Вы тут

Што застанецца ад праекта «Культура і крэатыўнасць»?


Кнігі, анлайн-курсы і Абсерваторыя.

Ужо ў гэтым месяцы да завяршэння падыходзіць праграма «Культура і крэатыўнасць», якая на працягу двух гадоў функцыянавала ў шасці краінах Усходняга партнёрства — Грузіі, Украіне, Малдове, Арменіі, Азербайджане і ў тым ліку, канешне, у Беларусі. Гэта праект, які развіваў тэму культурнай і крэатыўнай індустрый і садзейнічаў іх развіццю, ствараў умовы для адукацыі культурных менеджараў і паказваў ім магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва, які нарэшце за два гады сваёй дзейнасці павялічыў прысутнасць культурнай дыскусіі ў краінах Усходняга партнёрства на дваццаць працэнтаў. Прасцей кажучы, праект развіваў культуру, і пэўныя дасягненні ў гэтай сферы на яго рахунку сапраўды ёсць.


На сёння праект Еўрапейскага саюза і Усходняга партнёрства «Культура і крэатыўнасць» у шасці краінах арганізаваў 252 мерапрыемствы, яго сайт наведала паўмільёна чалавек, старонка праграмы ў «Фэйсбуку» налічвае трыццаць тысяч падпісчыкаў. Ён ахапіў настолькі шырокае кола зацікаўленых, што на нефармальнае падвядзенне вынікаў дзеяння праграмы ў Беларусі, якое адбылося 18 студзеня на пляцоўцы Прэс-клуба, прыйшлі не толькі менеджары, але і мастакі, журналісты, прадстаўнікі ІT-сферы, фэшн-індустрыі, сферы адукацыі і так далей.

Большасць з іх былі непасрэдна датычныя да праекта ў два гады яго працы: праграма пачала рэалізоўвацца ў канцы 2015 года і за гэты час паспела ў розных варыяцыях ахапіць вялікую колькасць пытанняў, на якія не заўсёды звяртаюць увагу тыя інстытуцыі, што за сферу культуры адказваюць па азначэнні: уклад культурнай і крэатыўнай індустрый у эканамічнае і сацыяльнае развіццё краіны, супрацоўніцтва паміж грамадскімі і прыватнымі арганізацыямі, роля грамадства ў фарміраванні культурнай палітыкі, удзел краін Усходняга партнёрства ў еўрапейскіх праграмах ды іншае.

Дарэчы, праграма «Культура і крэатыўнасць» рэалізоўваецца праз офіс Брытанскага савета, але з той нагоды, што ў Беларусі яго няма, праектам займаліся фрыланс-менеджары (Малдове, дарэчы, таксама прыйшлося шукаць выйсце з аналагічнай сітуацыі). Каардынатар у Беларусі Аліна Дзеравянка назвала гэта адной са спецыфічных якасцяў работы праекта ў нашай краіне. «Не паўсюль праграма праходзіла раўнамерна, хоць задумвалася яна аднолькавай для шасці краін, — кажа Аліна Дзеравянка. — Але нягледзячы на тое, што Еўрапейскі саюз бачыць нас як рэгіён, відавочна, што мы развіваемся па-рознаму, у кожнага свае прыярытэты і стратэгіі».

Адным з дасягненняў праграмы «Культура і крэатыўнасць» можна лічыць шэсць нацыянальных канферэнцый, арганізаваных у розных краінах. У Беларусі яна была прысвечана супрацоўніцтву ІT-сферы і культуры (кожная краіна выбірала тэму адпаведна парадку дня) і, магчыма, сваё існаванне працягне.

У шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё культурных менеджараў, прынялі ўдзел 262 чалавекі з шасці краін. Дарэчы, некаторыя ідэі праекта датычыліся і культурнай журналістыкі.

Важным кампанентам дзейнасці «Культуры і крэатыўнасці» сталі даследаванні (некаторыя даступныя на сайце праекта culturepartnershіp.eu), якія між іншым дазволілі выявіць у культурнай сферы Беларусі выдатны чалавечы патэнцыял і актыўнае развіццё культурнай інфраструктуры, у што лёгка паверыць, гледзячы, як актыўна апошнім часам у нас з'яўляюцца новыя прасторы і адпаведна новыя гульцы сферы. І ў той жа час заўважылі, што паняцце крэатыўнай індустрыі ў беларускае заканадаўства ніяк не інтэгравана, хоць нам неабходна спрашчаць умовы для міжнароднага супрацоўніцтва і доступ да фінансавання і падтрымкі.

Каб пакінуць спадчыну, у рамках «Культуры і крэатыўнасці» пераклалі дзве кнігі — дапаможнік «Настольная кніга па праектаванні культурных цэнтраў» венгерскага даследчыка Петэра Ленія, а таксама «Футболкі і касцюмы: гід па крэатыўным бізнесе» Дэвіда Пэрыша. Абедзве кнігі цяпер можна прачытаць на беларускай мове.

Апроч гэтага на сайце праекта на васьмі мовах даступныя чатырнаццаць анлайн-курсаў, якія могуць аказацца карыснымі на розных этапах развіцця ўласных праектаў і арганізацый.

Нарэшце, яшчэ адной рэччу, што застаецца пасля заканчэння праекта, з'яўляецца Культурная абсерваторыя краін Усходняга партнёрства, якая хутка павінна стаць некамерцыйнай арганізацыяй. Гэта вялікі даследчы праект — ім займаюцца эксперты з сямі краін, — які акажа экспертную падтрымку крэатыўным індустрыям ва ўсіх шасці краінах і будзе накіраваны на тое, каб рашэнні, што прымаюцца ў галіне культуры, былі больш разумныя і абгрунтаваныя.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».