23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Гродзенскія здраўніцы рыхтуюць спецыяльны пакет паслуг для гасцей


З гэтага года ўжо чатыры гродзенскія санаторыі могуць прымаць бязвізавых турыстаў. Да «Жамчужыны» і «Нёман-72» далучыліся «Парэчча» і «Азёрны». Кожны з іх прапануе дзясяткі аздараўленчых працэдур. Для бязвізавых гасцей тут гатовы скласці гібкі комплекс рэабілітацыі да 10 дзён.


Папярэдні ўказ па 5-дзённым бязвізавым рэжыме хоць і закранаў дзве гродзенскія здраўніцы, але скарыстацца іх паслугамі за такі кароткі тэрмін замежныя турысты не паспявалі. Часу хапала толькі на тое, каб агледзець мясцовыя славутасці. Новы ўказ, які дзейнічае з гэтага года, пашырыў рамкі побыту да 10 сутак. Цяпер бязвізавыя турысты маюць магчымасць атрымаць паўнавартасны курс медыцынскай рэабілітацыі.

— Раней нашы бязвізавыя санаторыі аказвалі толькі гасцінічныя паслугі — размяшчалі гасцей на начлег, кармілі сняданкам ці вячэрай. Цяпер тэрмін побыту павялічыўся ўдвая. Ужо можна прапанаваць аздараўленчыя працэдуры, хаця звычайна наш медыцынскі курс разлічаны на 14 дзён. І мы ўносілі прапановы менавіта на гэты тэрмін. Тым не менш, нашы санаторыі распрацоўваюць праграмы згодна з новым указам, — паведаміў начальнік абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Анатоль Ганчар.

Сёлета ў бязвізавую зону трапіў шматпрофільны санаторый «Парэчча», які размясціўся ў маляўнічым сасновым бары каля возера. Тут можна прайсці курс лячэння захворванняў органаў дыхання, стрававання, абмену рэчываў, дыябету і іншых хвароб. Распрацавана праграма па зніжэнні вагі. У хуткім часе пачне аказваць паслугі цэнтр прыгажосці. На аднаўленне лячэбнай базы летась выдаткавана 700 тысяч рублёў. Санаторый вядомы сваёй мінеральнай вадой, якая здабываецца з мясцовай свідравіны, а па складзе адпавядае славутым крыніцам літоўскага курорта Друскенікі, які, дарэчы, знаходзіцца ўсяго за 18 км ад Парэчча. Шырока выкарыстоўваецца і знакамітая гаючая сапрапелевая гразь. Для бязвізавых турыстаў гатовы скласці індывідуальны комплекс рэабілітацыі, адзначыла намеснік дырэктара Таццяна Ацкевіч.

Каля ста медыцынскіх працэдур — у арсенале адной з самых вядомых у рэгіёне здраўніц — санаторыі «Азёрны». Менеджар па турызме Міхаіл Кажура расказаў, што нядаўна тут прымалі бязвізавых турыстаў. Адзін з іх — уладальнік турыстычнай фірмы з Літвы — спецыяльна прыехаў, каб пазнаёміцца з беларускай санаторнай базай, і збіраецца прапанаваць сваім кліентам адпачываць менавіта тут. Пра намер прыехаць на аздараўленне заявілі бязвізавыя турысты з Германіі.

— Хаця санаторый толькі з гэтага года ўвайшоў у бязвізавую зону, у нас напрацаваны багаты вопыт работы з замежнымі турыстамі, якія прыязджаюць з Польшчы, Літвы, Расіі. Мы адышлі ад класічнага пакета на 14 дзён і гатовы прапанаваць скарочаны варыянт. Турысты з Германіі ўжо забраніравалі нумары на 10 дзён.

У тэму

Днямі першых бязвізавых турыстаў прыняў Гродзенскі аэрапорт. Госці з дзелавым візітам прыляцелі з Польшчы. Згодна з указам № 462, транспартны калідор у бязвізавую зону з гэтага года пашырыўся. Да аўтамабільных пунктаў пропуску далучыліся чыгунка і авіяцыя. Больш за 20 бязвізавых турыстаў прыехалі на цягніку, а ўсяго з пачатку года Гродна і Гродзенскі раён наведала звыш 700 замежных грамадзян, пераважна з Літвы і Польшчы. Таксама сярод бязвізавых турыстаў ёсць жыхары Францыі, Італіі, Фінляндыі, Германіі і іншых краін.

Важным звяном у ланцужку «турыст — санаторый» з'яўляецца турыстычная фірма, якая будзе накіроўваць замежных грамадзян без віз на лячэнне і аздараўленне. У Гродне ўжо больш за 20 турфірм атрымалі сертыфікаты на гэты від дзейнасці. Тураператары зацікаўлены ў пасрэдніцкіх паслугах, яны актыўна заключаюць дагаворы з санаторыямі бязвізавай зоны.

— Мы можам самі зарэгістравацца і прайсці сертыфікацыю як тураператары, але дагавор з турыстычнымі фірмамі ўсё роўна абавязковы, — зазначыў Анатоль Ганчар. — Да таго ж кошт нашых пуцёвак не будзе меншы, чым праз турфірму. Дарэчы, кошт для ўсіх кліентаў — і беларусаў, і замежных гасцей — павінен быць аднолькавы.

Па спектры і якасці паслуг беларускія санаторыі не саступаюць еўрапейскім, лічаць прадстаўнікі санаторна-курортнага лячэння. Аздараўленчая база штогод папаўняецца і аднаўляецца. Так, летась на гэтыя мэты ў вобласці затрачана 10,5 млн рублёў. Амаль усе сродкі — з уласных фондаў. І гэта дае добры вынік. Папулярнасць аздараўленчага турызму расце і складае значную частку даходу бюджэту. Дастаткова толькі прывесці такую лічбу: на долю санаторыяў прыпадае 70% усяго экспарту турыстычных паслуг.

— Мы гатовы прыняць бязвізавых турыстаў ва ўсіх санаторыях Гродзенскай вобласці, — адзначыў Анатоль Ганчар. — Іх у нас 10, і яны маглі б стаць свайго роду свабоднай зонай для гасцей «бязвіз». Спадзяюся, што будзем рухацца ў гэтым напрамку, бо ён выгадны для краіны.

Наша даведка

За мінулы год у 10 санаторыях Гродзенскай вобласці аздаравіліся і адпачылі больш за 65 тыс. чалавек, з іх 32 % — замежныя грамадзяне. Яны пакінулі ў нашых санаторыях каля 24 млн рублёў.

Маргарыта Ушкевіч

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Санаторыі прымуць «бязвіз»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.