Вы тут

У Беларусь прыехалі дзеці з Сірыі


Цяпер у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» адпачываюць не сіроты і тыя, хто пацярпеў падчас узброенага канфлікту, а таленавітыя і адораныя юныя сірыйцы.


18 студзеня сірыйскія школьнікі наведалі Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі беларускіх вучоных.

Таму не дзіва, што, нягледзячы на ўзрост, пераможцам алімпіяд, дзецям з творчымі здольнасцямі і тым, хто мае высокія дасягненні ў спорце, асабліва цікава было пабываць у эпіцэнтры беларускай навукі. Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук расказалі ім пра гістарычны шлях вядучай навуковай арганізацыі краіны, пазнаёмілі са сваімі апошнімі распрацоўкамі і дасягненнямі.

— Гэта, безумоўна, новы вопыт для дзяцей, мы ўражаны, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні надаецца вялікае значэнне навуцы, — перакананы дырэктар Нацыянальнага цэнтра для адораных дзяцей у Сірыі Іскандэр МАНІФ. — Падлеткі якраз плануюць сваю будучыню, і многія з іх хочуць працягнуць адукацыю за мяжой, у тым ліку ў Беларусі. Учора мы наведалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе нам прэзентавалі ўсе факультэты і спецыяльнасці. У вачах многіх я разгледзеў цікавасць і жаданне тут вучыцца, і мы ўдзячны, што такая магчымасць ёсць. Увогуле Беларусь вельмі адкрыта для сірыйцаў.

Як пацвердзіў старшыня Савета маладых вучоных аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў ЮРЭЦКІ, у гэтых дзяцей высокія шанцы паступіць у ВНУ нашай краіны. «У дзяржаве створана цэлая сістэма навуковай падрыхтоўкі не толькі для беларускіх, але і замежных студэнтаў, — гаворыць навуковец. — Калі ж яны вырашаць абараніць у нас або кандыдацкую, або доктарскую дысертацыю, гэта будзе вялікі ўклад і ў беларускую, і ў сусветную навуку. Увогуле мы адкрыты да міжнароднага супрацоўніцтва з усімі краінамі. У гэты складаны для Сірыі час працягваем руку дапамогі дзецям, якія потым будуць аднаўляць сваю краіну, падымаць яе з папялішча».

Паездка ў Беларусь Амару Фаяду з Латакіі запомніцца на ўсё жыццё. Па-першае, таму, што ён упершыню за мяжой. Па-другое, ён ніколі дагэтуль не бачыў снегу. Белае покрыва, якое гэтымі днямі ахутала нашу краіну, дарэчы, здзівіла ўсіх сірыйцаў. А яшчэ многія з дзяцей адзначаюць нашу адкрытасць і добразычлівасць. Хазема Афіфа ўразілі велічныя будынкі, прыгожыя вуліцы і імклівы рух на іх. А Махамед Бакар прызнаўся, што ў Сірыі не ўбачыш як падобнай архітэктуры, так і такога высокага ўзроўню медыцыны і развіцця нанатэхналогій.

На працягу двух тыдняў, якія яны правядуць у нашай краіне, дзяцей з Сірыі плануюць як мага бліжэй пазнаёміць з беларускай культурай. У найбліжэйшы час дэлегацыя з Блізкага Усходу наведае Мірскі і Нясвіжскі замкі, Нацыянальны парк «Нарачанскі». Маленькія турысты ўжо пабывалі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета. Не забыліся арганізатары і пра тое, што ў першую чаргу гэта дзеці, таму запрасілі іх у аквапарк. У сваю чаргу, у «Зубраняці» сірыйцы пазнаёмяць беларускіх таварышаў, з якімі, дарэчы, вельмі хутка знайшлі агульную мову, з традыцыямі і нацыянальнымі адметнасцямі свайго народа.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пад уражаннем добразычлівасці і... снегу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».