не ўсе ведаюць пра лініі сарціроўкі. І  па-трэцяе, такі працэс, безумоўна, псуе якасць сыравіны. Выхад: трэба прывучаць людзей якасна сартаваць смецце. Пажадана — з самага дзяцінства.

Сапраўды, у Мінску (дзе смецце згружаюць у адзін бак) летась быў самы нізкі працэнт збору пластыку сярод абласных цэнтраў.

— У сталіцы здаюць на перапрацоўку ўсяго толькі 15—20 % ПЭТ-бутэлек, у той час як у Магілёве, Брэсце і іншых гарадах — да 70 %, — падкрэсліў Дзяніс Католікаў. — Колькі ў месяц збіраюць з усёй краіны, столькі ж у месяц у Мінску закопваецца ў зямлю. Зразумела, беларускім прадпрыемствам сыравіны не хапае.

Аднак ёсць яшчэ праблема — часта смецце і хочацца сартаваць, але няма куды. Да дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» нярэдка паступаюць скаргі на адсутнасць кантэйнераў для паасобнага збору смецця ці няправільнае іх ужыванне. Спецыялісты ўстановы не ўтойваюць: сапраўды, кантэйнераў не хапае. Каб забяспечыць усе двары па Беларусі, іх патрэбна ў два разы больш. Павялічыць колькасць кантэйнераў плануецца ў наступным годзе.

— Не трэба забываць і пра пункты прыёму, якія ёсць у кожным горадзе. Як паказвае статыстыка, людзі здаюць туды, напрыклад, макулатуру часцей, чым выкідваюць у кантэйнеры. Таксама паперу збіраюць у школах, на прадпрыемствах, — адзначыла Ніна Кульбеда.

«Хітрая» ўпакоўка

На УП «Экарэс» са змешаных адходаў, сабраных з трох кантэйнераў, уручную дастаюць паперу, кардон, празрыстыя і рознакаляровыя пластыкавыя бутэлькі (ПЭТ), бутэлькі ад мыйных сродкаў і касметыкі, белыя бутэлькі ад малака, упакоўкі Tetra Pak, поліэтыленавыя пакеты, алюмініевыя банкі, плёнку і шкло. Астатняе смецце вывозяць на палігон.

— Цяпер ужываецца вельмі шмат самых розных відаў упакоўкі. Часта нават спецыялісту цяжка вызначыць, з якога матэрыялу яна зроблена. Менавіта таму мы раім выкідваць усе адходы і вырабы, якія візуальна складаюцца з пластыку, у жоўты кантэйнер, — расказала Ніна Кульбеда.

Дзейнічаць па такім жа прынцыпе раяць і ў Цэнтры экалагічных рашэнняў, супрацоўнікі якога распрацавалі «Зялёную карту» (на ёй адзначаны пункты прыёму адходаў), а таксама спецыяльныя брашуры «Як правільна сартаваць смецце». Аднак варта разумець, што не ўсе «можна», прапісаныя ў брашуры, стапрацэнтна трапяць на перапрацоўку. Так, напрыклад, маркіроўка «РР» або «5» у трохвугольніку можа быць як на бутэльцы ад малака, так і на абгортцы ад шакаладнага батончыка.

— Упакоўка ад макаронаў, шакаладак наўрад ці трапіць на перапрацоўку, паколькі яе вельмі складана распазнаць на сартавальнай лініі. Спецыяльна глядзець маркіроўку на канвеернай стужцы ніхто не будзе, — адзначыла
супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык. — Але цяпер у Гродне пачалі збіраць такую ўпакоўку і вырабляць з яе тратуарную плітку, таму ёсць сэнс выкідваць яе ў жоўты кантэйнер.

Адсутнасць альтэрнатывы

На жаль, сёння схадзіць у краму і не прынесці адтуль смецце — амаль немагчыма. Нават калі свядома захочаш узяць нешта без пакета, табе «клапатліва» дадуць яго на касе. Адзінае выйсце — часцей купляць прадукты на рынках, куды можна прынесці сваю тару, таксама старацца не пакупаць лішняга — сартаваць адходы ў прылаўка крамы.

— Перапрацоўка ў большай ступені змагаецца з наступствамі празмернага спажывання, — лічыць Марыя Сума, супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў, кіраўнік праекта «Зялёная карта». — Па сутнасці, перапрацоўшчыкі спрабуюць ліквідаваць праблемы, якія ўзніклі праз адсутнасць выбару больш экалагічнага варыянту паслугі або тавару. Але калі ўдумліва ставіцца да таго, што набывае кожны з нас, хутчэй за ўсё, перапрацоўваць прыйшлося б значна менш.


Што нам з гэтым рабіць?

Зразумела, сартаваць смецце. І не спадзявацца, што за нас гэта зробіць нехта іншы. Вядома, сёння ў краіне робіцца ўсё магчымае для таго, каб як мага менш адходаў трапіла на звалкі. Але зрабіць Беларусь краінай, свабоднай ад смецця, мы можам толькі ўсе разам. Таму не ігнаруйце рознакаляровыя кантэйнеры. А калі іх у вас няма, не хвалюйцеся — адходы паперы, кардону, пластмасы, шкла можна аднесці ў прыёмна-нарыхтоўчыя пункты, іх адрасы шукайце на сайтах (target99.by, greenmap.by). У сельскай мясцовасці людзі могуць звяртацца ў арганізацыі ЖКГ — як правіла, на іх базе ёсць прыёмныя пункты.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Нас паглынае ўпакоўка...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці