Вы тут

Нататкі нефеміністкі


Апошнія некалькі месяцаў у сусветнай багемнай тусоўцы новая мода — на скандалы з сексуальнымі дамаганнямі. Спачатку збэсцілі беднага вядомага галівудскага прадзюсара, прыпомніўшы яму правіны маладосці: маўляў, не мінаў сваімі не заўсёды прыстойнымі заляцаннямі ніводнай сімпатычнай актрысы. Небарака, якому ўжо за семдзесят, цяпер нават у кавярні спакойна пасядзець не можа, бо абураныя барацьбіткі за правы жанчын пагражаюць яму фізічнай расправай і нават спрабуюць пагрозы ажыццявіць. Пасля з'явіліся ну зусім ужо нягеглыя абвінавачванні ўкраінскай гімнасткі на адрас нашага спартсмена. Нягеглыя, бо мінула з таго часу, калі «ўсё было», амаль трыццаць гадоў, «гвалтаўнік» і «ахвяра» ўжо ў тым узросце, калі іх равеснікі ўнукаў няньчаць. Карацей, у любога нармальнага чалавека складаецца ўражанне, што кабетка, узгадваючы маладосць і спартыўную славу, якія абедзве незваротна мінулі, рашыла «на хвалі» зрабіць сабе піяр. Праўда, сама хутка дадумалася (ці добрыя людзі падказалі), што піяру не атрымаецца, і стала публічна выказваць шкадаванне: маўляў, дарэмна я гэту справу з дна нафталінавага куфра дастала.


Далей — болей: зусім нядаўна на ўручэнні прэстыжнай прэміі тыя ж самыя галівудскія этуалі ў знак пратэсту супраць усё тых жа сексуальных дамаганняў (а можа, у знак жалобы па няспраўджаных спадзяваннях, якія гэтыя дамаганні давалі?) з'явіліся ў чорных сукенках. Не думаю, што гэтыя паказальныя ўборы абышліся ім танней, але сусветная прагрэсіўная супольнасць зноў заварушылася, усяляк падтрымліваючы гэткі арыгінальны творчы спосаб барацьбы за жаночыя правы. «Рукі прэч, вочы ўбок і рот на замок ад жанчыны!» — прыкладна такім лозунгам павінен кіравацца сучасны мужчына, калі не хоча непрыемнасцяў на сваю галаву і на іншыя значныя часткі цела.

З чаго б я так уз'елася на супляменніц жаночага роду, спытаеце. Хай яны там за кардонам робяць што хочуць, бо чаго лепшага чакаць, калі мужчына «выходзіць замуж» за мужчыну, а ў падручніках знаёмства з сусветам для самых малодшых школьнікаў тлумачыцца, што гэта нармальна, што бацькі — гэта не тата і мама, а «радзіцель» нумар адзін і нумар два (з сяброўкай у Германіі нядаўна над гэтым падручнікам гаравалі, не ведаючы, як патлумачыць гэтыя разумныя выкладкі васьмігадовай дзяўчынцы, якую з цяжкасцю, але выхоўваюць у спрадвечных хрысціянскіх традыцыях). Мы ж да гэтага, дзякуй богу, не дайшлі (за непаліткарэктнасць тут ні ў кога прабачэння прасіць не буду).

Але ўся бяда наша ў тым, што, стараючыся ні ў чым не адставаць ад цывілізаванага свету, мы, не ўлічваючы таго, што рэаліі, у тым ліку і ва ўспрыманні каштоўнасцяў ці наадварот, у нас адрозныя ад іншых (што, уласна, і робіць нас асобным народам), нясёмся на злом галавы нават туды, дзе нас з аб'ектыўных і суб'ектыўных меркаванняў і быць не павінна. Нічога, акрамя прыкрасці і сораму, з гэтага не атрымліваецца. Але ж як не паспрабаваць? І калі не лічацца ў нашым грамадстве заляцанні да супрацьлеглага полу злачынствам, а ўвесь цывілізаваны свет аж стогне, абмяркоўваючы чарговы сексуальны скандал, значыць, гэты скандал трэба прыдумаць.

Убачыўшы ў сеціве гучны загаловак кшталту «Прафесар БДУ выстройваў студэнтак ля дошкі па памеры грудзей», думала, што прачытаю нейкае выкрыццё пра сапраўды беспрынцыпнага нахабнага выкладчыка. Аказалася, аўтарка гэтай «сенсацыі» — калега, мы вучыліся на адным факультэце, а «сексуальнага маньяка» яна зрабіла з нашага NN, абсалютна бяскрыўднага чалавека, які часам дазваляў сабе саленаватыя жарты на адрас пяцікурсніц (абяцаў, напрыклад, залік аўтаматам усім замужнім ці звяртаў увагу на занадта адкрытыя часткі гардэробу). Успрымалі мы ўсё гэта абсалютна адэкватна, ніхто не крыўдзіўся, у рэшце рэшт усе без асаблівых праблем атрымлівалі той залік — і замужнія, і незамужнія, і нават асобы мужчынскага полу. Таму першай рэакцыяй на той злосны опус, які растыражавалі некаторыя парталы, было непаразуменне і збянтэжанасць. Яны змяніліся горыччу і сорамам (і за тую, што напісала, і за саму сябе, што кінулася гэта чытаць). Потым надышоў час думаць (думаем мы, на жаль, нярэдка ў самую апошнюю чаргу). Думаць сапраўды ёсць аб чым.

І справа не толькі ў тым, што NN стары хворы чалавек, якому сумніўная слава, якая абрынулася на яго з інтэрнэту, здароўя наўрад ці дабавіць. І нават, зыходзячы з гэтага, не ў этыцы — няважна якой — журналісцкай або проста чалавечай. Справа ў тым, як мы да ўсяго гэтага ставімся. Бо, калі перціся стрымгалоў за новымі прыдуманымі не намі каштоўнасцямі і трэндамі, можна страціць адчуванне здаровага сэнсу і пачуццё гумару (а ці не яны стрымліваюць нас на вельмі тонкай мяжы нармальнасці і абсурду, пра што ўжо нядаўна пісалася). Заўжды мужчыны заляцаліся да жанчын — і словам, і дзеяннямі. Заўжды адносіны супрацьлеглых палоў былі прадметам жартаў, не заўсёды прыстойных. І гэта было — дый сёння павінна быць — нармальна. (Я не кажу пра фізічны гвалт — на гэта ў нас ёсць Крымінальны кодэкс.) На гэтым пабудавана значная частка нашага фальклору. Нават сёння на вясковых вяселлях можна такога наслухацца... Атрымліваецца, каб адпавядаць сучасным тэндэнцыям, маладая павінна дэманстратыўна пакінуць святочную бяседу і падаць на гасцей, якія сыпалі салёнымі жартамі, у суд?..

Тут яшчэ вось якая небяспека існуе. Большасць нашых мужчын (даруйце, дарагія суайчыннікі, але як ёсць, так ёсць) самі па сабе не вельмі галантныя кавалеры і палкія залётнікі. Калі ж яшчэ жанчыны пачнуць абурацца на заляцанні і пагражаць публічнай ганьбай і судом — ад іх і таго малога, што маем сёння, не дачакаемся: каму захочацца непрыемнасцяў. Можа атрымацца яшчэ горш — пачнуць нашыя мужыкі глядзець у іншы бок, адкуль небяспекі няма, — на сабе падобных. А што — таксама надзвычай модны трэнд. І дэмаграфічнае пытанне паўстане тады рубам не толькі для карэнных заходніх еўрапейцаў, дзе фемінізм ужо даўно пераможна крочыць (праўда, невядома, куды).

З адваротным бокам жаночай барацьбы за раўнапраўе мне «пашчасціла» сутыкнуцца ў міжнародным лагеры на археалагічных раскопках. Неяк давялося цягнуць з раскопу цяжкое вядро з вільготным жвірам. Амерыканскі прафесар — здаровы мужык — стаяў наверсе і з раўнадушнай цікавасцю, бы за шчыраваннямі мураша, назіраў за маімі высілкамі і нават не крануўся з месца, каб дапамагчы. Мне іхні перакладчык пасля патлумачыў: прафесар не тое што нявыхаваны, ён і рад быў дапамагчы. Але думаў, што яго дапамогу я (як ці не кожная яго суайчынніца) расцаню як сексуальныя дамаганні і ў чужой яму краіне ён займее шмат непрыемнасцяў. Таму ён нікому не будзе падаваць рукі, падсоўваць крэсла, адчыняць дзверы, падносіць цяжкія рэчы.

Менавіта тады я зразумела, наколькі я далёкая ад ідэй фемінізму.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?