Вы тут

Мінпрыроды заклікае ўсіх далучыцца да навядзення парадку на зямлі


У 2017 годзе ўсе органы дзяржаўнай улады выканалі свае абавязацельствы па пытаннях навядзення парадку на зямлі. Аднак падставы для самазаспакаення няма, а ёсць сур'ёзныя дэталёвыя планы, як зрабіць нашу зямлю яшчэ больш прыгожай. Менавіта пра гэта казаў падчас сустрэчы з журналістамі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ.


Падводзячы вынікі мінулага года, намеснік міністра адзначыў, што быў выкананы значны аб'ём работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў: уладкаваны 1324 прыдамавыя тэрыторыі, уключаючы спартыўныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Адрамантавана 1978,8 тыс. кв. м вулічна-дарожнай сеткі, уладкавана 393,9 га газонаў.

У сельскай мясцовасці, як правіла, дагледжаныя домаўладанні, але і побач з імі нярэдка стаяць амаль што разбураныя фермы, якія псуюць агульнае добрае ўражанне. Летась устаноўлены і адрамантаваны агароджы на 827 жывёлагадоўчых фермаў і комплексах, рэканструяваны 284 аб'екты захоўвання гною і брудных сцёкавых вод, заасфальтаваны тэрыторыі і пад'язныя шляхі да 104 жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў. Таксама знесены 396 сельскагаспадарчых аб'ектаў, якія не эксплуатуюцца, рэкультывавана і ўключана ў гаспадарчы абарот 122 га зямель, якія вызваліліся ў выніку зносу гэтых аб'ектаў.

Аляксандр Корбут падкрэсліў, што ў адпаведнасці з палажэннямі Дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», каб знесці аб'екты сельгаспрадпрыемстваў, якія не эксплуатуюцца, дастаткова дазволу органаў мясцовай улады, а будматэрыялы можна рэалізаваць насельніцтву, арганізацыям, выкарыстоўваць для гаспадарчых патрэб, у крайнім выпадку — пахаваць на месцы.

Мінпрыроды сумесна з органамі дзяржкіравання вядзе мэтанакіраваную работу па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Каля трох тысяч га зямлі заражана гэтым небяспечным пустазеллем. Асабліва пакутуюць ад яго Віцебская і Мінская вобласці. Ужо распрацаваны план мерапрыемстваў па знішчэнні баршчэўніка на 2018 год, выдзелена фінансаванне. Па словах Аляксандра Корбута, расліна гэта вельмі жывучая, і простым скошваннем вывесці яе немагчыма. Найбольш эфектыўныя ў барацьбе з баршчэўнікам сучасныя экалагічна бяспечныя хімікаты. Але самае галоўнае, каб землі, вычышчаныя ад пустазелля, былі ўведзены ў сельгасабарот. Насенне баршчэўніка захоўваецца ў глебе 10 гадоў, і калі зямля пустуе, дык яно адразу і прарастае. Пад патранатам органаў мясцовай улады прыведзены ў парадак 7889 мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы і іншых памятных месцаў, 2331 могілка.

У мінулым годзе таксама былі добраўпарадкаваны тэрыторыі 904 садовых таварыстваў, уладкаваны і адрамантаваны 1736 існуючых месцаў і зон адпачынку на водных аб'ектах, 190 — на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, створаны і ўладкаваны 15 новых месцаў і зон адпачынку на водных аб'ектах і 16 — на ААПТ. Наведзены парадак у лясах, уздоўж аўтамабільных дарог і чыгунак. Цяпер неабходна, каб дачнікі і людзі, якія адпачываюць на прыродзе, падтрымлівалі чысціню. І тут важна не толькі самім сабраць смецце і данесці яго да кантэйнера, але і дэманстраваць негатыўнае стаўленне да тых, хто на гарадской вуліцы, у лесе ці на беразе ракі паводзіць сябе па-варварску.

Аляксандр Корбут адзначыў, што за апошнія гады нашы гарады «сталі больш-менш зялёныя», таму адзін з кірункаў кампаніі па добраўпарадкаванні — азеляненне гарадоў. Ён заклікаў усіх далучыцца да кампаніі па зялёным добраўпарадкаванні.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пачні з малога — пачні з сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».